Неўзабаве пачнецца сэзон адпачынкаў. Варыянтаў трапіць на мора ў беларусаў засталося няшмат. Дый цэны на пуцёўкі ў параўнаньні з «даковіднымі» часамі вырасьлі як мінімум на траціну. Разьбіраемся, куды і за колькі беларусы сёлета могуць трапіць на адпачынак.
На папулярныя некалі эўрапейскія курорты, дзе любілі адпачываць беларусы — у Грэцыю, Харватыю, Чарнагорыю, Італію, Гішпанію, на Кіпр ды іншыя — па-першае, няма рэйсаў зь Менску, па-другое, патрэбны візы. Таму нават празь некалі вельмі папулярныя віленскі і варшаўскія аэрапорты трапіць на адпачынак у Эўропу ці далей паляцець лоўкостамі для многіх праблематычна.
Старшыня праўленьня Рэспубліканскага саюзу турыстычных аб’яднаньняў Руслан Сегянюк на сваім сайце днямі папярэдзіў, што праз абмежаваньні і розныя санкцыі, а таксама невялікую колькасьць кірункаў і правазных магчымасьцяў беларускі турбізнэс ня зможа задаволіць попыт беларусаў на адпачынак у 2023 годзе. Нават нягледзячы на даволі высокія цэны ў параўнаньні з суседнімі Літвой і Польшчай.
«І гэта нават з улікам таго, што кошт адпачынку падняўся, а таксама ўскладнілася лягістыка і больш часу трэба правесьці ў дарозе», — адзначыў Руслан Сегянюк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пры грашах і патрабуе адпаведнага ўзроўню сэрвісу». Партрэт сярэднестатыстычнага расейскага турыста у Беларусі ў 2022 годзеТурэччына: зь Беларусі пуцёўка ў бюджэтны гатэль каштуе ў 1,5 раза даражэй, чым з Польшчы
Для параўнаньня мы ўзялі цэны ў кампаніі Coral Travel, якая спэцыялізуецца на турах у Турэччыну, Эгіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты ды іншыя краіны.
У тур уключана пражываньне, квіткі, трансфэр, страхоўка.
Турэччына, сярэдзіна траўня. Цэны на пражываньне ў трохзоркавым гатэлі на другой і трэцяй лініях ад мора пачынаюцца ад 3 600 рублёў за тыдзень на дваіх (прыкладна 1272 даляры). Гэта самы танны варыянт.
Што тычыцца цэнаў на пуцёўкі ў Турэччыну ў польскім філіяле кампаніі Coral Travel, пералёт з Польшчы і 7 начлегаў у гатэлі стартуюць ад 1800 злотых на асобу. Такім чынам, пуцёўка на дваіх з Польшчы абыдзецца ў 3600 злотых (гэта 818 даляраў). Прыкладна ў паўтара раза таньней, чым у Беларусі. Прычым падарожнічаць у Турэччыну можна з амаль усіх буйных і нават невялікіх польскіх гарадоў: Быгдошчы, Катавіцэ, Любліна, Жэшува ды іншых. А калі пашукаць з Польшчы туры са зьніжкай, так званыя «гарачыя», можна знайсьці і таньней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі і Польшча ад 19 верасьня закрылі ўезд грамадзянам Расеі з турыстычнымі візаміТурэччына, «высокі» аксамітны сэзон, сярэдзіна верасьня. Вылет зь Менску — 7 дзён на дваіх эканом-клясы, стандартны нумар «усё ўключана» — ад 4100 рублёў. Гэта амаль на 150 даляраў даражэй, чым у траўні.
Прадстаўнік туркампаніі, якая арганізуе туры ў Турэччыну і ААЭ, раіць ахвотным паклапаціцца пра пуцёўкі загадзя.
«Беларусы заўсёды дзяліліся на дзьве процілеглыя часткі. Ёсьць людзі, якія загадзя плянуюць адпачынкі і ледзьве не за год да падарожжа рэзэрвуюць пуцёўкі, і, натуральна, маюць істотныя зьніжкі. Другая катэгорыя чакае да апошняга, і потым, калі сэзон канчаецца, думаюць, што ўскочаць у апошні вагон і, наадварот, трапяць на зьніжку. Сёлета гэта наўрад ці „пракаціць“. Перш за ўсё праз абмежаваную колькасьць чартарных рэйсаў», — тлумачыць суразмоўца.
Туры ў ААЭ і Эгіпет з суседніх Польшчы і Літвы таксама можна знайсьці амаль у паўтара раза таньней, чым зь Беларусі. Але зноў жа неабходны шэнген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экзатычныя маршруты Лукашэнкі. Па досьвед — у Зымбабвэ?Грузія: аўтобусам танна, але амаль 6 сутак у дарозе туды-назад
У даковідныя і даваенныя часы самымі бюджэтнымі варыянтамі адпачынку на моры для беларусаў былі аўтобусныя туры ў Адэскую вобласьць і Крым. Гэта ўсё праз вайну стала неактуальным.
