Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз падоўжыў на год санкцыі супраць беларускіх уладаў за саўдзел у вайне з Украінай


Сьцягі ЭЗ і Ўкраіны ў Брусэлі
Сьцягі ЭЗ і Ўкраіны ў Брусэлі

Пачынаючы з кастрычніка 2020 года, Эўразьвяз прыняў шэсьць санкцыйных пакетаў супраць уладаў Беларусі. Пакет закранае 195 чалавек, уключаючы Лукашэнку і яго найбліжэйшае атачэньне.

Эўразьвяз працягнуў санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Цяпер яны будуць дзейнічаць да 28 лютага 2024 году, адпаведнае рашэньне Эўрарады 27 лютага апублікавалі ў Афіцыйным часопісе Эўразьвязу:

«Улічваючы цяжкую сытуацыю ў Беларусі, якая захоўваецца, і дачыненьне Беларусі да незаконнай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны, мэтазгодна захаваць у сіле ўсе меры, прынятыя Зьвязам», — гаворыцца ў рашэньні.

Рашэньнем таксама ўдакладнены дадзеныя некаторых фігурантаў сьпісу, у прыватнасьці гендырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага, «Беларускай калійнай кампаніі», «Сінэзісу».

У санкцыйны сьпіс унесеныя некаторыя ўдакладненыя зьвесткі фізычных і юрыдычных асоб. На мінулым тыдні эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк паведаміў, што сталыя прадстаўнікі краін ЭЗ узгаднілі працяг санкцый супраць Беларусі:

«Амбасадары ЭЗ дамовіліся аб падаўжэньні на адзін год забароны на выдачу віз і замарожваньня актываў у дачыненьні да 195 чалавек і 34 арганізацый з Беларусі, уключаючы Лукашэнку і яго найбліжэйшае атачэньне», — зазначыў ён.

Пачынаючы з кастрычніка 2020 года, Эўразьвяз прыняў шэсьць санкцыйных пакетаў супраць уладаў Беларусі. Санкцыі ўводзіліся за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае падаўленьне распачатых пасьля іх пратэстаў, прымусовую пасадку самалёта Ryanair і арышт апазыцыянэраў, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ, а таксама за дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

24 лютага Эўразьвяз зацьвердзіў 10-ы пакет санкцый супраць Расеі. Новы пакет закране фізычных і юрыдычных асобаў, адказных за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей у Расею, а таксама шэраг іншых момантаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG