Вярхоўны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў пытаньнях замежных спраў і палітыкі бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што дасягнуць спыненьня вайны ва Ўкраіне магчыма на аснове рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН і мірнага пляну, прапанаванага ўкраінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.
«Кітай прапанаваў свой „пазыцыйны дакумэнт“ аб палітычным урэгуляваньні. Ён не зьяўляецца мірным плянам і пераважна паўтарае вядомыя кітайскія пазыцыі, частку зь якіх падзяляем, а частку — не», — напісаў Жузэп Барэль у сваім блогу, апублікаваным на афіцыйным сайце эўрапейскай дыпляматыі.
У той жа час кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі дадаў, што пільна вывучаць і прааналізуюць прапановы кітайскага ўраду.
«Але ўжо цяпер зразумела, што ключавой праблемай зьяўляецца тое, што ён не адрозьнівае агрэсара ад ахвяры, ставячы бакі на адзін узровень», — адзначыў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні тысяч загінулых цывільных і вайскоўцаў, зьнішчаныя школы і тэатры. Лічбы году расейскай вайны ва Ўкраіне«Расейская вайна і напружанасьць у дачыненьнях між Кітаем і ЗША разрываюць тое, што мы часта называем „міжнародным парадкам, які грунтуецца на правілах“. Але ў той жа час большасьць краін усё яшчэ спадзяецца на тое, што ААН знайдзе рашэньне», — падкрэсьліў Жазэп Барэль.
Як у Кіеве адрэагавалі на мірны плян ад Кітаю
Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, заявіў, што абнародаваная Кітаем пазыцыя зьяўляецца добрым сыгналам патэнцыйнай гатоўнасьці ўзяць удзел у мірным урэгуляваньні.
«Аднак неабходна паглядзець на дзеяньні. Трэба дакладна зразумець, што Кітай насамрэч мае на ўвазе і што ён гатовы зрабіць, каб дапамагчы завяршыць гэтую вайну. Будзе вельмі вялікай і небясьпечнай памылкай, калі Кітай вырашыць пастаўляць любое ўзбраеньне і тое, што дапаможа расейцам і далей забіваць украінцаў, зьнішчаць цывільную інфраструктуру. І гэта будзе супярэчыць той пазыцыі мірнага ўрэгуляваньня, якую Кітай дэкляруе», — сказаў Андрэй Ярмак.
У сваю чаргу міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што ўкраінскі бок пільна вывучыць прапанаваны Кітаем мірны плян.
Лукашэнка таксама хоча абмеркаваць кітайскі мірны плян
У Беларусі анансавалі візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай. Ён адбудзецца з 28 лютага па 2 сакавіка.
У праграме візыту — перамовы Лукашэнкі і старшыні КНР Сі Цзіньпіня, шэраг сустрэч з вышэйшымі службовымі асобамі КНР, кіраўніцтвам кітайскіх карпарацый.
«У цэнтры ўвагі будуць пытаньні разьвіцьця гандлёва-эканамічнага, інвэстыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, рэалізацыя сумесных маштабных праектаў, узаемадзеяньне ў палітычнай сфэры, рэагаваньне на найбольш вострыя выклікі ў сучаснай міжнароднай абстаноўцы», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Лукашэнкі.
Перад сваёй паездкай у Пэкін у інтэрвію кітайскім СМІ Лукашэнка ў пазытыўным ключы ацаніў мірныя ініцыятывы Кітаю, якія на той момант яшчэ не былі апублікаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік украінскай выведкі: Украіна ўвесну будзе гатовая наступаць на поўдніВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.