Так, асабіста Лукашэнку рабіць такі рызыкоўны і непапулярны крок, пэўна, зусім ня хочацца. Але ці застаюцца ў яго сілы, каб супрацьстаяць націску Пуціна?
А тое, што Пуцін, імкнучыся пазьбегнуць паразы і разгрому, выкарыстае ўсе магчымыя і даступныя яму спосабы, сумневаў не выклікае. Што яго можа ўтрымаць ад прамога загаду Лукашэнку паслаць войскі ва Ўкраіну, калі на шалях — ягоны асабісты лёс? І «хацелкі» Лукашэнкі ў гэтым выпадку асаблівага значэньня мець ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашы ворагі — Расейская Фэдэрацыя і сатэліт Расеі Лукашэнка». Размова з намесьнікам камандзіра палка імя Каліноўскага Кабанчуком.ВІДЭАХто толькі ні прагназаваў, што беларускія вайскоўцы адмовяцца ваяваць супраць Украіны. Маўляў, нават калі ім і дадуць адпаведны загад, яны яго ці ня выканаюць, ці адразу здадуцца ў палон, ці дэзэртуюць з фронту. Такія сьцьвярджэньні зь некаторага часу ўспрымаюцца многімі як аксіёма. Хоць, уласна, чаму, на якой падставе падобныя высновы робяцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З асаблівым цынізмам. Як у Маскве складалі пляны інкарпарацыі Беларусі«Калі хоць адзін украінскі салдат прыйдзе ў Беларусь...»
Ці адбудзецца ўварваньне беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыю Ўкраіны? Пытаньне застаецца адкрытым і зусім не такім адцягнута-абстрактным і тэарэтычным, як некаторым здаецца. На чым грунтуецца аптымізм тых, хто думае, што такая імавернасьць толькі зьніжаецца? Пераважна на заспакаяльных заявах Лукашэнкі. Ну вось хоць бы на самай апошняй, зробленай 16 лютага, падчас сустрэчы з замежнымі журналістамі:
«Я гатоў разам з расейцамі ваяваць з тэрыторыі Беларусі толькі ў адным пакуль выпадку: калі хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей. Калі яны зьдзейсьняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе „жэстачайшы“. І вайна набудзе зусім іншы характар».
Ну а навошта ўкраінцам яшчэ адзін — паўночны — фронт, калі яны вымушаны весьці цяжкія жорсткія баі на ўсходзе і на поўдні Ўкраіны? Вось і прэзыдэнт Зяленскі 24 студзеня каторы ўжо раз паўтарыў:
«Мы нападаць на Беларусь не зьбіраемся і ніколі не зьбіраліся. Няма такіх намераў. Гэта галоўны сыгнал ад усяго ўкраінскага народу да беларускага народу».
Гэтыя словы ўжо каторы месяц падмацоўваюцца надзвычай асьцярожным стаўленьнем Кіева да многіх беларускіх праблемаў (тут і нежаданьне сустракацца зь Ціханоўскай, і адсутнасьць кантактаў зь беларускай апазыцыяй, і спэцыфічнае стаўленьне да некаторых санкцый адносна рэжыму Лукашэнкі). Кіеў яўна імкнецца залагодзіць Лукашэнку, заахвоціць яго не рабіць апошні крок.
Увогуле, ці не аддадзены ўжо такі загад, пэўнасьці таксама няма ніякай. Дзіўнае і шматзначнае маўчаньне абодвух саюзьнікаў пасьля іхнай апошняй сустрэчы ў Маскве можа сьведчыць пра што заўгодна.
Натуральна, сама Ўкраіна і ў думках ня мае ажыцьцяўляць нейкія ўдары ў паўночным кірунку: тут у словах Зяленскага мала хто сумняваецца. Але што за праблема арганізаваць нейкую правакацыю на мяжы і падаць яе так, нібыта адбылося якраз тое, пра што папярэджваў Лукашэнка? Зазначу, што прапагандысцкая падрыхтоўка менавіта да такога сцэнару беларускім бокам даўно вядзецца.
