Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі і Польшча ад 19 верасьня закрылі ўезд грамадзянам Расеі з турыстычнымі візамі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Латвія, Літва, Польшча і Эстонія з 19 верасьня ўвялі забарону на ўезд грамадзян Расеі з шэнгенскімі візамі, якія былі выдадзены ў любых краінах Эўразьвязу. Цяпер расейцы па сушы могуць перасячы мяжу з ЭЗ толькі ў Фінляндыі.

Акрамя таго, з 19 верасьня Швайцарыя прыпыніла спрошчаную выдачу візаў расейцам.

«Разам з Латвіяй, Літвой і Польшчай мы вырашылі сумесна абмежаваць магчымасьці турызму для грамадзян Расеі, каб абараніць грамадзкі парадак і бясьпеку. Цяпер немагчыма гарантаваць, што расейскія турысты, якія прыбываюць праз Эстонію ў ЭЗ, не нясуць рызыкі для бясьпекі», — гаворыцца ў заяве эстонскага МЗС.

Прэм’еры адзначылі, што паездкі ў Эўрапейскі зьвяз — гэта «прывілей, які не адносіцца да правоў чалавека». Выключэньні дзейнічаюць толькі для кіроўцаў грузавікоў, дыпляматаў і тых, хто заяжджае ў краіну з гуманітарных прычынаў.

У пачатку верасьня краіны Эўразьвязу дамовіліся прыпыніць дзеяньне пагадненьня аб спрошчанай выдачы візаў з Расеяй. Гэта прывяло да павелічэньня візавага збору з 35 да 80 эўра, неабходнасьці падачы дадатковых дакумэнтаў, павелічэньня часу афармленьня візы і ўзмацненьня жорсткасьці правілаў выдачы шматразовых візаў.

Эўрапейская камісія апублікавала рэкамэндацыі аб парадку выдачы візаў грамадзянам Расеі. У прыватнасьці, прапануецца аддаваць ніжэйшы прыярытэт заяўнікам з Расеі, якія ня маюць істотнай прычыны для паездкі ў ЭЗ, старанна правяраць усе заявы грамадзян Расеі і ўстрымлівацца ад выдачы шматразовых уязных візаў з працяглым тэрмінам дзеяньня з прычыны адсутнасьці «ўпэўненасьці ў тым, што расейскія грамадзяне будуць працягваць выконваць умовы ўезду, асабліва калі заяўленай мэтай паездкі быў турызм».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG