Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крок адчаю і бездапаможнай нянавісьці. Што паказаў год пуцінскай вайны ва Ўкраіне


Жыхары Расеі глядзяць выступ Пуціна. Ілюстрацыйнае фота
Жыхары Расеі глядзяць выступ Пуціна. Ілюстрацыйнае фота

Праз год пасьля пачатку расейскага ўварваньня ўсё больш відавочна: Пуцін найперш імкнуўся спыніць дрэйф Украіны ў Эўропу.

І не знайшоў лепшага інструмэнту, чым вайна, якая рэзка і беспаваротна адштурхнула абсалютную большасьць украінцаў, у тым ліку расейскамоўных, ад Расеі. А таксама каштуе і Расеі, і Ўкраіне соцень тысячаў жыцьцяў, мільярдаў даляраў стратаў, ставіць пад сумнеў будучыню пуцінскага рэжыму і нават расейскай дзяржаўнасьці як такой.

Як, напэўна, і ўсе мы, я з раніцы 24 лютага 2022 году (або зь вясны 2014-га, ці нават з 2004-га) няспынна пракручваю ў галаве і спрабую знайсьці адказ на пытаньне: чаму і навошта між Расеяй і Ўкраінай адбываецца тое, што адбываецца?

Была некалі культурная блізкасьць Расеі і Ўкраіны. Ну ці, прынамсі, пэўная ступень блізкасьці Расеі з расейскамоўнымі Кіевам, Харкавам і Данецкам.

Быў Крэмль, зацікаўлены ў тым, каб палітычна трымаць Украіну бліжэй да сябе. І быў пры гэтым натуральны, нясьпешны рух незалежнай Украіны ў Эўропу, на Захад, павольная эмансыпацыя ўкраінскай мовы і самабытнасьці.

І чым усё скончылася?

Дэградацыя адной краіны

Большую частку мінулага стагодзьдзя Расея (СССР) спаборнічала з Захадам за тое, якой мае быць палітычная і эканамічная сыстэма ўсяго сьвету. І савецкі таталітарызм прайграў заходняй лібэральнай дэмакратыі.

У постсавецкі час маштаб супрацьстаяньня зьменшыўся: размова ўжо не пра сусьветны парадак і фундамэнтальныя асновы жыцьця чалавецтва, а ўсяго толькі пра геапалітычны выбар адной канкрэтнай Украіны. І супрацьстаіць Захаду не ідэалягічная імпэрыя з уплывам на палове плянэты, а карумпаваная кампрадорская дыктатура з эканомікай памерам як у Італіі.

Постсавецкая Расея не змагла прапанаваць Украіне альтэрнатыву Эўропе, нягледзячы ні на якія нафту і газ і ні на якія эканамічныя і чалавечыя сувязі савецкіх часоў. Пры ўсёй сваёй уласнай карумпаванасьці і дэградацыі Ўкраіна, яе палітычная кляса і грамадзтва ад самога пачатку ўсьведамлялі выгаду інтэграцыі з Эўропай як з крыніцай грошай, інавацый і, галоўнае, прывабнай філязофіяй жыцьця і палітыкай.

Шлях у Эўропу быў для Ўкраіны няпэўны і ў любым выпадку меў бы расьцягнуцца на дзесяцігодзьдзі. Але Расея магла б захаваць свой доўгатэрміновы ўплыў ва Ўкраіне, толькі пагадзіўшыся з тым, што Ўкраіна будзе ісьці на Захад. А гэта патрабавала б і ад Расеі самой ісьці тым шляхам: будаваць хоць якую прававую дзяржаву з хоць якой павагай да правоў чалавека і хоць якім супрацьдзеяньнем карупцыі. Што супярэчыла б фундамэнтальным асновам пуцінскага клептакратычнага нацыяналістычнага аўтарытарызму. Ён не дараваў Міхэілу Саакашвілі пасьпяховыя антыкарупцыйныя рэформы ў Грузіі і пагатоў ня мог дараваць гэтага Ўкраіне.

