ДзяржТБ паказала відэа «прызнаньня» «дывэрсанта», КДБ завёў справу аб «спробе акту тэрарызму». Сабралі заявы ўладаў і рэакцыі на іх

Расейскі самалёт А-50

Кадры затрыманьня мужчыны, які, паводле вэрсіі беларускіх сілавікоў, датычны да атакі дронаў на расейскі вайсковы самалёт А-50 на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах, апублікаваў 7 сакавіка тэлеграм-канал Агенцтва тэленавінаў.

На 44-сэкундным відэа бачна, як сілавікі ў поўным абмундзіраваньні і са зброяй пранікаюць у дом. У адным з пакояў яны знаходзяць мужчыну і загадваюць яму легчы на падлогу. Затым на мужчыну надзяваюць кайданкі і заводзяць яго ў мікрааўтобус.

Як заўважае Zerkalo, у подпісе да відэа супрацоўнікі дзяржтэлеканалу назвалі затрыманага «тэрарыстам» і «агентам СБУ», які «спрабаваў зьдзейсьніць тэракт у Мачулішчах».

Таксама апублікаваны запіс са словамі затрыманага. Мяркуючы па відэа, затрыманы — Мікалай Швец, на якога некалькі дзён таму сілавікі распаўсюдзілі «арыенціроўку». Ён кажа тое, пра што сёньня раней заявіў Лукашэнка.

Раней паведамлялася, што мужчыну затрымалі ў прыватным доме ў садовым таварыстве ў Бараўлянах і што ў падвале будынку разьмяшчалася друкарня зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Аляксандар Лукашэнка 7 сакавіка заявіў, што сілавікі затрымалі «тэрарыста ўкраінскіх спэцслужбаў і ягоных памагатых», якія нібыта маюць дачыненьне да спробы дывэрсіі ў дачыненьні да самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы.

КДБ завёў крымінальную справу па факце «спробы ўчыненьня акта тэрарызму» ў Мачулішчах. Як піша дзяржаўнае тэлеграфнае агенцтва БЕЛТА, затрымана больш за 20 чалавек, у тым ліку і «выканаўца — агент украінскай спэцслужбы».

КДБ таксама зрабіў заяву, зь якой вынікае, што вінаватымі ў дывэрсіі супраць расейскага самалёта на аэрадроме ў Мачулішчах ён лічыць прадстаўнікоў беларускага падпольля. Імаверна, што ByPol у заяве КДБ фігуруе як «агентура спэцслужбаў Рэспублікі Польшча зь ліку так званых зьбеглых беларусаў — прыхільнікаў гвалтоўнага зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, актыўных удзельнікаў падзей жніўня 2020 году».

Рэакцыя ByPol

Аб’яднаньню былых сілавікоў ByPol нічога невядома пра чалавека, якога затрымалі і абвінавачваюць у датычнасьці да дывэрсіі на аэрадроме ў Мачулішчах, заявіў BPN кіраўнік абʼяднаньня, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэта па аднаўленьні законнасьці і правапарадку Аляксандар Азараў.

Ён настойвае, што пашкоджаньне самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы 26 лютага — гэта вынік апэрацыі ўдзельнікаў пляну «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ, а выканаўцы пакінулі Беларусь: «Чалавек, пра якога гаворыць Лукашэнка, нам не вядомы. Спэцслужбы пад катаваньнямі могуць каго заўгодна прымусіць прызнацца ў любых злачынствах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ByPol Азараў: Нам нічога не вядома пра чалавека, якога затрымалі праз дывэрсію ў Мачулішчах

Што выявілі праваабаронцы

На відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, — садовае таварыства «Бярозавы Гай» у вёсцы Чарцяж (Бараўлянскі сельсавет). Затрыманьне мужчыны на відэа адбылося ў суботу. Паведамляецца, што гэта Мікалай Швец, арыенціроўкі на якога распаўсюджвалі раней сілавікі.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», ягонае фота паказвалі мясцовым жыхарам на мінулым тыдні сілавікі — аднак ніхто зь вяскоўцаў гэтага чалавека ў вёсцы ніколі ня бачыў. Вяскоўцы кажуць, што на відэа фігуруе дом друкара Алега Сычова — яго разам з жонкай сілавікі затрымалі на мінулым тыдні ў гэтым самым доме. Цяпер Сычовых утрымліваюць у СІЗА КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцам стала вядома, у чыім доме затрымалі меркаванага «ўкраінскага тэрарыста»

Рэакцыя ва Ўкраіне

  • У Службе бясьпекі Ўкраіны (СБУ) не захацелі камэнтаваць «словы чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі».
  • У прэсавай службе СБУ наступным чынам адказалі на просьбу Свабоды пракамэнтаваць заявы Аляксандра Лукашэнкі 7 сакавіка: «Служба бясьпекі Ўкраіны ня мае намераў камэнтаваць словы чалавека, які называе сябе прэзыдэнтам Беларусі. Што ж датычыць любых выпадкаў „бавоўны“, то пра яе мы зможам дэталёва пагаварыць пасьля нашай перамогі», — сказалі Свабодзе ў прэсавай службе СБУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбух у Мачулішчах і зьнявагі Лукашэнкі на адрас Зяленскага — адкрыцьцё «беларускага фронту»? Аналіз экспэртаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску затрымалі спартовых стралкоў, магчыма, гэта зьвязана з ініцыдэнтам у Мачулішчах
  • У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заяву Аляксандра Лукашэнкі назвалі цынічнай, бо ён такім чынам «выстаўляе сябе ахвярай вайны і паказвае свайму насельніцтву, што ён супраць вайны, хоць ужо больш як год спрыяе расейскай агрэсіі... Паплечнік Пуціна таксама раскрыў хлусьню сваёй прапаганды, што пашкоджаньняў (самалёта) не было ўвогуле».
  • Прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Ніколенка заявіў, што «мы катэгарычна адхіляем інсынуацыі Аляксандра Лукашэнкі аб нібыта датычнасьці ўкраінскага боку да падзей на аэрадроме Мачулішчы. Відавочна, што гэта чарговая спроба стварыць штучную пагрозу з боку Ўкраіны, каб абгрунтаваць падтрымку расейскай агрэсіі. Пагрозу трэба шукаць не ва Ўкраіне, якая змагаецца за сябе і шукае міру. Яна ў Расеі, якая ўсімі сродкамі спрабуе яшчэ больш уцягнуць Беларусь у вайну, канчаткова пазбавіць яе незалежнасьці і сувэрэнітэту. Аляксандар Лукашэнка таксама дазволіў сабе грубы асабісты выпад на адрас прэзыдэнта Ўкраіны. Мы пакінем гэты акт бясьсільля без адказу».