Параза Расеі ў вайне з Украінай не азначае аўтаматычнай перамогі дэмакратыі над аўтарытарызмам у Беларусі. Наступствам расейскай паразы можа стаць кансалідацыя прарасейскіх сілаў у Беларусі і нават грамадзянская вайна, лічыць экспэрт польскага аналітычнага цэнтру Strartegy and Future Марэк Будзіш. Каб гэтага не адбылося, ён раіць беларускай апазыцыі зьмяніць сваю стратэгію.
Марэк Будзіш — адзін з асноўных польскіх экспэртаў па беларускай тэматыцы. У яго гістарычная адукацыя, ён працаваў у шэрагу польскіх СМІ, аўтар некалькіх кніг, адна зь якіх прысьвечаная Беларусі. Ён крытыкуе палітыку Захаду адносна Беларусі і лічыць, што калі б яна кіравалася «не душэўнымі імпульсамі, а разуменьнем сытуацыі», то была б больш эфэктыўнай.
— У 2021 годзе вы напісалі кнігу «Ілюзія свабоднай Беларусі». Што гэтая назва азначае? Бо гучыць яна вельмі пэсымістычна.
— Гэтая назва складаецца зь дзьвюх частак. Пасьля сказу, які вы прывялі, ёсьць працяг: «Як у барацьбе за дэмакратыю можна страціць радзіму». Я апісваю ў гэтай кнізе абгрунтаваныя і апраўданыя імкненьні беларусаў за свабоду, але ў той жа час прапаную задумацца: засяроджанасьць беларускага народу і апазыцыі выключна на барацьбе за дэмакратыю — ці не стварае яна небясьпекі інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі?
Трэба разумець, што геаграфічнае разьмяшчэньне Беларусі і значэньне яе для Расеі прымусяць Расею да агрэсіўных дзеяньняў. Я пісаў пра гэта яшчэ ў 2020 годзе, перад пратэстамі, але ў 2023 годзе перакананы, што гэтая дылема павінна быць яшчэ больш прысутнай у рэфлексіі над сытуацыяй у Беларусі.
На маю думку, Расея не адмовіцца ад спробаў падпарадкаваць сабе беларускую дзяржаву. Я маю на ўвазе падпарадкаваць ня толькі з палітычнага пункту гледжаньня, але і вайсковага.
У сувязі з гэтым дэмакратычныя сілы павінны задумацца над стратэгіяй сваіх дзеяньняў. Неабходна знайсьці такую форму барацьбы, каб не ствараць рызыкі расейскага ўварваньня і каб не апынуцца ў яшчэ горшай сытуацыі, чым зыходная пазыцыя.
«Расея пагражае Беларусі значна больш сур’ёзна, чым адсутнасьць дэмакратыі»
— Вы хочаце сказаць, што беларусы не павінны былі ў 2020 годзе пратэставаць супраць сфальсыфікаваных выбараў, гвалту?
— Беларусы маюць поўнае права змагацца за свабоду, як і любы народ у сьвеце. Ніводзін разумны чалавек ня ставіць гэта пад сумнеў. Але іншае пытаньне — стратэгія дасягненьня гэтага выніку. Бо з факту, што нехта мае права на свабоду, яшчэ не вынікае, што яму ўдасца гэтае права рэалізаваць.
Пасьля ўвядзеньня камуністамі ваеннага становішча ў Польшчы палякі яшчэ 8 гадоў змагаліся за свабоду, прафсаюзы і грамадзянскія правы. У 1988–1989 гадах апазыцыя зьмяніла сваю тактыку. Вынікам гэтага сталі перамены і першыя часткова свабодныя выбары ў 1989 годзе.
Апазыцыя ў той час дэманстравала стрыманасьць, калі гаварыць пра радыкалізм мэтаў. Але гэта хутка зьмянілася, паколькі зьмяніўся і агульны кантэкст.
Менавіта гэта я маю на ўвазе, калі гавару пра беларускую апазыцыю. Існуе вялікая рызыка — гэта агрэсіўная Расея, якая ваюе супраць Украіны. І нават калі Расея прайграе гэтую вайну, што яшчэ пакуль ня факт, хоць гэта даволі верагодна, яна захоча абараніць свае інтарэсы. Расея будзе імкнуцца забясьпечыць сабе такую стратэгічную пазыцыю, якая дазволіць ёй пазьней ізноў напасьці на Ўкраіну. І таму яна будзе аказваць яшчэ мацнейшы ціск на Беларусь і імкнуцца яе інкарпараваць.
