Анонс «замаху на Лукашэнку». Каму і навошта гэта патрэбна

Аляксандар Лукашэнка, 2022

Заявы Лукашэнкі пра тое, што Захад нібыта мае пляны забіць яго, ня новыя.

Сьцісла

  • Найбольш маляўніча Лукашэнка гаварыў пра гэта ў 2021 годзе, калі раскручвалася «справа аб змове».
  • Апошняе, што Захаду трэба зараз — гэта забойства Лукашэнкі і іншых чальцоў беларускай намэнклятуры. Хаця б таму, што гэта самы просты шлях да паўнавартаснай расейскай акупацыі Беларусі.
  • Цяперашні «анонс замаху на забойства» мае два тлумачэньні — псыхалягічнае і прагматычнае.
  • Беларускія ці расейскія спэцслужбы маглі даць Лукашэнку «інфармацыю» аб такіх плянах. Ён, з улікам кансьпіралягічнага стану ягонай сьвядомасьці, мог і паверыць.
  • Прагматычная вэрсія: размовы пра пляны Захаду ўчыніць «разьню беларускай намэнклятуры» — насамрэч сродак умацаваньня кансалідаванасьці і маналітнасьці гэтай намэнклятуры.
  • Нагодай стала праграма вяртаньня палітычных уцекачоў. Мяркуючы па ўсім, яна (у тым выглядзе, у якім прынятая) стала вынікам супярэчнасьцяў паміж рознымі «ножкамі трона».

6 лютага падчас сустрэчы з генэральным пракурорам Андрэем Шведам Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Захад нібыта рыхтуецца забіць яго, Лукашэнку, і іншых кіраўнікоў дзяржапарату (са Шведам уключна).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што на Захадзе нібыта рыхтуюць ягонае забойства

«Захад будзе фінансаваць толькі канкрэтныя мерапрыемствы. Пажадана такога радыкальнага пляну, і нават ужо не ўзроўню 2020 году. Зьвяржэньне, забойствы прэзыдэнта, службовых асоб. І ты там не ў апошніх шэрагах (гэта не для таго, каб цябе напалохаць, ты сам гэта ведаеш). Гэта значыць, усіх, хто стаў упоперак горла, — усіх прыбраць. Гэта будзе фінансаваць Захад», — паведаміў Лукашэнка.

Падобныя «выкрыцьці» гучаць зь ягоных вуснаў не ўпершыню. Найбольш маляўнічымі яны былі ў 2021 годзе, калі раскручвалася справа аб «змове» Шчыгельскага — Фядуты — Зянковіча. Тады Лукашэнка таксама расказваў пра пляны свайго забойства, за якімі нібыта стаялі самыя высокапастаўленыя прадстаўнікі Захаду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цана нямірнага шляху. Экспэрт iSANS аналізуе «спробу перавароту»

На падставе тых перасьцярог быў прыняты дэкрэт аб перадачы ўлады Савету бясьпекі ў выпадку гвалтоўнай сьмерці кіраўніка дзяржавы. Потым гэтае палажэньне ўвайшло і ў новую Канстытуцыю.

Цяпер, паводле Лукашэнкі, Захад пачаў ізноў выношваць пляны забойства, нават больш крыважэрныя — ужо ня толькі Лукашэнкі, але і іншых прадстаўнікоў рэжыму: «усіх прыбраць».

Аб’ектыўна кажучы, размовы пра падобныя пляны Захаду і раней былі суцэльным трызьненьнем. У цяперашняй сытуацыі гэта, так бы мовіць, трызьненьне ў квадраце.

Эўразьвяз з чэрвеня мінулага году ня ўводзіў новых санкцый адносна Беларусі. Анансаваныя ў студзені новыя санкцыі пакуль тонуць у абмеркаваньнях. Ня выключана, што ў выніку будуць нават крыху аслабленыя папярэднія абмежавальныя меры, пра што напісаў дасьведчаны ў палітычнай «кухні» ЭЗ журналіст Свабоды Рыкард Юзьвяк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ можа аслабіць абмежаваньні на экспарт беларускіх калійных угнаеньняў, — журналіст Свабоды Юзьвяк

Калі нават санкцыйная палітыка такая асьцярожная і ўзважаная, то куды ўжо рыхтаваць значна больш рызыкоўныя забойствы з абсалютна непрадказальнымі наступствамі?

Калі гіпатэтычна ўявіць такі замах, то куды больш яго імаверным наступствам выглядае не вызвольнае паўстаньне і выгнаньне зь Беларусі расейскай арміі, а клясычная, паўнавартасная, немэтафарычная акупацыя Беларусі расейцамі.

Ставіць «на зэро» і спадзявацца сарваць банк — гэта дакладна не пра цяперашніх заходніх палітыкаў.

Лукашэнка павінен гэта ведаць і ўсьведамляць. Ён, можа, у пэўнай ступені і ўсьведамляе. Але кансьпіралягічны склад мысьленьня скажае оптыку. Ён і падзеі 2020 году дагэтуль успрымае як спэцапэрацыю заходніх спэцслужбаў.

Адсюль і першае, кансьпіралягічнае тлумачэньне «анонсу замаху на забойства». Паклаў на стол КДБ зьвесткі, зь якіх вынікае, што крывавая рука ЦРУ ўжо цягнецца да горла Лукашэнкі. Ня скажа ж ён: «Ды лухта гэта ўсё, хлопцы». За стараннасьць заахвоціць, а думка засядзе ў галаве: а можа, і праўда цягнецца?

Маглі так зманіпуляваць ня толькі свае. Я ўжо пісаў, што заявы міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова пра «пакт аб ненападзе» паміж Беларусьсю і Ўкраінай былі насамрэч спробай асадзіць Лукашэнку. Гэтыя заявы Лаўрова маглі быць спалучаныя з перададзенай расейскімі спэцслужбамі «самай надзейнай інфармацыяй» пра пляны Захаду выразаць усю беларускую кіроўную эліту. Маўляў, не забывайце, Аляксандар Рыгоравіч, хто ваш вораг, а хто сябра, і думайце, з кім можна ладзіць шашні, а з кім ня варта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лаўроў прыгадаў полк Каліноўскага, каб асадзіць Лукашэнку

У выпадку чаго заходнія спэцслужбы, а тым больш войскі, далёка, а расейскія — пад бокам, у Беларусі. Гэта, праўда, пераважна мабілізаваныя, якіх вучаць, але ж могуць сярод іх апынуцца і некалькі сотняў, а тое і тысяч чалавек, добра падрыхтаваных для розных далікатных апэрацыяў.

Гэтая трактоўка не адзіная і нават ня самая імаверная.

Больш імавернай здаецца вэрсія, паводле якой «анонс замаху на забойства» — проста сродак забесьпячэньня кансалідаванасьці і ляяльнасьці беларускай намэнклятуры.

Тут трэба ўлічыць, зь якой нагоды, у якім кантэксьце гэтыя «выкрыцьці» былі зробленыя — пры дабраславеньні працы камісіі ў справе вяртаньня палітуцекачоў. Для беларусаў дэмакратычных поглядаў гэтыя прапановы — падступная пастка.

Але ня выключана, што ўнутры сыстэмы гэта выглядае вельмі рызыкоўным крокам і вынікам супярэчнасьцяў паміж рознымі групоўкамі ва ўладзе. Пра гэта вельмі добра напісаў Віктар Багдзевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вярталіся на радзіму, а вярнуліся ў турму». Што чакае ў Беларусі тых «зьбеглых», якія павераць абяцаньням Лукашэнкі

І ў гэтай сытуацыі Лукашэнку важна забясьпечыць маналітнасьць апарату. Пасьля таго, як пратэсты спыніліся, грамадзтва змоўкла і затаілася, галоўная небясьпека для ўлады зыходзіць ад яе самой, ад «ножак трона».

Ну а калі паміж імі ўзьнікаюць пэўныя супярэчнасьці, то небясьпека ўзрастае.

І ў байцы пра «разьню беларускай намэнклятуры», якую нібыта рыхтуе Захад, галоўнае пасланьне: сёньня — мяне, а заўтра — усіх вас; безь мяне, бяз вашага гуртаваньня вакол мяне не ўратуецеся і не адседзіцеся.

А ад каго, ад чаго будзе ісьці гэтая пагроза — ад Захаду, ад апазыцыі, ад палка Каліноўскага, ад Украіны, ад Расеі... А ад каго б ні зыходзіла. Ворагі паўсюль, папраўдзе. Толькі ня ўсіх можна назваць. Часам можна называць адных, маючы на ўвазе зусім іншых.

Наколькі гэтыя страшылкі забясьпечаць ляяльнасьць пракурора Шведа ў крытычнай сытуацыі, невядома.

Але сама неабходнасьць такіх дзіўных «анонсаў замаху на забойства» сьведчыць хутчэй пра тое, што поўнай маналітнасьці ў беларускай кіроўнай клясе няма.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.