Адзін з раённых судоў Чарнігаўскай вобласьці асудзіў расейскага вайскоўца на 11 гадоў пазбаўленьня волі па факце парушэньня правілаў і звычаяў вайны ў часе акупацыі Чарнігаўскай вобласьці.
Расейскі вайсковец абвешчаны ў міжнародны вышук, сваё пакараньне ён будзе адбываць ад моманту яго фактычнага затрыманьня.
Сьледзтва ідэнтыфікавала ягонае імя, але ў судовым рашэньні, згодна з украінскім заканадаўствам, прозьвішча ня згадваецца, замест яго выкарыстоўваецца словазлучэньне АСОБА_3.
Як вынікае з судовага рашэньня, расеец асуджаны за «жорсткае абыходжаньне з цывільнымі, зьвязанае зь фізычным, у тым ліку сэксуальным, і псыхалягічным гвалтам».
Гэтае злачынства расеец учыніў разам з групай іншых вайскоўцаў у вёсцы Новы Быкаў Нежынскага раёну Чарнігаўскай вобласьці ў дачыненьні да сям’і з 8 асобаў. Расейцы ўварваліся ў іхны дом з аўтаматычнай зброяй у той час, калі там знаходзіліся разам з дарослымі (7 жанчын і адзін мужчына) адна 15-гадовая дзяўчына і тры малыя хлопцы.
Расеец прымусіў мужчыну, айчыма непаўналетняй дзяўчыны, стаць на калені і пагражаў яго забіць, калі той пачне абараняць падчарку. У гэты час іншы расейскі вайсковец (супраць яго яшчэ працягваецца дасудовае сьледзтва. — РС) схапіў за рукі непаўналетнюю і прымусова вывеў у іншы пакой. Там ён яе разьдзеў — сарваў футболку, разарваў нацельную бялізну, спусьціў яе штаны да сьцёгнаў і пачаў чапаць ніз яе жывата. Адначасова ён прыгаворваў, што дзяўчына ўжо дасягнула палавой сьпеласьці і ён яе забярэ з сабой. Сьледзтва вызначыла гэтыя дзеяньні як гвалтоўнае злачынства сэксуальнага характару.
Калі маці дзяўчыны забегла ў пакой і пачала патрабаваць спыніць гвалт над сваёй дачкой, расеец адштурхнуў яе, а калі тая ўпала на падлогу, пачаў біць яе нагамі ў грудзі, пакуль яна ня страціла прытомнасьць.
Празь нейкі час маці дзяўчыны ачулася і ўсё ж змагла вырваць сваю дачку і адвесьці яе ў іншы пакой.
Яшчэ адзін расейскі вайсковец, які таксама знаходзіўся ў будынку, каб запалохаць усю сям’ю, пачаў страляць з аўтамата па сьцяне пакоя зь дзяўчынай, а потым вывеў ейнага айчыма на двор, прыставіў да ягонай галавы аўтамат і, пагражаючы забойствам, пачаў прымушаць яго выпіць гарэлку за перамогу Расеі.
Як паведамілі пацярпелыя ў судзе, усе расейскія вайскоўцы былі п’яныя. У выніку іх забрала іншая група расейцаў, якая праходзіла побач з будынкам і адрэагавала на крыкі аб дапамозе.
Гэта адбылося 15 сакавіка 2022 году.
Расейскія войскі акупавалі вёску Новы Быкаў Нежынскага раёну Чарнігаўскай вобласьці 28 лютага 2022 году. На тэрыторыю Ўкраіны расейцы ўвайшлі зь Беларусі.
Армія Расеі выйшла з Чарнігаўскай і Кіеўскай абласьцей 2 красавіка.
У канцы 2022 году ў Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што з пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі зафіксавалі 154 факты сэксуальнага гвалту. Паводле сьледчых, найбольш ад сэксуальных злачынстваў у часе расейскай акупацыі пацярпелі жыхары Кіеўскай, Данецкай і Херсонскай вобласьцяў.
Праваахоўныя органы Ўкраіны ўжо зафіксавалі 65 098 злачынстваў, учыненых расейскімі вайскоўцамі ва Ўкраіне.
15 сьнежня 2022 году Дзяржаўная Дума Расеі прыняла ў першым чытаньні законапраект, які здымае крымінальную адказнасьць за злачынствы, учыненыя на акупаваных тэрыторыях Украіны ў тым выпадку, калі яны былі зьдзейсьнены дзеля «абароны інтарэсаў Расеі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.