Некаторыя беларускія турфірмы прапануюць даволі танныя аўтобусныя туры ў Грузію: праз Варонеж (з начлегам там), Ваенна-грузінскую дарогу, праз Тбілісі — Барджомі — Кабулеці. Завабліваюць па дарозе рознымі экскурсіямі, прыгожымі фотасэсіямі краявідаў на золку. З 16 дзён падарожжа абяцаюць 9 начэй на моры. У залежнасьці ад камфартабэльнасьці гатэлю, такія туры каштуюць 350-370 даляраў плюс 250 беларускіх рублёў (у суме крыху менш за 500 даляраў).
У Грузію таксама можна хутка даляцець самалётамі зь Менску: у Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Авіятур Менск — Тбілісі, далей Кахетыя і адпачынак на моры ў Батумі (альбо ў Кабулеці) на тыдзень абыдуцца ад 810 даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Беларусь стала найпрыгажэйшай краінай у сьвеце. Пра гістарычны прэцэдэнт на масавых маршах 2020-гаАднак прадстаўнікі турыстычных кампаній прапануюць ахвотным паклапаціцца пра адпачынак загадзя.
«Да прыкладу, на адно месца на курортах Грузіі ў мінулым сэзоне прэтэндавалі 2-3 беларусы, і ўсіх ахвотных перавезьці на самалётах ня здолелі. Такая тэндэнцыя мае захавацца і сёлета, бо колькасьць самалётаў у „Белавія“ не павялічыцца, а колькасьць кірункаў таксама наўрад ці вырасьце», — кажа прадстаўнік турфірмы.
Паводле афіцыйных зьвестак, зараз у парку кампаніі «Белавія» 29 самалётаў.
Беларусы, якія навучыліся вандраваць і адпачываць самастойна, без дапамогі турфірмаў, могуць арганізаваць сабе адпачынак самі: загадзя купіць квіткі на самалёт у Грузію, зарэзэрваваць жытло праз папулярныя сэрвісы. Падарожжа і адпачынак у выніку могуць быць істотна таньнейшымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імпарт футра норкі, экспарт «Кока-Колы», адпачынак у Ялце. Як Беларусь супрацоўнічае з анэксаваным КрымамТайлянд, Куба, Індыя, Мальдывы, Дамінікана, Танзанія — усё магчыма. Але з Эўропы таксама таньней
У беларусаў таксама застаецца магчымасьць трапіць і ў самыя экзатычныя краіны. Пытаньне толькі ў цане. Варыянты самыя розныя. На Кубу, у Індыю, Тайлянд, Танзанію, Занзыбар — праз Расею. На Мальдывы — праз Турэччыну альбо ААЭ.
Мы паспрабавалі высьветліць, у якую суму абыдзецца падарожжа на Кубу. Пры куплі гатовага туру ў беларускіх агенцтвах турысту прапануюць адзін з чартараў расейскіх авіякампаній, якія лятаюць на галоўныя курорты краіны — Варадэра і востраў Каё-Кока.
Апэратар «Ваяж Тур» просіць пачакаць, запытаўшыся пра дату падарожжа і пажаданьні, і абяцае падлічыць суму. Пазьней агент паведамляе:
«Раю вам паляцець на Мальдывы — гэта будзе значна таньней».
На Кубу вельмі дарагі пералёт, і за кошт гэтага тур на дваіх на тыдзень (поўны пакет) абыдзецца ў суму ня менш за 5 тысяч даляраў. На Мальдыівы — 4 тысячы. І не праз Расею, а праз Дубай альбо Стамбул. Хаця і на Мальдывы ўсё залежыць ад гатэлю, можа быць і 5, і 6 тысяч даляраў.
Польская турфірма «Ітака» прапануе туры на Мальдывы на дваіх у чэрвені на тыдзень за сумы ад 8 да 11 тысяч злотых (ад 1800 да 2000 даляраў).
«Дарэчы, на Кубу таксама можна ляцець праз Стамбул. Але цэны на Turkish Airlines „кусаюцца“. Прасьцей і значна таньней ляцець праз Мадрыд — калі ў вас ёсьць шэнген. На Кубу з Мадрыду лятаюць адразу тры авіякампаніі, і можна „злавіць“ квіткі за 600-800 эўра туды-назад», — падзяліўся сваім досьведам заўзяты падарожнік, які плянуе і арганізуе свае вандроўкі самастойна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэдні заробак у Беларусі за месяц зьнізіўся на 12%, — Белстат ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расейцы кажуць, што баяцца да нас ехаць». Дырэктарка турфірмы расказвае, што з турызмам у Беларусі