Алімпійскія камітэты і фэдэрацыі спорту Паўночных краін і земляў — Нарвэгіі, Швэцыі, Даніі, Фінляндыі, Ісьландыі, Грэнляндыі, Фарэрскіх і Аляндзкіх астравоў — зьвярнуліся ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і запатрабавалі не вяртаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы.
«Сытуацыя ва Ўкраіне не зьмянілася. Таму мы трывала стаім на сваёй пазыцыі, не дазваляць расейскім і беларускім спартоўцам і афіцыйным асобам удзел у міжнародных відах спорту. Цяпер ня час думаць аб іх вяртаньні. Гэта нашая пазыцыя», — гаворыцца ў заяве.
Заяву накіравалі ў МАК, эўрапейскія алімпійскія камітэты, Асацыяцыю нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, Міжнародны паралімпійскі камітэт і эўрапейскія паралімпійскія камітэты.
МАК 25 студзеня дапусьціў магчымасьць вяртаньня спартоўцаў з Расеі і Беларусі на міжнародныя спаборніцтвы пры выкананьні шэрагу ўмоў.
Украіна: ня можа быць нэўтралітэту, пакуль Расея вядзе вайну
«На Алімпійскіх гульнях ня можа быць нэўтралітэту, пакуль Расея вядзе вайну, забівае ўкраінскіх спартоўцаў і зьнішчае спартовую інфраструктуру. Украіна ня згодная з рэкамэндацыямі Міжнароднага алімпійскага камітэту адносна магчымага допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў пад нэўтральным сьцягам на Алімпіяду ў Парыжы», — заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль на пасяджэньні ўраду 7 лютага.
«За гады вайны загінулі больш за 200 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў, больш за 120 спартовых аб’ектаў разбураны варожымі ракетамі і артылерыяй, больш за 300 спартовых школ спынілі сваё існаваньне, 150 тысяч спартоўцаў ня маюць умоў для трэнаваньняў. Гэта больш чым дастатковы аргумэнт для таго, каб спартоўцаў з Расеі і Беларусі не пускаць ні на якія спартовыя спаборніцтвы, а тым больш на Алімпіяду».
Шмыгаль падкрэсьліў, што прэзыдэнт Украіны, Вярхоўная Рада, Урад і Нацыянальны алімпійскі камітэт Украіны маюць кансалідаваную і выразную пазыцыю ў гэтым пытаньні.
Мэр Парыжу супраць удзелу расейцаў у Алімпіядзе-2024
Мэр Парыжу Ан Ідальго выступіла супраць удзелу расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024, якая пройдзе ў францускай сталіцы. У этэры Franceinfo Ідальго заявіла, аднак, што робіць выключэньні ў сваім падыходзе.
«Пакуль Расея будзе працягваць вайну супраць Украіны, я не хачу, каб на парыскай Алімпіядзе была расейская дэлегацыя. Гэта недапушчальна».
Яна дадала, што тыя расейцы, хто не падтрымлівае Пуціна і ягоную палітыку, могуць выступіць на гульнях пад нэўтральным сьцягам.
Пра беларускіх спартоўцаў Ан Ідальго не выказвалася.