І таму вайна сталася для Пуціна крокам адчаю і бездапаможнай нянавісьці. Ад бясьсільля ён вырашыў пайсьці на зьнішчэньне Ўкраіны як такой ці, прынамсі, на захоп яе нібыта прарасейскай часткі. У 2014 годзе ў яго атрымалася захапіць Крым, Данецк і Луганск. 2022 год зрабіўся жахлівым поўнамаштабным працягам вайны 2014–2015 гг.

Губляць Пуціну не было чаго: падваротня навучыла яго біць першым, калі бойка непазьбежная. У доўгатэрміновай пэрспэктыве спаборнічаць з Захадам і з Украінай, якая выбрала эўрапейскі шлях, у эфэктыўнасьці эканомікі і грамадзкіх інстытутаў Пуцін ня змог бы. Засталася толькі крывавая вайна з атамным шантажом і закідваньнем ворага гарматным мясам.

Дэградацыя адной асобы

Псыхолягі і псыхіятры калісь дадуць на гэта лепшы адказ, але складана ўявіць сабе, што асаблівасьці пэрсоны Ўладзіміра Пуціна не былі фактарам на пачатку гэтай вайны.

Неабмежаваная фантасмагарычная (і незаконна здабытая) раскоша, калі «сходят с ума от того, что им нечего больше хотеть».

Пачуцьцё ўсёмагутнасьці і беспакаранасьці нічым і нікім не абмежаванага аўтарытарнага кіраўніка, памножанае на пуцінскую параною і год ізаляцыі падчас пандэміі.

За амаль дваццаць гадоў прафэсійнага жыцьця ў Расеі я ня раз назіраў дзяцей пуцінскай эліты, якія жывуць нібы ў акварыюме і ніколі не бывалі ў маскоўскім мэтрапалітэне. Бачыў элітныя пасёлкі пад Масквой, дзе, здаецца, нават зямлю і дрэвы завезьлі аднекуль з замежжа і дзе за высокай агароджай адразу пачынаецца сапраўдная Расея — з галечай, алькагалізмам і злачыннасьцю.

Пуцін – эпіцэнтар і ўвасабленьне гэтай самазадаволенай, цынічнай, малаадукаванай культуры, якая пануе ў цяперашняй Расеі.

Вайну ва Ўкраіне мог разьвязаць толькі глыбока неадэкватны, разбэшчаны чалавек, адарваны ад рэальнасьці (як пра яго і гаварылі многія з тых, хто асабіста зь ім сутыкаўся) і пры гэтым не падкантрольны ніякім дэмакратычным інстытутам. Дональд Трамп, эксцэнтрык, схільны да аўтарытарызму і карупцыі, будучы абраны прэзыдэнтам ЗША, ня здолеў разбурыць амэрыканскую дэмакратыю. Уладзімір Пуцін за лічаныя гады зьнішчыў дэмакратыю расейскую, якая трымалася выключна на асабістай сумленнасьці Барыса Ельцына. Разбурыўшы нават фармальную сыстэму стрымліваньня і супрацьвагаў, ён кіруе паводле тых прынцыпаў, якія заклалі ў ім ленінградзкая падваротня, служба ў КДБ і кіраваньне «бандыцкім Пецярбургам» у 90-я.

Невядома, чаму ельцынскай адміністрацыі ў 1999 годзе не хапіла здольнасьці прадбачаньня, каб спрагназаваць, да чаго прывядзе прэзыдэнцтва такога чалавека, як Пуцін. Або якія змрочныя непублічныя спружыны маглі прывесьці да ўлады менавіта яго, а не кагосьці іншага. Але прарочыя здольнасьці яўна мелі аўтары не такіх ужо сьмешных цяпер жартаў ельцынскіх часоў пра «Ваймарскую Расею.

Мы ня можам ведаць, чым скончыцца гэтая вайна, чаго будзе каштаваць перамога над гэтым злом і нават ці дажывём мы да перамогі.

Адзінае, у чым мусім быць упэўненымі: нягледзячы ні на што, мы павінны яднацца вакол Украіны і вакол дапамогі Ўкраіне. Бо толькі ваенная перамога Кіева над пуцінскай Расеяй дасьць шанец як для міру ў Эўропе, так і для доўгачаканага вызваленьня Беларусі ад марыянэткавай прарасейскай тыраніі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG