Нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі ў сваім апошнім слове ў судзе зьдзівіў многіх словамі пра прымірэньне. Трэба ўлічваць вагу кожнага слова падсуднага, за лёсам якога сочыць увесь сьвет. Заўважыўшы, што падзел у беларускім грамадзтве не фатальны, праваабаронца сказаў:
«Трэба пачаць шырокі грамадзкі дыялёг, накіраваны на нацыянальнае прымірэньне, як бы цяжка ні здавалася б камусьці пайсьці на гэта».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы «Вясны» выступілі з апошнім словам у судзе: «Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну!» Прысуд чакаецца 3 сакавікаПра захаваньне незалежнай Беларусі і беларускай мовы найперш казала жонка набэліянта Натальля Пінчук, камэнтуючы 10-гадовы прысуд мужу. Пра незалежнасьць, як адзіную перадумову вызваленьня палітвязьняў.
«Для нас вельмі важна захаваць сваю незалежнасьць і працаваць на будучыню. Беларусь абавязкова будзе вольнай. Трэба захаваць сябе, захаваць беларускасьць у сабе і, наколькі магчыма, падтрымліваць адзін аднаго ў гэтым цяжкім, небясьпечным супрацьстаяньні».
Падобную думку абгрунтаваў і разьвіў у інтэрвію Свабодзе польскі экспэрт Марэк Будзіш. Трэба перадусім думаць пра Беларусь, а не пра «дэмакратыю ўвогуле».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Стратэгія беларускай апазыцыі можа прывесьці да страты дзяржаўнасьці», — польскі экспэртУявіце сабе, што палітвязьняў і садзяць для таго, каб мяняць іх вызваленьне на адмену санкцый ці іншыя прэфэрэнцыі. Ніякага іншага «рэзону» у гэтым няма. А санкцыі ўводзяцца для таго, каб вызваліць палітвязьняў. Пры гэтым усе разумеюць, што калі гэты мэханізм не працуе, мы застаёмся ў тупіку, бо санкцыі ня шкодзяць рэжыму, але і беларусам і Беларусі не прыносяць ніякае карысьці, наадварот.
Вас можа бянтэжыць слова «гандаль», бо вы бачыце сытуацыю ў расейскім кантэксьце глябальнае справядлівасьці, дзе ніякай адказнасьці ні за што вы не несяце і несьці ня можаце.
А зірніце на справу чыста па-беларуску. Вы ўсьведамляеце адказнасьць за парадак у вашым асобным канкрэтным беларускім доме. Здаецца, усё так запушчана, што ўжо і прыбрацца немагчыма. Але рана ці позна вы ўстаяце і бярэцеся за прыборку, як бы агідна ці балюча ці лянотна вам не было. Бо вы разумееце, што гэта ваш дом і парадак у ім — ваша адказнасьць. А наяўнасьць палітвязьняў — сёньня галоўны ў доме вэрхал.
Традыцыйная беларуская прыказка «У роднай хатцы можна і ўсрацца» не перакладаецца на расейскую мову ні словамі, ні сэнсам. А прыказка якраз пра непадзельную ні з кім адказнасьць. Вы перастаяце думаць пра Расею, пра глябальнае і тэарэтычнае, пра свае крыўды і агіды, бо гэта ваш дом і толькі ад вас залежыць парадак у ім.
Што рабіць? Па-першае, дапусьціць, што многія рэжымныя людзі таксама думаюць пра выхад з крызісу і пра тое, каб захаваць краіну, дзяржаву, сваю ўладу, прынамсі. Яны цалкам усьведамляюць, што адзіная пагроза для іх (як і для вас) — гэта Расея, непрадказальная, ірацыянальная і вераломная. Адсюль сыгналы ў розныя бакі сьвету, адкрытыя пошукі ратунку ў Кітаі, што ня так моцна раздражняе Расею, як таемныя пошукі на Захадзе.
Пакуль Беларусь цэлая (што б там усярэдзіне ні адбывалася) — як яблык, яна і ёсьць сам па сабе яблык, у якім ідуць свае працэсы. Калі ж яе раскалоць-разрэзаць, яна ўжо дэсэрт, есьці які будуць іншыя.
Рэжымныя людзі шлюць свае сыгналы пра ўзаемадзеяньне. І як бы ні было брыдка («як бы цяжка ні здавалася» — Бяляцкі), трэба настроіцца на іх прыём і адказваць на іх, выкарыстоўваючы, напрыклад, тых людзей на Захадзе, якія захоўваюць кантакты з рэжымам і маюць на яго ўплыў. Крытэр выніковасьці ў гэтай справе — вызваленьне палітвязьняў. Натуральна, усіх і адразу ня вызваляць. Але ўмоўны Сігал мог бы папрасіць вызваліць умоўнага Лабковіча. А ў цэлым такі працэс (узаемадзеяньне) мацаваў бы Беларусь і яе незалежнасьць. Назавем гэта калябарацыяй праз пасярэднікаў. І прэцэдэнты таго, як гэта працуе, мы маем.
Не гуканьне акупацыі, да якой пакуль не дайшло, а гуканьне незалежнасьці — тэма гэтай вясны. Магчыма, тут хаваецца і «незразумелае» стаўленьне (ці яго адсутнасьць) Ўкраіны да беларускіх працэсаў.
У кожным разе, як слушна кажуць Натальля Пінчук і Марэк Будзіш, пакуль Беларусь цэлая як краіна і дзяржава, у яе ёсьць шанцы, нават непазьбежныя, прыйсьці да дэмакратыі. Калі ж яна страціць суб’ектнасьць (на карысьць Расеі, іншых варыянтаў няма), яна страціць і гэтыя шанцы.
У такім выпадку палітвязьняў стане шматкроць болей, бо дадасца артыкул пра здраду ўжо расейскай дзяржаве, які аб’яднае ўвогуле ўсё беларускае як злачыннае. І займацца вызваленьнем гэтых палітвязьняў, «гандляваць» імі проста ня будзе каму і з кім.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.