На маю думку, беларуская апазыцыя павінна змагацца з гэтай пагрозай. Калі мы гаворым пра пагрозы для беларускай дзяржаўнасьці, то Расея пагражае Беларусі значна больш сур’ёзна, чым адсутнасьць дэмакратыі. Адсутнасьць дэмакратыі — гэта часовая праблема. У выпадку эўрапейскіх народаў з эўрапейскай культурай, якім бясспрэчна зьяўляецца беларускі народ, немагчыма бясконца кіраваць аўтарытарна. Тым больш тады, калі Расея будзе слабець.
На маю думку, беларусы павінны сёньня шмат энэргіі прысьвячаць тэме, як прывесьці Беларусь да свабоды, не рызыкуючы, што краіну захопіць Расея.
«Абяцаньні ўвайсьці ў Беларусь са зброяй, на маю думку, толькі кансалідуюць людзей улады вакол Лукашэнкі»
— Вы прывялі ў прыклад 80-я гады ў Польшчы. Польская апазыцыя тады выступала за дыялёг з уладай. Але, у адрозьненьне ад Лукашэнкі, генэрал Ярузэльскі на яго пайшоў. І ён, хоць і ня быў дэмакратам, усё ж не змагаўся з польскай ідэнтычнасьцю, з мовай, не русыфікаваў Польшчу.
— Так, Лукашэнка не такі чалавек. Яго палітычная будучыня пасьля ўсяго, што ён нарабіў, прадвызначаная. Ён не партнэр для перамоваў і дамоўленасьцяў, нават калі і высылае такія сыгналы. Дарэчы, на працягу апошняга году такіх сыгналаў было некалькі.
Галоўнае пытаньне цяпер у тым, ці згуртаваны цяпер уладны лягер у Беларусі, ці не пачынаюць ужо тыя людзі, якія вакол Лукашэнкі, думаць пра будучыню. Яны ўсе цудоўна бачаць, як разьвіваецца вайна паміж Расеяй і Ўкраінай, і павінны разумець, што Расея можа аслабець. А гэта азначае, што меншай стане эканамічная і вайсковая падтрымка Беларусі.
Нездарма Лукашэнка паляцеў у Пэкін. Я гэты візыт успрымаю менавіта як пошук новага патрона, які б мог эканамічна падтрымліваць гэты рэжым.
Я перакананы, што людзі з улады ўжо думаюць пра будучыню. І цяпер узьнікае пытаньне, ці адказвае на гэтую рэфлексію беларуская апазыцыя?
— З боку апазыцыі шмат гадоў гучалі заклікі да дыялёгу, перамоваў. У тым ліку і за апошнія пару гадоў. Але яны цалкам ігнараваліся.
— Асноўнае пасланьне, якое агучваюць розныя часткі апазыцыі цяпер, гэта гатоўнасьць да сілавой барацьбы. Абяцаньні ўвайсьці ў Беларусь са зброяй, на маю думку, толькі кансалідуюць людзей улады вакол Лукашэнкі. Парадаксальна, але такі наратыў не набліжае Беларусь да свабоды, а наадварот, узмацняе лягер улады. Яны пачынаюць адчуваць сябе як гангстэр, якога прыціснулі да сьцяны і ў якога толькі адзін шлях уцёкаў. Гэта, на маю думку, кідае Беларусь у абдымкі Расеі.
Я не хачу вырашаць за беларусаў, я магу толькі рэкамэндаваць. На маю думку, сёньня неабходна выклікаць падзелы ўнутры ўлады і набліжаць зьяўленьне такой групы, зь якой у будучыні можна будзе размаўляць пра пераход ад аўтарытарнай сыстэмы да дэмакратычнай.
Гэта будзе доўгі пераход. І тое, што можа аб’яднаць частку ўлады і апазыцыі, — гэта якраз рэальная пагроза з боку Расеі. І чым больш Расея будзе бачыць сваю паразу ва Ўкраіне, тым больш у яе будзе павялічвацца рашучасьць, каб разабрацца зь Беларусьсю.
«У самым крайнім выпадку можа пачацца грамадзянская вайна»
— Сёньня шмат у каго сярод апанэнтаў Лукашэнкі ёсьць перакананьне, што перамога Ўкраіны акурат пазытыўна паспрыяе дэмакратызацыі Беларусі.