Зьвярніце ўвагу на тое, што заяўляў падчас нядаўняга брыфінгу з замежнымі вайсковымі аташэ памочнік міністра абароны Беларусі Валеры Равенка. Ён лічыць, што «імавернасьць узьнікненьня ўзброеных правакацый, здольных перарасьці ў прыгранічныя інцыдэнты, застаецца высокай». І што «ад нашай вытрымкі залежыць, ці застанецца ўзброены канфлікт ва Ўкраіне ў бягучых рамках або стане больш маштабным». Намёкі больш чым празрыстыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі, якое дапамагае Расеі атакаваць Украіну, заявіла пра ўласную «вытрымку» і «ўзброеныя правакацыі» з боку NATOТое, наколькі самастойны Лукашэнка ў пытаньні ўдзелу Беларусі ў вайне, ён ужо паказаў летась. За месяц да расейскага ўварваньня, 28 студзеня 2022 года, калі ўстрывожаныя чуткамі пра вайну чыноўнікі распытвалі яго, ці зьбіраецца ён уцягваць краіну ва ўзброены канфлікт, Лукашэнка не без патасу абяцаў, што вайна для беларусаў будзе «толькі ў двух выпадках: калі супраць Беларусі будзе ўчынена прамая агрэсія ці супраць нашай Беларусі будзе разьвязана гарачая вайна. ...І другі момант: калі на нашага саюзьніка — Расейскую Фэдэрацыю — ажыцьцявяць непасрэдны напад».
Хто на каго ажыцьцявіў «непасрэдны напад» і «прамую агрэсію» 24 лютага 2022 года? Ад былых высакамоўных патасных абяцаньняў Лукашэнкі пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі засталася толькі няўклюдная спроба апраўданьня, якая стала мэмам, зь якога і дагэтуль рагоча цэлы сьвет: «А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад: мапу прывёз».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Байдэн — у Кіеве. А было ж запрашэньне і зь Менску«Польшча змушае нас да вайны»
«Калі б ня мы, яны б на нас першыя напалі», — гэта звыклае апраўданьне любога агрэсара. У гісторыі войнаў ХХ стагодзьдзя яно неаднойчы гучала з вуснаў самых крывавых ваенных злачынцаў.
Калі раніцай 1 верасьня 1939 года нямецкія бюргеры разгарнулі сьвежы нумар галоўнай нацысцкай газэты Völkischer Beobachter, то даведаліся не пра тое, што Гітлер пачаў уварваньне ў Польшчу, а наадварот — пра «польскую агрэсію супраць Нямеччыны».
Газэта пісала: «Натоўп палякаў, захапіўшыся, перайшоў мяжу імпэрыі, напаў на нямецкую радыёстанцыю ў Гляйвіцы, такім чынам падпаліўшы бочку з порахам, за што палякі аднойчы расплацяцца перад гісторыяй». Усе нямецкія газэты перадрукавалі гэта паведамленьне. Загалоўкі таго дня: «Польшча змушае нас да вайны», «Нямеччына адказвае на польскія правакацыі», «Хвалюючыя словы фюрэра».
Праўду пра тую правакацыю сьвет даведаўся значна пазьней. У рэальнасьці напад на радыёстанцыю быў сплянаваны і праведзены ў адпаведнасьці з тайным загадам Гітлера. Нападнікамі былі пераапранутыя ў польскія мундзіры эсэсаўцы і вязьні канцлягераў.
Ажыцьцяўляць апэрацыю было даручана штурмбанфюрэру СС Альфрэду Наўёксу. Увечары 31 жніўня 1939 года ён разам з падначаленымі ўварваліся ў памяшканьне радыёстанцыі і пачалі страляць. Супрацоўнікаў зьвязалі і кінулі ў сутарэньне. Потым зачыталі ў эфір загадзя падрыхтаваны тэкст на польскай мове — пра тое, што палякі нібыта самі хочуць вайны і зьбіраюцца ў хуткім часе распачаць агрэсію супраць Нямеччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз штурму Крамля, без узяцьця Львова і без атакі на Дразды. Канец вайны, які многіх расчаруе«Нахабная правакацыя фінляндзкай ваеншчыны»
Падобным жа чынам Сталінскі Савецкі Саюз спрабаваў апраўдаць сваю агрэсію супраць Фінляндыі ў канцы 1939 года.
26 лістапада 1939 года савецкія газэты зьмясьцілі інфармацыю ТАСС пад назвай «Нахабная правакацыя фінляндзкай ваеншчыны». Паведамлялася, што ў мясцовасьці Майніле на Карэльскім перашыйку нібыта ў выніку фінскага артналёту былі забітыя чацьвёра чырвонаармейцаў 70-й стралковай дывізіі.
Фінскі бок імкнуўся ўсяляк пазьбегнуць канфрантацыі: даказваў, што ня мае да абстрэлу ніякага дачыненьня, прапаноўваў стварыць сумесную камісію для расьсьледаваньня. Беспасьпяхова. Ужо на наступны дзень сталінскі наркам Молатаў абвінаваціў Фінляндыю ў «жаданьні ўвесьці ў зман грамадзкую думку і пазьдзекавацца з ахвяраў абстрэлу» і заявіў, што СССР больш ня будзе прытрымлівацца Пакту аб ненападзе.
