«Вялікі камень» не акупіўся, завод цэлюлёзы не дабудавалі. Якія кітайскія праекты былі ў Беларусі і што зь імі стала

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Смалявіцкі раён. Архіўнае фота

Лукашэнка 28 лютага паляцеў у Кітай. Паглядзелі, як цяпер Беларусь гандлюе з Кітаем і ці пасьпяховыя беларуска-кітайскія праекты.

З 28 лютага па 2 сакавіка Лукашэнка зьбіраецца наведаць Кітай, сустрэцца са старшынём КНР Сі Цьзінпінам, абмеркаваць гандлёва-эканамічныя, інвэстыцыйныя і гуманітарныя пытаньні. Глядзім, што цяпер з эканамічнымі адносінамі Беларусі і Кітая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выправіўся ў свой 13-ы візыт у Кітай, абмеркаваў гандаль і мірны плян Пэкіну для Ўкраіны

Гандаль

867,4 мільёна даляраў — такі аб’ём экспарту зь Беларусі ў Кітай быў за 2021 год, сьвяжэйшай статыстыкі Белстат пакуль не публікаваў. Гэта ў 2,5 раза менш, чым экспарт за той жа пэрыяд у Нідэрлянды, у 1,5 раза менш, чым у Літву, і ў 2,3 раза менш, чым у Польшчу.

Беларусь за 2021 год купіла ў Кітая тавараў на 4 мільярды даляраў. Больш імпартавалі толькі з Расеі — на 23,6 мільярда даляраў. Асноўныя прадукты, якія Беларусь прадае ў Кітай, — калійныя ўгнаеньні, драўніна і прадукцыя зь яе, а таксама прадукцыя сельскай гаспадаркі. У Кітая Беларусь купляе электроніку, запчасткі і тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зброя для Расеі, мікрасхемы для ВПК, антызаходні фронт, падтрымка сэпаратызму. Экспэртка — пра таемныя мэты Лукашэнкі ў Пэкіне

Інвэстыцыі

За 2021 год, згодна зь Белстатам, у Беларусь прыйшло 104,5 мільёна даляраў інвэстыцый з Кітаю. Зь іх 73,2 мільёна прамых інвэстыцый. Зь Літвы у той жа пэрыяд часу інвэстыцый было ў 2,7 раза болей, з Польшчы — у 1,7 раза. За 2022 год афіцыйных зьвестак пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве холадна ўспрынялі мірны плян Пэкіна аб вайне Расеі супраць Украіны

Кітайскія праекты ў Беларусі

Індустрыяльны парк «Вялікі камень»

Адзін з самых расьпіяраных беларускімі ўладамі сумесных з Кітаем праектаў у Беларусі. Пагадненьне аб стварэньні індустрыяльнага парку за 25 кілямэтраў ад Менску Беларусь і Кітай падпісалі ў 2011 годзе.

У 2014 годзе парк пачаў будавацца, у тым жа годзе зарэгістравалі першага рэзыдэнта, цяпер такіх рэзыдэнтаў 107. Інвэстыцыі, згодна з інфармацыяй з сайта парку, склалі 800 мільёнаў даляраў.

Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк Вялікі камень. Транспарант на ўезьдзе

У студзені гэтага году кіраўнік індустрыяльнага парку Аляксандар Ярашэнка заявіў, што «выдаткі на парк не акупіліся».

«Калі гаварыць увогуле аб сукупнасьці ўсіх выдаткаў, пакуль яны не акупіліся. У праект укладзена больш за 800 мільёнаў даляраў», — заявіў кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Аляксандар Ярашэнка ў эфіры тэлеканалу СТВ.

Індустрыяльны парк «Вялікі камень» — гэта тэрытарыяльнае фармаваньне з плошчай 112,5 кв. м. Ён мае рэжым спэцыяльнай эканамічнай зоны.

Для параўнаньня, Парк высокіх тэхналёгій, які аб’ядноўвае ІТ-спэцыялістаў, мае больш за тысячу рэзыдэнтаў. Ягоны экспарт паслуг у 2021 годзе склаў 3,5 мільярда даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік індустрыяльнага парку «Вялікі камень» заявіў, што выдаткі на парк не акупіліся

Вытворчасьць аўтамабіляў Geely

Завод для зьбіраньня кітайскіх легкавых аўтамабіляў Geely у Беларусі адкрыўся ў 2013 годзе. Першую машыну сабралі ў лютым 2013 году, а да траўня таго ж году пасьпелі сабраць каля 30 аўтамабіляў. Аб’ём інвэстыцый у праект — каля 250 мільёнаў даляраў. Каля траціны акцый кампаніі належыць кітайскай кампаніі Geely Automobile.

Зборка аўтамабіляў Geely на прадпрыемстве BelGee каля Жодзіна. 2017

Праз санкцыі ў Беларусі цяпер амаль немагчыма купіць новы аўтамабіль эўрапейскіх вытворцаў, таму Geely па выніках 2022 году стаў лідэрам продажаў. Гэтых аўтамабіляў прадалі 4355 штук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2022 годзе ў Беларусі рэкордна ўпаў продаж легкавых аўтамабіляў

Завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

У 2012 годзе на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату пад Сьветлагорскам пачалі будаваць новы завод беленай цэлюлёзы. Падрадчыкам выступіла кітайская кампанія China CAMC Engineering Co. Адкрыцьцё заводу некалькі разоў пераносілася, а дабудоўваць яго давялося канцэрну «Беллеспаперапрам».

Кошт праекту складаў каля 850 мільёнаў долараў, зь іх 654 мільёны прыпадала на крэдыт, выдзелены ўраду Беларусі Экспартна-імпартным і Індустрыяльна-камэрцыйным банкамі Кітая. 15 жніўня 2019 году канцэрн «Беллеспаперапрам» пашырыў заяву, што будзе завяршаць будаўніцтва заводу самастойна.

Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску. 2018

Тады ж кіраўніцтва Сьветлагорскага ЦКК пачало працэдуру разрыву з кітайскімі інвэстарамі. Прычынамі называлі будаўніцтва з адставаньнем, парушэньне нормаў, факты пастаўкі бракаванага абсталяваньня. Кантракт у выніку скасавалі.

Вось што казаў пра завод тагачасны кіраўнік ураду Сяргей Румас: «Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы аб уводзе ў эксплюатацыю гэтага заводу ў IV квартале, безумоўна, будзе выкананая».

Пасьля запуску заводу мясцовыя жыхары скардзіліся на непрыемны пах і адчуваньні. У 2021 годзе плянавалі, што завод выйдзе на поўную магутнасьць у 2023 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 гадоў абяцаньняў. Як улады мадэрнізавалі Сьветлагорскі завод цэлюлёзы і што з гэтага атрымалася