— Перамога Ўкраіны не абавязкова павінна прынесьці свабоду і незалежнасьць Беларусі. У самым крайнім выпадку яна можа прынесьці грамадзянскую вайну. Яна можа таксама прынесьці агрэсіўныя дзеяньні Расеі і выбар часткі рэжыму прарасейскага напрамку, як гэта было зь Януковічам ва Ўкраіне.
— Ці бачыце вы сярод лукашэнкаўцаў такіх людзей, якія былі б гатовыя да такога дыялёгу з апазыцыяй?
— Каб размаўляць пра такі сцэнар, неабходна зрабіць некалькі важных крокаў.
Спачатку апазыцыя павінна дамовіцца сама з сабою. Неабходна, на маю думку, выкарыстаць два элемэнты, злучаючы іх разам. Я маю на ўвазе міжнародную пазыцыю Сьвятланы Ціханоўскай і пазыцыю палку Каліноўскага. Непаразуменьні паміж Ціханоўскай і ПКК аб’ектыўна аслабляюць беларускі незалежніцкі рух.
Па-другое, неабходна дамагацца, каб краіны-суседзі Беларусі распрацавалі адзіную палітыку адносна пераменаў у краіне і таго, як яны будуць падтрымліваць Беларусь у будучыні. Я лічу вельмі кепскім, што абсалютна розныя сыгналы сёньня пасылаюць Варшава і Кіеў. Гэта таксама аслабляе ўплыў беларускай апазыцыі.
Па-трэцяе, неабходна, каб беларускае пытаньне вярнулася ў парадак дня заходніх дзяржаваў. Словы Байдэна ў Варшаве, які прыгадаў пра барацьбу беларусаў за свабоду, гэта добры знак, але я ня ўпэўнены, што Захад мае нейкую супольную візію, якую палітыку неабходна праводзіць адносна Беларусі цягам месяцаў ці нават гадоў.
— Ці не пераацэньваеце вы ўплыў Захаду? Нават калі ў яго зьявіцца нейкая супольная палітыка, што гэта дасьць?
— Захад павінен распрацаваць стратэгію эканамічных пераўтварэньняў у Беларусі, каб падрыхтаваць беларускую эканоміку да рынкавых рэформаў.
Чаму Лукашэнка перамог пратэст у 2020 годзе? Найперш таму, што адбылася тэлефонная размова з Пуціным, якая кансалідавала сілавы блёк вакол Лукашэнкі. А па-другое, у Беларусі ня ўдаўся страйк, у адрозьненьне ад Польшчы ў 80-я.
У Беларусі ён ня ўдаўся, боо рабочыя разумеюць, што працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўмовах рынкавай эканомікі яны страцяць працу. А Захад і апазыцыя ня маюць пляну пераўтварэньняў. А гэта вельмі важна, бо такія працэсы вельмі балючыя.
У нас збанкрутавалі цэлыя галіны прамысловасьці, якія былі нерэнтабэльныя, беспрацоўе вырасла да 20%, а ўзровень жыцьця быў вельмі нізкі. Парадаксальна, Польшча і іншыя дзяржавы рэгіёну маглі сабе дазволіць балючую трансфармацыю, бо ў іх не было агрэсіўнага суседа, які б хацеў скарыстаць гэтыя цяжкасьці і напружаньні.
І калі ў Беларусі пачнецца трансфармацыя эканомікі, то Расея гэта скарыстае дзеля сваіх геапалітычных мэтаў. Расейскія паліттэхнолягі адкрыта гадамі гаварылі, што нават калі рэжым страціць уладу, то людзі рэжыму могуць пазьней вярнуцца ва ўладу падчас дэмакратычных выбараў, скарыстоўваючы праблемы ў эканоміцы і незадаволенасьць людзей.
Менавіта таму Захад павінен мець праграму эканамічнай трансфармацыі Беларусі.
І апошняе, па ўсіх апытаньнях мы бачым, што беларускае грамадзтва выступае супраць вайны, і прыхільнікі ўлады, і яе апанэнты. Апазыцыя мусіць гэта ўлічваць. Бо калі яна кажа, што мы вернемся са зброяй у Беларусь, гэта ня тое, чаго чакаюць беларусы. Я разумею, што гэты аргумэнт выкарыстоўваецца як інструмэнт ціску на ўладу, але калі гэта не суправаджаецца сцэнарам беларускага круглага стала, то ўплыў апазыцыі можа быць неэфэктыўны.
І пакуль уся гэтая праца ня будзе зроблена беларускай апазыцыяй, ніхто не даведаецца, ці ёсьць група ў лягеры ўлады, зь якой можна дамаўляцца. Калі такіх людзей ня будзе, тады сілавы сцэнар застанецца больш праўдападобным. Але гэта лёс, якога, як мне падаецца, Беларусь павінна пазьбегнуць любой цаной.
«У стратэгічнай геаграфіі Расеі Беларусь — найважнейшая дзяржава, больш важная, чым Украіна»
— Ці пачала б Расея вайну ў Беларусі, калі б узьнікла імавернасьць, што Беларусь сыходзіць з-пад кантролю Расеі?
— Не сумняюся, што менавіта так і было б. У стратэгічнай геаграфіі Расеі Беларусь — найважнейшая дзяржава, больш важная, чым Украіна. Па-добраму Расея не адмовіцца ад уплыву ў Беларусі, і гэта, у сваю чаргу, можа стаць прычынай ваеннага сцэнару: падзелу Беларусі або інкарпарацыі.
Дзякуючы кантролю над Беларусьсю Расея можа ўтрымліваць Калінінградзкую вобласьць. Пасьля таго як Фінляндыя і Швэцыя далучацца да NATO, гэтая вобласьць можа ўтрымлівацца выключна сухапутным шляхам празь Беларусь. У выпадку гіпатэтычнай вайны сувязь магчымая таксама выключна празь Беларусь. Калі б Беларусь выйшла з-пад кантролю Расеі, то ўтрыманьне ўсяго анкляву і вайсковага кантынгенту страчвае сэнс. Тады магчымасьці Расеі пагражаць Варшаве значна меншыя.
Беларусь — гэта ня тая геаграфічная прастора, якою можна было б падзяліцца. Тут ня можа быць супольнага інтарэсу паміж Расеяй і Захадам. Калі Расея кантралюе Беларусь, то яна пагражае Варшаве і Вільні, а таксама Ўкраіне. А калі Беларусь кантралюе Захад, ці прынамсі гарантуе, што яна сувэрэнная дзяржава, тады пагроза ёсьць для Масквы і Пецярбургу. Бо адлегласьць да іх ад беларускай мяжы настолькі малая, што дазваляе хуткае перасоўваньне.
Усё гэта паказвае, што кампраміс наконт Беларусі проста немагчымы, прынамсі ня зь сёньняшняй Расеяй. Пачытайце прадстаўнікоў «Валдайскага клюбу». Яны лічаць Беларусь найважнейшай сярод усяго, што расейцы хочуць кантраляваць. Страта Беларусі азначае для Расеі, што яна трывала выкінутая з эўрапейскай палітыкі. Яна ўжо ня зможа пагражаць Украіне і краінам Балтыі. Таму расейскія экспэрты Бардачоў і Лук’янаў адкрыта кажуць, што тое, што сёньня адбываецца, — гэта суперніцтва Захаду і Расеі за кантроль над Цэнтральнай Эўропай.
І таму Расея ня будзе глядзець склаўшы рукі, як беларусы здабываюць свабоду. Расея яшчэ дастаткова моцная, каб нарабіць шмат дрэнных рэчаў у Беларусі. І гэтая пагроза значна горшая, чым адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі.
— Магчыма, Захад нічога зь Беларусьсю ня робіць з адной прычыны — ён зьмірыўся, што гэта сфэра ўплыву Расеі?
— Так думалі пра Беларусь на Захадзе, і дзесьці яшчэ гэта засталося. Гэты погляд палягае на тым, што яны спадзяваліся наладзіць добрыя адносіны з Расеяй, а праблему, ці будзе Беларусь часткай «рускага сьвету», ці часткай цывілізацыі Захаду, лічылі другаснай.
Але вайна мяняе гэты стан рэчаў. Пачала зьмяняцца палітычная каньюнктура і бачаньне бясьпекі ў Эўропе. А Беларусь тут зьяўляецца ключом. І цяпер беларуская апазыцыя павінна гэтую каньюнктуру скарыстаць.
Зь Першай сусьветнай вайны Польшча выйшла незалежнай дзяржавай, а Армэнія — не. Армэнія мела ня горшыя ўмовы, бо амэрыканская палітыка гаварыла тады пра падзел Асманскай імпэрыі і пабудову Вялікай Армэніі. Але Армэнія гэтую гістарычную баталію прайграла. Канец вайны і перамога ворага не заўсёды запускае рэалізацыю сцэнару, які мяняе сытуацыю да лепшага.