Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у Беларусі ў студзені склаў 1 684,9 рубля, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. Гэта на 230,7 рубля, або на 12%, менш, чым у сьнежні 2022 году (1915,6 рубля).
Летась у лістападзе намінальны налічаны сярэдні заробак вырас на 16,2 рубля; у кастрычніку — зьнізіўся на 0,6 рубля, у верасьні — на 28,5; у жніўні — вырас на 21,5, падлічыла BPN.
Ва ўзроўні намінальнага заробку традыцыйна ў лідэрах Менск — 2309,4 рубля (-15,3% у параўнаньні са сьнежнем). У Менскай вобласьці ён склаў 1686,8 (-10,3%), Гомельскай — 1543,1 (-8,7%), Горадзенскай — 1493 (-11,28%), Берасьцейскай — 1465,3 (-14,3%), Віцебскай — 1419,4 (-10,1%), Магілёўскай — 1384,4 (-8,2%).
Намінальны налічаны сярэдні заробак у студзені паводле сфэраў дзейнасьці, паводле Белстату:
- работнікі сэктару інфармацыі і сувязі — 4653,2 рубля,
- сфэра фінансаў і страхаваньня — 3132,2 руб.,
- прафэсійная, навуковая і тэхнічная дзейнасьць (2060,1 руб.),
- прамысловасьць (1841,6 руб.),
- транспарт і лягістыка (1685,1 руб.),
- будаўніцтва (1668,5 руб.),
- аптовы і раздробны гандаль (1497,3 руб.),
- ахова здароўя і сацыяльныя паслугі (1455,2 руб.),
- апэрацыі зь нерухомай маёмасьцю (1315,1 руб.),
- творчасьць, спорт, забавы і адпачынак (1226,6 руб.),
- сельскай, лясной і рыбнай гаспадаркі (1294,5 руб.),
- паслугі ў часовым пражываньні і харчаваньні (1207,9 руб.),
- іншыя віды паслуг (1190,1 руб.),
- сфэра адукацыі (1184,9 руб.),
- дзейнасьць у галіне адміністрацыйных і дапаможных паслуг (1126,31 руб.).
Зарплаты, паводле зьвестак Белстату, зьнізіліся ва ўсіх галінах.
24 сьнежня 2022 года прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка ў эфіры тэлеканала «Беларусь-1» заявіў, што ў краіне назіраецца «невялікае зьніжэньне даходаў насельніцтва» з улікам інфляцыі.
Як адзначаюць эканамісты, рост заробку ў канцы года — сэзонная зьява, і пасьля сьнежаньскага росту звычайна ідзе адкат.