30 лістапада савецкія танкі перасяклі фінскую мяжу, а савецкія самалёты бамбілі Хэльсынкі, Вііпуры, Котке ды іншыя фінскія гарады.
Міне шмат гадоў, перш чым былы начальнік ленінградзкага бюро ТАСС Анцаловіч раскажа, што пакет з тэкстам пра «майнільскі інцыдэнт» і надпісам «расьпячатаць пасьля асаблівага распараджэньня» ён атрымаў за два тыдні да абстрэлу.
Як высьветлілася ў гады перабудовы, абстрэл, які стаў фармальнай падставай для пачатку вайны, быў праведзены для гэтага прывезенай з Ленінграда камандай НКВД у складзе 15 чалавек на чале з маёрам Акуневічам.
Вядома, нават тады, у 1939-м, мала хто ў сьвеце паверыў у прапагандысцкія прыдумкі Масквы пра тое, што фіны самі распачалі агрэсію супраць Савецкага Саюзу. Сусьветная супольнасьць прызнала СССР краінай-агрэсарам і выгнала зь Лігі Нацый.
Але ніякіх паведамленьняў пра тое, што сярод чырвонаармейцаў, якіх паслалі заваёўваць Фінляндыю (у ліку іх, дарэчы, было мноства і беларусаў, і ўкраінцаў) панавалі антываенныя настроі з тае прычыны, што яны несправядліва ўварваліся ў чужую краіну і вялі захопніцкую вайну, не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пляваць на дэмакратыю ў Беларусі. Абы яе салдаты не пайшлі ва Ўкраіну». Чаго чакаць ад дыктатара, які загаварыў пра Пакт аб ненападзеРасейскі твар беларускай арміі
Якую б фармальную прычыну ні прыдумалі ў Маскве і Менску для гіпатэтычнага далучэньня беларускай арміі да расейскай агрэсіі, увесьці ў зман кагосьці на Захадзе гэтым немагчыма. Абгрунтаваньне патрэбна найперш для ўнутранай аўдыторыі. У першую чаргу — для вайскоўцаў. Прапагандысцкая апрацоўка іх у гэтым рэчышчы вядзецца даўно, зь першых дзён вайны. Адказныя за ідэалёгію камандзіры ў беларускіх казармах пільна сочаць за тым, каб салдаты не заходзілі на непажаданыя інтэрнэт-рэсурсы і каб кожны штодня атрымліваў зь беларускіх і расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў сваю порцыю прапагандысцкай хлусьні пра «кіеўскіх укранацыстаў» і пра тое, што «Расея ні на кога не нападала, а ў разьвязваньні вайны вінаваты Захад».
Падставаў, каб сьцьвярджаць, што гэтая псыхалягічная апрацоўка асабовага складу не прыносіць ніякага плёну, няма. Увогуле, сёньняшняя беларуская армія мала чым адрозьніваецца ад расейскай. Хіба што ўзроўнем тэхнічнага забесьпячэньня і зброяй: тут з прычыны абмежаванасьці рэсурсаў расейцы яўна наперадзе (прынамсі, так было да вайны). А вось што датычыць унутраных парадкаў, армейскіх статутаў, арганізацыі службы, атмасфэры ў казармах, істотнай розьніцы няма. Абедзьве ўзьніклі на адным і тым жа савецкім падмурку, штогод праводзяць сумесныя манэўры, афіцэры абедзьвюх вучыліся ў адных і тых жа вайсковых вучэньнях і акадэміях, а генэралы і военачальнікі найчасьцей аднакашнікі, выпускнікі Акадэміі расейскага Генштабу.
І зь якой прычыны такая армія будзе паводзіць сябе на полі бою нейкім прынцыпова іншым чынам, чым расейская? Толькі таму, што беларусы ня хочуць ваяваць і ня маюць ніякага баявога досьведу? Дык расейская моладзь, якую зараз дзясяткамі тысяч прымусова мабілізуюць і кідаюць у акопы ва ўсходняй Украіне, таксама ў сваёй абсалютнай большасьці не гарыць жаданьнем ісьці ў атакі пад артылерыйскім агнём. І баявога досьведу ў яе таксама ніякага няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка спрабуе спалучыць ролі голуба міру і ваеннага саюзьніка Крамля», — Аляксандар КласкоўскіТрадыцыі СМЕРШу
Чакаць, што неабстраляныя і запалоханыя беларускія навабранцы масава пададуцца ў дэзэртыры ці пачнуць здавацца ў палон? Дык і ў беларускіх, і ў расейскіх афіцэраў наконт гэтага — жорсткія службовыя інструкцыі, якія грунтуюцца на багатым савецкім досьведзе.
