Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт МАК папярэдзіў Украіну пра адказнасьць за байкот Алімпіяды ў Парыжы ў выпадку дапушчэньня расейцаў і беларусаў


Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах
Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах

Прэзыдэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах заклікаў Украіну адмовіцца ад пагроз байкатаваць Алімпіяду-2024 за ўдзел у ёй расейскіх і беларускіх спартоўцаў.

Украіна спадзяецца атрымаць шырокую міжнародную падтрымку для забароны выступленьня расейскіх і беларускіх спартоўцаў пасьля таго, як МАК выказаў ідэю пра допуск для спаборніцтваў у Парыжы ў якасьці нэўтральных, піша Reuters.

Спартоўцы з Расеі і Беларусі адхіленыя ад шматлікіх міжнародных спаборніцтваў пасьля шырокамаштабнай інтэрвэнцыі Масквы ва Ўкраіну.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў МАК забараніць Расеі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях, а алімпійскія органы і заканадаўцы паўночных і балтыйскіх краін падтрымалі Ўкраіну.

У лісьце да прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту Ўкраіны (НАК) Вадзіма Гутцайта Томас Бах тады назваў заявы аб тым, што вяртаньне расейскіх і беларускіх спартоўцаў на Гульні будзе спрыяць уварваньню, «паклёпніцкімі».

Цяпер МАК заявіў, што байкот будзе парушэньнем Алімпійскай хартыі і што ўключэньне расейцаў і беларусаў заснавана на рэзалюцыі ААН супраць дыскрымінацыі ў алімпійскім руху.

«Удзел нэўтральных спартоўцаў з расейскім або беларускім пашпартам на Алімпійскіх гульнях у Парыжы 2024 году пакуль нават не абмяркоўваўся канкрэтна», — сказаў Бах.

«Такім чынам, ваш ліст вашым калегам з НАК, міжнародным фэдэрацыям, членам МАК і будучым гаспадарам Алімпійскіх гульняў, які аказвае на іх ціск у спробе публічна паўплываць на прыняцьце імі рашэньняў, быў успрыняты пераважнай большасьцю зь іх як мінімум са шкадаваньнем».

У мінулым месяцы МАК абвясьціў, што атлетам дзьвюх краін можа быць дазволена заваёўваць месцы на Алімпійскія гульні праз азіяцкую кваліфікацыю і спаборнічаць як нэўтральныя ўдзельнікі, безь сьцягоў і гімнаў.

Сумесная заява ўкраінскіх спартоўцаў

У сумеснай заяве ўкраінскія спартоўцы заявілі, што ня могуць пагадзіцца са спробамі МАК «аб’яднаць увесь сьвет у мірным спаборніцтве», вітаючы расейскіх і беларускіх спартоўцаў зь вяртаньнем у алімпійскі рух.

«У лісьце да прэзыдэнта Гутцайта гаворыцца, што „ўкраінскія спартоўцы могуць і далей разьлічваць на поўную салідарнасьць з боку ўсяго алімпійскага руху“. Якую салідарнасьць МАК выказвае гэтым рашэньнем?» — спыталі ўкраінскія атлеты.

«Ва ўкраінцаў няма цікавасьці бачыць ваенных злачынцаў на Гульнях пад маскай нэўтральнага сьцяга. Аб’яднаньне сьвету празь мірнае спаборніцтва — гэта ўтапічны погляд, які адмаўляе ролю спорту ў геапалітыцы і ігнаруе тое, як спорт звычайна выкарыстоўваецца як інструмэнт аўтарытарных дзяржаў».

Яны дадалі, што МАК «узнагароджвае агрэсію» Ўладзіміра Пуціна і што алімпійская арганізацыя «павінна выбраць бок» у вайне. Пакуль жа ў Кіеве лічаць, што Масква па-ранейшаму мае вялікі ўплыў на МАК.

Мэр Парыжу Ан Ідальго заявіла, што немагчыма ўявіць, каб расейскія спартоўцы маршыравалі ў складзе дэлегацыі, пакуль «на Ўкраіну ўсё яшчэ сыплюцца бомбы». Пры гэтым яна ня супраць выступленьня расейцаў і беларусаў пад нэўтральным сьцягам.

Арганізатары Алімпіяды-2024 заявілі, што будуць выконваць рашэньне МАК у гэтым пытаньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG