Паўднёвая Карэя ўзмацніла жорсткасьць экспартных абмежаваньняў у дачыненьні да Беларусі і Расеі, значна пашырыўшы сьпіс тавараў, на якія яны распаўсюджваюцца, паведамляе агенцтва Yonhap.
У гадавіну ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну, урад Паўднёвай Карэі пашырыў пералік прадукцыі, якая падлягае экспартнаму кантролю пры адпраўцы ў Беларусь і Расею, у які дадаткова ўвайшоў 741 від тавараў: станкі, падшыпнікі, цеплаабменьнікі, абсталяваньне і іншае.
У Паўднёвай Карэі патлумачылі гэты крок тым, што захоўваецца высокая верагоднасьць, што гэтыя прадметы будуць выкарыстоўвацца краінамі-імпарцёрамі ў якасьці зброі і ў вайсковых мэтах, нягледзячы на тое, што яны не клясыфікуюцца як стратэгічныя прадметы ў адпаведнасьці са схемай экспартнага кантролю Паўднёвай Карэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прастой абсталяваньня, праблемы з пастаўкамі, расходнікамі», — дэпутатка пра ўплыў санкцыяў на ахову здароўя БеларусіНа рашэньне ўлад Паўднёвай Карэі адрэагавала амбасада Беларусі ў гэтай краіне:
«Амбасада са шкадаваньнем успрымае дзеяньні паўднёвакарэйскага міністэрства гандлю, прамысловасьці і энэргетыкі па пашырэньні сьпісу экспартнага кантролю ў Рэспубліку Беларусь на 741 пазыцыю тавараў. Гэтыя крокі дакладна ня будуць садзейнічаць вырашэньню крызісных зьяў у эканоміцы, з якімі сутыкаецца большасьць краін», — адзначылі ў беларускай дыпмісіі.
У канцы сакавіка 2022 года Паўднёвая Карэя першы раз увяла абмежаваньні на экспарт у Беларусь і Расею 57 нестратэгічных тавараў і тэхналёгій. Пад санкцыі тады патрапілі, у прыватнасьці, паўправаднікі і кампутарная тэхніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз падоўжыў на год санкцыі супраць беларускіх уладаў за саўдзел у вайне з Украінай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вялікі камень» не акупіўся, завод цэлюлёзы не дабудавалі. Якія кітайскія праекты былі ў Беларусі і што зь імі стала