Сяргей Ціханоўскі
У траўні 2020 году вядомы на ўсю краіну блогер Сяргей Ціханоўскі заявіў аб прэзыдэнцкіх амбіцыях. Ён на момант падачы заявы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы быў у ІЧУ, адбываў чарговыя «суткі». Заяву ў Цэнтральны выбарчы камітэт падала жонка Сяргея Сьвятлана. ЦВК адмовіў у рэгістрацыі з фармальных прычынаў, маўляў, не было асабістага подпісу Ціханоўскага. Тады ініцыятыўную групу зарэгістравала сама Сьвятлана Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманьне Сяргея Ціханоўскага. Разьбіраем дэталёва. ВІДЭАБлогер пасьля выхаду з ІЧУ узначаліў ініцыятыўную групу жонкі і паехаў па краіне зьбіраць подпісы.
На пікеце ў Горадні Ціханоўскага затрымалі ў выніку канфлікту з удзелам жанчыны ў ружовай кепцы.
З 29 траўня 2020 году Ціханоўскі, якога прызналі палітзьняволеным, за кратамі. 14 сьнежня 2021 году суд у Гомлі пакараў яго паводле шэрагу артыкулаў зьняволеньнем на 18 гадоў.
11 жніўня 2022 году судзьдзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Жанна Пушкіна пастанавіла ўзмацніць рэжым і перавесьці палітвязьня ў «крытую» турму на тры гады. 10 жніўня 2022 году Сяргея перавялі ў турму ў Жодзіна, дзе на 2 месяцы зьмясьцілі ў ШЫЗА. У студзені 2023 году супраць Сяргея распачалі справу паводле ч. 2 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Яму могуць дадаць два гады да асноўнага пакараньня. Цяпер у Жодзіне ідзе суд у гэтай справе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелі, каб я агаварыў Ціханоўскага». Вялікая размова са Зьмітром ФурманавымЗьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга, Аляксандар Арановіч
На пікеце і пасьля яго ў Горадні затрымлівалі актывістаў з групы Ціханоўскага. Затрымалі ў тым ліку Зьмітра Фурманава, Яўгена Разьнічэнку, Уладзімера Кнігу і Аляксандра Арановіча.
Апошняга, жыхара Старых Дарог, суд пакараў 6 гадамі пазбаўленьня волі за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
Горадзенскі суд таксама асудзіў іншых удзельнікаў пікету: Зьміцера Фурманава на 2 гады калёніі, Яўгена Разьнічэнку — на 3,5 года калёніі, Уладзіміра Кнігу — на 4 гады калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стала праз год з удзельнікамі пікету ў Горадні, на якім затрымалі ЦіханоўскагаРазьнічэнка і Кніга яшчэ адбываюць пакараньне. Зьміцер Фурманаў адбыў свой тэрмін і выйшаў на волю. У дзень вызваленьня ён выехаў з Беларусі. Спачатку ў Кіеў, затым у Вільню. Там ён у ліпені 2022 году пабраўся шлюбам са сваёй нявестай Вольгай Каракінай.
«Я не зьбіраўся выяжджаць, прычым адразу пасьля вызваленьня. Але пагутарыў з Воляй, бацькамі і зразумеў, што так будзе лепш. Цяпер я бачу, што яны мелі рацыю. Бо маглі б зноў пасадзіць. Ды потым пачаўся міграцыйны крызіс на мяжы, затым вайна, выехаць было б цяжэй пазьней», — кажа Зьміцер.
Ён і Вольга атрымалі ў Літве статус уцекачоў. Зьміцер вывучыўся на праграміста і шукае працу, Вольга дызайнэрка. Фурманаў кажа, што да 2020 году сачыў за палітычнымі падзеямі ў краіне, але «пасіўна». У 2020 годзе далучыўся да каманды Ціханоўскага.
«Я цяпер, як і раней, у калёніі, ні пра што не шкадую. Бо я нічога кепскага не зрабіў. Я лічу, што добра рабіў сваю справу. Пра што тады шкадаваць? У 2020 годзе, калі мы пачалі зьбіраць подпісы, мы нават не абмяркоўвалі, што нас могуць затрымаць і што тады рабіць, як сябе паводзіць. Мабыць, трэба было і гэта абмяркоўваць. Але тады на гэта папросту не было часу», — успамінае былы палітвязень.
Ён кажа, што разам з жонкай спадзяецца, што рэжым Лукашэнкі «надта доўга не працягне» і палітычныя эмігранты вернуцца ў Беларусь. «Мы маем надзею, што вернемся ў нашу Горадню і ўсё будзе добра», — кажа Зьміцер.
МіліцыянтУладзімер Казлоўскі
Ён быў адным з «пацярпелых» на пікеце. Казлоўскі паваліўся на зямлю падчас тузаніны на плошчы ў Горадні. Гэта ягоны здымак абляцеў тады СМІ. Міліцыянт скурчыўся і сядзеў на лавачцы, нібыта пабіты. Пазьней, на судзе ў Фурманава, Кнігі і Разьнічэнкі ён запатрабаваў пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 8 тысяч рублёў з Разьнічэнкі.
Уладзімер Казлоўскі па-ранейшаму працуе ў міліцыі і нават атрымаў павышэньне па службе. У 2020-2021 годзе ён актыўна пісаў заявы на беларусаў, якія абразілі яго ў сацыяльных сетках. На адным з судоў міліцыянт заявіў, што ў інтэрнэце на яго напісаны «тысячы абразаў». Па заявах Казлоўскага на беларусаў заводзілі крымінальныя справы. Кожны раз ён падаваў пазоў пра маральную шкоду і атрымліваў кампэнсацыі за «маральныя пакуты».
Напрыклад, у кастрычніку 2021 году жыхара Менску Андрэя Васілеўскага пакаралі «хатняй хіміяй» за зьнявагу міліцыянта Казлоўскага. На судзе пацярпелы заявіў, што камэнтар абвінавачанага «дыскрэдытаваў яго ў вачах грамадзкай думкі, нанёс удар па аўтарытэце, прынізіў прафэсійныя якасьці».
Некаторыя суды па абразе Казлоўскага праходзілі паказальна. Суд Савецкага раёну Гомля пакараў трыма гадамі «хіміі» жыхара Гомля Андрэя Дзямідава. Працэс праходзіў у будынку Міжнароднага ўнівэрсытэту «МИТСО». З жыхара Гомля міліцыянт спагнаў 1500 рублёў.
У судзе Ленінскага раёну Менску на тры гады «хатняй хіміі» асудзілі Руслана Літвіна. Зь яго таксама спагналі 1500 рублёў на карысьць пацярпелага Казлоўскага.
У Баранавічах за абразу Казлоўскага «хатняй хіміяй» на паўтара года пакаралі Сьвятлану Анціпкіну. Пацярпеламу яна пералічыла 800 рублёў як кампэнсацыю маральных пакут.
У Оршы за абразу гэтага міліцыянта Аляксандру Анташкевічу далі паўтара года «хіміі» і тысячу рублёў маральнай шкоды, нанесенай Казлоўскаму. Пацярпелы казаў, што ён адчуў «эмацыйныя перажываньні нэгатыўных пачуцьцяў».
Жанчына ў ружовай кепцы Алена Кузьміна
Адной з ключавых роляў на пікеце ў Горадні выканала «жанчына ў ружовай кепцы». Менавіта яна прычапілася да Сяргея Ціханоўскага і распачала канфлікт, у які былі «вымушаныя» ўмяшацца міліцыянты. Жанчына скардзілася міліцыянтам, што Ціханоўскі не адказвае на яе пытаньні. Пазьней СМІ ідэнтыфікавалі ўдзельніцу пікету. Ёй апынулася жыхарка Менску Алена Кузьміна.
Ужо пасьля жніўня 2020 году згуртаваньне былых сілавікоў ByPol апублікавала схему, паводле якой затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Удзельнічалі ў ёй Алена Кузьміна, якая мела мянушку «Ламбада», і супрацоўнік ГУБАЗіКу, які пад пагрозай адабраньня дзіцяці прымусіў Кузьміну прыняць удзел у правакацыі.
Газэта «Народная воля» у 2021 годзе зьвязалася з Кузьміной.
«Я не магу вам усяго сказаць, але адмовіцца я не магла. Усё выставілі так, быццам я хацела яму нашкодзіць, але ніхто не падумаў, што ратавала», — сказала ў інтэрвію Кузьміна.
Яна сьцьвярджала, што «ўладзе гэта (маецца на ўвазе збор людзей у цэнтры гораду) ня трэба было, арганізатар усяго — ФСБ, а ў мяне былі проста сувязі ў Расеі». Кузьміна дадала, што «адмовіцца я не магла». Наконт таго, што яна ратавала Ціханоўскага, яна патлумачыла: «Лепш так, чым ляжаць закапаным у зямлі».
Яна выказалася і пра палітычную сытуацыю ў Беларусі. «Вось вы ўспомніце гісторыю з Барысам Нямцовым або Аляксеем Навальным. Гэтымі людзьмі можна захапляцца. І паглядзіце, як прыбралі таго ж Нямцова. А што робяць з Навальным. Я шчыра хацела, каб прэзыдэнтам стаў Віктар Бабарыка. Разумны інвэстар, мэтанакіраваны», — сказала ў 2021 годзе Кузьміна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыянта, падзеньне якога стала прычынай арышту Ціханоўскага, абразілі тысячу разоўЗатрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).
ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);
ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;
ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.