Масавае дэзэртырства ці здача ў палон здараюцца там, дзе распадаецца фронт і пануе дэзарганізацыя, дзе няма жорсткіх пакараньняў, дзе слабое камандаваньне ці няма адзінаначальля. У расейскай арміі так здаралася на заключных этапах Першай сусьветнай вайны, калі пад уплывам бальшавіцкіх агітатараў армія была дэзарганізаваная і дэмаралізаваная, калі салдаты атрымалі права выбіраць сабе камандзіраў і ледзь не галасаваньнем вырашаць, ці ўступаць у бой з ворагам. Сотні тысяч расейскіх салдатаў тады пакінулі свае пазыцыі і паўцякалі дахаты.
У Чырвонай арміі масавыя здачы ў палон і дэзэртырства назіраліся на пачатку вайны, у 1941-м, калі ў выніку магутнага наступу Вэрмахту цэлыя арміі апынуліся ў акружэньні — бяз сувязі і забесьпячэньня, з дэзарганізаваным камандаваньнем, па сутнасьці, кінутымі на волі лёсу.
Зрэшты, сталінскі рэжым хутка даў рады ахвотным здавацца ў палон ці ўцякаць зь перадавой. У Чырвонай арміі ў 1941–1945 гадах было расстраляна звыш 157 тысяч чалавек. (Для параўнаньня: у нямецкім Вэрмахце за гэты ж час — каля 8 тысяч, у амэрыканскай арміі — 146 чалавек). «Загараджальныя атрады» і расстрэл дэзэртыраў перад строем у Чырвонай арміі стаў звыклай зьявай. Армейская контравыведка (СМЕРШ) атрымала ад Сталіна неабмежаваныя паўнамоцтвы — аж да расстрэлу людзей без суду і сьледзтва («па законах ваеннага часу»). І гэта адразу адбілася на колькасьці ахвотнікаў самавольна пакідаць акопы.
Гэтыя «традыцыі» і мэтады навядзеньня армейскай дысцыпліны нікуды не падзеліся. Усё больш сьведчаньняў таго, што яны выкарыстоўваюцца цяпер у расейскіх падразьдзяленьнях на ўсходзе Ўкраіны. І размова тут ня толькі пра славутыя кувалды, якія практыкуюць пры пакараньні дэзэртыраў у прыгожынскіх атрадах вагнэраўцаў.
Падразьдзяленьні сёньняшняй беларускай арміі — у пэўным сэнсе копія расейскіх. Так, з пэўнымі нюансамі. Але ў цэлым — без прынцыповых адрозьненьняў. І ў тым, што ў выпадку загаду галоўнакамандуючага яны паслухмяна перасякуць беларуска-ўкраінскую мяжу і паспрабуюць атакаваць украінскія пазыцыі, сумневу мала. Шмат гавораць і пішуць пра адсутнасьць матывацыі ў беларускіх вайскоўцаў. Дык і ў расейцаў яе ня надта шмат. Але калі стаіць выбар, заставацца ў акопе ці загінуць ад куляў сваіх жа «заградатрадаў», салдат думае не пра мэты вайны, а пра тое, як захаваць уласнае жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усякае бывае» — кіраўнік савету па правах чалавека пры Пуціну пра забойства кувалдайІншая справа, што і значных ваенных дасягненьняў ад беларускіх войскаў, нягледзячы на пагрозьлівыя заявы Лукашэнкі, чакаць не выпадае. Вынік у выпадку ўварваньня, відавочна, быў бы прыблізна тым жа, што ў расейскіх войскаў на Данбасе. Галоўная мэта Масквы тут — адцягнуць значныя ўкраінскія сілы з поўдня, аслабіць, расьцярушыць наступальны патэнцыял украінцаў.
Украінскі бок, відавочна, такога сцэнару найбольш і асьцерагаецца. Зьяўленьне паўночнага фронту, расьцягнутага амаль на тысячу кілямэтраў — надзвычай непажаданы і небясьпечны для Кіева сцэнар. Адсюль, пэўна, і такое насьцярожана-нэўтральнае стаўленьне з боку ўкраінскага кіраўніцтва да беларускіх праблемаў, да лідэраў беларускай апазыцыі. Абы Лукашэнку не пакрыўдзіць — хоць якім неасьцярожным рухам ці словам.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.