Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка асуджанага нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага: «Адмежавацца ад суседзяў з імпэрскім абліччам»


Каляж: Зьлева Натальля Пінчук, справа Павал Сапелка. На фота з суду, па стрэлцы гадзіньніка зьлева: Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч
Каляж: Зьлева Натальля Пінчук, справа Павал Сапелка. На фота з суду, па стрэлцы гадзіньніка зьлева: Алесь Бяляцкі, Уладзімер Лабковіч, Валянцін Стэфановіч

Лідэраў праваабарончай арганізацыі «Вясна» 3 сакавіка асудзілі на вялікія тэрміны зьняволеньня — да 10 гадоў. Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» і «фінансаваньні пратэстаў». На канале Свабода Premium пра прысуды выказаліся Натальля Пінчук, жонка асуджанага нобэлеўскага ляўрэата, заснавальніка «Вясны» Алеся Бяляцкага, і юрыст «Вясны», экс-адвакат Павал Сапелка.

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, прысудзілі 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзілі завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Натальля Пінчук:

  • Прысуд вельмі жорсткі, але калі паглядзець на прысуды ў сёньняшняй Беларусі, дык ёсьць і горшыя выпадкі — ёсьць тэрміны да 25 гадоў.
  • Сёньняшнія прысуды далі за тое, што людзі змагаліся за свабоды, за правы людзей. У судзе іх трымалі ў кайданках, бо тыя людзі, якія змагаюцца за свабоду, найбольш небясьпечныя для ўладаў.
  • Апошнім часам ад Алеся было мала лістоў, бо, магчыма, ён быў заняты судовым працэсам. З судом усё было вельмі прадказальна — на што ідуць улады і для чаго яны гэта робяць.
  • Вольны сьвет павінен паказаць, што яму важна тое, што адбываецца ў Беларусі, не выпускаць Беларусь з-пад увагі. Трэба больш актыўна дэманстраваць салідарнасьць зь беларускім народам — у першую чаргу з тымі, хто застаўся ў Беларусі; з тымі хто за кратамі, і зь іх сем'ямі.
  • Я паўтаруся: Беларусь цяпер уся за кратамі. У нашай краіне рэпрэсіі адбываюцца кожную хвіліну. Таксама падтрымка патрэбная і тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну.
  • Можа, ня ўсе мяне зразумеюць, але беларусы павінны цяпер змагацца за беларускую мову. Трэба спрабаваць перайсьці на беларускую, вучыць сваіх дзяцей, каб Беларусь адрозьнівалася ад тых суседзяў, якія хочуць даказаць, што гэта частка іх тэрыторыі.
  • Для нас вельмі важна захаваць сваю незалежнасьць і працаваць на будучыню. Беларусь абавязкова будзе вольнай. Трэба захаваць сябе, захаваць беларускасьць у сабе і, наколькі магчыма, падтрымліваць адзін аднаго ў гэтым цяжкім, небясьпечным супрацьстаяньні.
  • Сытуацыя ва Ўкраіне вельмі выразна паказала неабходнасьць стаяць за сваё, за нацыянальнае, каб адмежавацца ад тых суседзяў, якія маюць імпэрскае аблічча і квапяцца на іншыя тэрыторыі.
  • Ва Ўкраіне Расея прэзэнтавала расейскамоўнае насельніцтва як сваё. Тое ж самае тычыцца і Беларусі. Мы — беларусы, са сваёй гісторыяй, адрознай ад Расеі.
  • Антынацыянальны характар вайны супраць Украіны відавочны — на акупаваных украінскіх тэрыторыях праводзіцца палітыка дэўкраінізацыі. Трэба вучыцца на гэтых жахлівых прыкладах, каб гэта не паўтарылася ў нас на тэрыторыі Беларусі.

Павал Сапелка:

  • Маіх калег перасьледуюць і асудзілі за іх праваабарончую дзейнасьць, а не за тое, што напісана ў нейкіх дакумэнтах, якія даслалі ў суд. «Вясну» перасьледуюць як арганізацыю, якая ўжо 27 гадоў падтрымлівае каштоўнасьці правоў чалавека.
  • «Вясна» будзе далей змагацца за правы чалавека і падтрымліваць ахвяр палітычных рэпрэсій, зьбіраць зьвесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.
  • Улады зрабілі шмат, каб запалохаць беларусаў і беларусак, але ж дагэтуль нас падтрымліваюць людзі ўнутры Беларусі і дасылаюць нам сьведчаньні.
  • Дзеяньні судзьдзяў у такіх справах, як справа «Вясны», я лічу злачынствам супраць чалавечнасьці. Нашым калегам не далі ніводнай магчымасьці мець сапраўдны справядлівы суд.
XS
SM
MD
LG