Сьцісла:
- Захад, падтрымліваючы Ўкраіну, адмаўляе вайну як спосаб вырашэньня канфліктаў паміж дзяржавамі.
- Масква выступае за права сілы, за тое, каб вялікія дзяржавы, да якіх яна сама сябе адносіць, маглі дзяліць сьвет.
- Гэты год з пачатку вайны прадэманстраваў узрослую суб’ектнасьць невялікіх дзяржаў.
- Вайна адкрыла расейскую мэнтальную бездань.
- Парадокс Беларусі палягае ў тым, што антываенны кансэнсус, усьведамленьне гэтай вайны як «чужой» адначасова паглыбілі беларускі раскол, радыкалізавалі абодва палітычныя флянгі.
Хацеў бы прапанаваць некалькі высноваў, якія можна зрабіць на падставе вынікаў году, што мінуў з пачатку вайны.
1. Эпоха вялікіх войнаў не сышла ў мінулае. Вайна ва Ўкраіне пашырыла гарызонт магчымых катастроф, ад голаду да прымяненьня ядзернай зброі.
Рашучая рэакцыя Захаду ў падтрымцы Ўкраіны абумоўленая ня толькі адчуваньнем ваеннай пагрозы з боку Расеі. У сьвеце (ня толькі ў заходніх краінах) выклікала шок выкарыстаньне РФ вайны як інструмэнта вырашэньня палітычных пытаньняў. Пра што сьведчыць, напрыклад, апошняе галасаваньне ў Генэральнай асамблеі ААН. Захад, падтрымліваючы Ўкраіну, адмаўляе вайну як спосаб вырашэньня канфліктаў паміж дзяржавамі.
2. Драматычныя падзеі ва Ўкраіне паказалі, што міжнароднае права і інстытуты бясьпекі, якія сфармаваліся па выніках Другой сусьветнай вайны, не працуюць. Трэба фармаваць новую сыстэму, каб неяк рэгуляваць міжнародныя адносіны.
Дарэчы, з такім абгрунтаваньнем сваіх дзеяньняў выступаюць праўладныя расейскія палітолягі. Маўляў, заўсёды ў гісторыі зьмена сыстэмы міжнародных адносін і мэханізмаў бясьпекі адбывалася праз войны.
Аднак праблема ў тым, што Расея ня проста не прызнае існуючых правілаў, яна не прызнае агульнапрынятых правілаў увогуле. Масква выступае за права сілы, за тое, каб вялікія дзяржавы, да якіх яна сама сябе адносіць, маглі дзяліць сьвет, як тое рабілі лідэры краін антыгітлераўскай кааліцыі ў Ялце і Потсдаме. Калі сачыць за рыторыкай Пуціна, то ён не прызнае суб’ектнасьці невялікіх дзяржаў. Ён увесь час цьвердзіць, што Ўкраіна, таксама як і краіны Эўропы, — гэта марыянэткі ЗША.
Ну, і Беларусь, як лічаць у Маскве, гэта частка «рускага сьвету», яе прэтэнзіі на нейкую самастойнасьць недарэчныя. І любыя праявы беларускай ідэнтычнасьці абвяшчаюцца нацыяналізмам ці нават нацызмам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крок адчаю і бездапаможнай нянавісьці. Што паказаў год пуцінскай вайны ва Ўкраіне3. Між тым якраз гэты год з пачатку вайны прадэманстраваў узрослую суб’ектнасьць невялікіх дзяржаў. Менавіта гераічная абарона сваёй зямлі ўкраінцамі падштурхнула Захад да рашучай падтрымкі Ўкраіны, ператварыла Кіеў у цэнтар сусьветнай палітыкі, у які навыперадкі імкнуцца прыехаць сусьветныя лідэры. Уладзімір Зяленскі стаў чалавекам году.
А краіны Ўсходняй Эўропы (Польшча, краіны Балтыі) сталі драйвэрамі і каталізатарамі дапамогі Ўкраіне і ўвядзеньня санкцый супраць Расеі і Беларусі. Іх геапалітычная роля выявілася значна большай, чым палітычная вага да пачатку вайны. Гэта моцна адрозьніваецца ад сытуацыі, напрыклад, 1938–1941 гадоў, калі невялікія краіны сталі ахвярамі вялікіх дзяржаў без істотнага супраціву. А расейская эліта, мяркуючы па ўсім, працягвае жыць у той эпосе.
На гэтым тле выняткам выглядае Беларусь, якая ў выніку вайны імкліва страчвае сваю суб’ектнасьць.
4. Вайна адкрыла расейскую мэнтальную бездань. Дзясяткі тысяч людзей без усялякага супраціву ці нават элемэнтарнай рэфлексіі аддалі сваё жыцьцё — самае дарагое, што ёсьць у чалавека — за абсалютна незразумелыя з рацыянальнага гледзішча мэты вайны. Бо так пастанавіў Пуцін.
Здаецца, прэзыдэнт Расеі здагадваецца пра гэтую праблему і імкнецца перавесьці яе ў ірацыянальнае рэчышча. Паводле ягонага апошняга выступу перад Фэдэральным Сходам, Захад — абсалютнае зло. І, значыць, змаганьне са злом само па сабе ёсьць праявай дабра, і ня варта вылучаць нейкія канкрэтныя задачы.
5. СССР меў значна большыя рэсурсы, чым цяперашняя Расея, меў шмат саюзьнікаў, і тым ня менш прайграў у спаборніцтве з Захадам. Таму ў РФ сёньня няма шанцаў перамагчы ў гэтай канфрантацыі. Цяпер Расеі супрацьстаяць краіны, якія разам складаюць 45,9% эканомікі, 20,4% насельніцтва і 50,4% вайсковых выдаткаў сьвету. У Расеі разам зь нешматлікімі саюзьнікамі — 4,5% эканомікі, 3,3% насельніцтва і 7,4% вайсковых выдаткаў. Бюджэт ЗША на абарону — 858 мільярдаў даляраў, а ў Расеі вайсковыя выдаткі ўзрасьлі да 70 мільярдаў даляраў.
6. Распад СССР ня скончыўся, ён працягваецца. Пра што сьведчыць ня толькі вайна ва Ўкраіне, але і востры канфлікт паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, а таксама паміж Таджыкістанам і Кіргізстанам.
Вайна ва Ўкраіне паспрыяе дэзынтэграцыі постсавецкай прасторы.
7. Вынікам вайны стане не зьнішчэньне ўкраінскай дзяржаўнасьці, як плянавала Расея, а наадварот, яе ўмацаваньне. Паўстане загартаваная за час супраціву расейскай агрэсіі ўкраінская нацыя з жорсткай антырасейскай мэнтальнасьцю. Прычым добра ўзброеная, якая мае значную эканамічную і палітычную падтрымку Захаду.
Вайна запусьціла працэс інтэграцыі Ўкраіны ў ЭЗ. Без вайны такога шанцу ў Украіны не было б.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна — чужая, а Расея — не. Пяць урокаў вайны для беларусаў8. Узровень геапалітычнай палярызацыі ў Эўропе вельмі моцна памяняўся. «Шэрай зоны» паміж Захадам і Расеяй не застанецца. Вось Малдова пачала працэс выхаду з СНД. І Беларусі давядзецца рабіць жорсткі геапалітычны выбар, да якога яна зусім не падрыхтаваная.
9. Вынікам вайны стане разбурэньне ідэалягемы аб Вялікай Перамозе 1945 году. Бо культ гэтай Перамогі стаў ідэалягічным падмуркам вайны Расеі супраць Украіны. Гэты працэс ужо завяршаецца ў краінах Балтыі, Польшчы, Украіне. Беларусі і Расеі давядзецца сутыкнуцца з гэтай праблемай трохі пазьней.
10. Парадокс Беларусі палягае ў тым, што антываенны кансэнсус, усьведамленьне гэтай вайны як «чужой» адначасова паглыбілі беларускі раскол, радыкалізавалі абодва палітычныя флянгі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.