Расею афіцыйна пазбавілі права правядзеньня чэмпіянату сьвету ў плаваньні ў 2025 годзе, які па рашэньні міжнароднай фэдэрацыі World Aquatics мелі правесьці ў Казані (Рэспубліка Татарстан, Расейская Фэдэрацыя). Цяпер чэмпіянат перанесьлі ў Сынгапур, паведаміла агенцтва Associated Press.
Казань другі раз зьбіралася прыняць чэмпіянат сьвету, упершыню гэта адбылося ў 2015-м. Тады, нягледзячы на анэксію Крыму і акупацыю частак Данецкай і Луганскай абласьцей, Расеі ўдалося прыняць сусьветны плывецкі форум.
Міжнародны алімпійскі камітэт раней прасіў спартовыя фэдэрацыі не праводзіць спаборніцтвы ў Расеі пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Скандынавіі і мэр Парыжу выказаліся супраць вяртаньня беларускіх і расейскіх спартоўцаў на Алімпіяду«У Сынгапуры ёсьць усё, чым мы спадзяёмся падзяліцца з нашымі спартоўцамі: аб’екты сусьветнай клясы, досьвед правядзеньня спаборніцтваў найвышэйшай якасьці і комплексны падыход да водных відаў спорту — ад элітнага ўзроўню да масавага», — сказаў прэзыдэнт World Aquatics Хусэйн аль-Мусалам у сваёй заяве, у якой Расею не згадаў.
Цяпер МАК схіляецца да таго, каб дазволіць расейскім і беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе-2024 у Парыжы пад нэўтральным сьцягам. Гэта выклікала супраціў ва Ўкраіне і спрычынілася да першых заклікаў байкоту Гульняў. Канчатковае рашэньне ў гэтым пытаньні прымуць улетку 2023 году, за год да старту Алімпіяды.
Пакуль жа з Расеі перанесьлі яшчэ адзін чэмпіянат сьвету, а ў некаторых відах спорту расейцаў і беларусаў не дапускаюць да міжнародных турніраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт МАК папярэдзіў Украіну пра адказнасьць за байкот Алімпіяды ў Парыжы ў выпадку дапушчэньня расейцаў і беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША падтрымалі допуск расейскіх і беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды-2024