Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ByPol Азараў: Нам нічога не вядома пра чалавека, якога затрымалі праз дывэрсію ў Мачулішчах


Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

Аб’яднаньню былых сілавікоў ByPol нічога не вядома пра чалавека, якога затрымалі і абвінавачваюць у датычнасьці да дывэрсіі на аэрадроме ў Мачулішчах, заявіў BPN кіраўнік абʼяднаньня, прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінэта па аднаўленьні законнасьці і правапарадку Аляксандар Азараў.

Ён настойвае, што пашкоджаньне самалёта А-50 на аэрадроме Мачулішчы 26 лютага — гэта вынік апэрацыі ўдзельнікаў пляну «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ, а выканаўцы пакінулі Беларусь:

«Чалавек, пра якога гаворыць Лукашэнка, нам не вядомы. Спэцслужбы пад катаваньнямі могуць каго заўгодна прымусіць прызнацца ў любых злачынствах».

Азараў лічыць, што заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што затрыманы нейкі дывэрсант, які мае дачыненьне да інцыдэнту, зьвязаныя з тым, што яму «трэба схаваць сваю ганьбу, ён адказвае асабіста перад Пуціным за ўсё, што адбываецца на тэрыторыі Беларусі».

«Акцыя мела грамадзкі рэзананс, улады адмаўлялі сам факт таго, што адбылося, а цяпер знайшлі вось такое выйсьце. Маўчаньне на працягу больш як тыдня можна расцэньваць як ускосны доказ таго, што ва ўладаў не было падазраванага. На працягу некалькіх дзён яны адпрацоўвалі бліжэйшыя населеныя пункты, прыходзілі да тых, хто мае дроны, да паляўнічых, тых, хто знаходзіцца ў іх пратэставай базе. Былі затрыманьні, частку людзей адпусьцілі», — сказаў Азараў.

Гаворачы пра пагрозы Лукашэнку «правесьці зачыстку» ў Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам, Азараў адзначыў, што «калі тое, што адбываецца ў Беларусі, яшчэ не зачыстка, дык варта чакаць узмацненьня рэпрэсій».

Словы Лукашэнкі пра датычнасьць да інцыдэнту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага Азараў ацаніў як крок да ўступленьня ў вайну супраць Кіева:

«Лукашэнка падрыхтаваў беларускае войска да вайны. Вучэньні прайшлі, праверка мабілізацыйных рэсурсаў ажыцьцёўлена, з Расеі прыехала неабходная тэхніка. Псыхалягічна армія падрыхтаваная, ідзе апрацоўка беларускіх вайскоўцаў расейскімі інтэрнет-рэсурсамі. Лукашэнка цэлы год рыхтаваўся, яму патрэбна толькі нагода. Магчыма, мэта гэтага ўсяго — знайсьці падставу для ўступленьня ў вайну».

Адказваючы на пытаньне, на каго разьлічаны пасыл Лукашэнкі пра тое, што беларускія спэцслужбы правялі спэцапэрацыю па затрыманьні дывэрсанта, але не змаглі яго адразу вылічыць, таму што ў яго было два тэлефоны, не змаглі выявіць дрон, Азараў сказаў, што Лукашэнка «проста ўвайшоў у раж, расказаў выпадкова пра тое, пра што не плянаваў»:

«Калі яго заносіць, ён паказвае сябе, становіцца відавочны невысокі ўзровень адукацыі і ведаў у вайсковай сфэры. Ён выкарыстоўвае прастамоўе, называе „высокімі тэхналёгіямі“ мабільныя тэлефоны, дроны».

Азараў лічыць, што ў сытуацыі, якая склалася, людзям у Беларусі неабходна «берагчы сябе і трымацца адзін за аднаго, разумеючы, што ўлады могуць прыцягнуць любога, таму што працуе правіла, як пры Сталіну: быў бы чалавек, артыкул знойдзецца».

  • 26 лютага зьявілася інфармацыя пра выбухі на аэрадроме Мачулішчы (Мінская вобласьць). Сьцьвярджалася, што пашкоджаны рэдкі і дарагі расейскі вайсковы самалёт А-50.
  • Абʼяднаньне былых сілавікоў ByPol заявіла, што гэта вынік апэрацыі ўдзельнікаў пляну «Перамога», якія выкарыстоўвалі дроны-камікадзэ. Кіраўнік абʼяднаньня Аляксандар Азараў зазначыў, што выканаўцы пакінулі Беларусь.
  • 28 лютага намесьнік міністра замежных спраў Юры Амбразевіч назваў гэтую інфармацыю фэйкам, аргумэнтаваўшы сваю думку «адсутнасьцю афіцыйнай рэакцыі».
  • Дзяржаўныя СМІ некалькі дзён ігнаравалі гэтую тэму, а пасьля сталі масава распаўсюджваць заявы, што самалёт спраўны.
  • 2 сакавіка праект маніторынгу вайсковай актыўнасьці «Беларускі Гаюн» паведаміў, што борт накіраваўся ў Таганрог (Растоўская вобласьць РФ) на авіярамонтны завод. Пазьней гэтую інфармацыю пацьвердзілі на самім расійскім прадпрыемстве.
  • 7 сакавіка Лукашэнка заявіў, што дывэрсанта, які пашкодзіў А-50, узялі ў «кватэры пад Бараўлянамі». Паводле яго слоў, гэта быў «тэракт», на гэты момант затрымана «больш за 20 саўдзельнікаў».
  • Лукашэнка ўсклаў віну за тое, што адбылося, на Кіеў і назваў у сувязі з гэтым прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага «гнідай».
  • За тое, што злавілі меркаванага дывэрсанта, старшыня КДБ Іван Тэртэль узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» I ступені, старшыня Дзяржпамежкамітэту Анатоль Лапо і міністар унутраных спраў Іван Кубракоў — ордэнам «За службу Радзіме» II ступені.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG