Восьмая ў сьвеце
У апошнія гады існаваньня СССР на тэрыторыі тагачаснай БССР базаваліся як стратэгічныя, так і тактычныя ядзерныя ўзбраеньні. Стратэгічныя (далёкасьць палёту ракеты — больш як 10 тысяч км) налічвалі 81 боегалоўку. Тактычная ядзерная зброя фармавалася з больш як 1200 боегаловак. Кожная танкавая дывізія мела ракетны дывізіён, які мог нанесьці тактычны ядзерны ўдар зь некалькіх (звычайна чатырох) пускавых установак, далёкасьць палёту ракеты — да 120-130 км. Таксама ядзерную зброю мелі супрацьпаветраныя часткі і авіяцыя, якія базаваліся на тэрыторыі рэспублікі. На момант абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе ядзерны арсэнал Беларусі займаў паводле колькасьці 8-е месца ў сьвеце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці мог бы Лукашэнка шантажаваць Захад ядзернымі кампанэнтаміІдэя бязьядзернасьці дыктавалася Чарнобылем
Ужо ў першых дакумэнтах Беларускага народнага фронту (БНФ) 1988-89 гадоў гаварылася пра неабходнасьць абвяшчэньня Беларусі бязьядзернай тэрыторыяй, што ў значнай ступені зьвязвалася з экалягічнымі і псыхалягічнымі наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак вырашыць гэтую праблему ў межах СССР было немагчыма, бо Ўзброеныя сілы падпарадкоўваліся Маскве.
У траўні 1990-га БНФ распрацаваў і ў чэрвені вынес на сэсію Вярхоўнага Савета праект Дэклярацыі аб незалежнасьці, які прадугледжваў фактычны выхад з СССР і, сярод іншага, бязьядзерны статус Беларусі. Праект быў адхілены камуністычнай большасьцю, аднак некаторыя палажэньні дэпутатаў БНФ былі прынятыя ў дакумэнце, вядомым як Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.
Артыкул Дэклярацыі 10 прадугледжваў, што «БССР ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а рэспубліку — нэўтральнай дзяржавай».
25 жніўня 1991 году Дэклярацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму было важна прыняць Дэклярацыю аб сувэрэнітэцеРасея заявіла, што пакідае кантроль сабе
У першыя ж дні незалежнасьці Беларусі кіраўніцтва Расеі дало зразумець, што мае намер пакінуць фармаваньні Стратэгічных сілаў пад сваім кантролем. Ядзерныя боегалоўкі знаходзіліся таксама на тэрыторыі Ўкраіны і Казахстану. Цягам 1991-1993 гг. на тэрыторыі Беларусі знаходзілася больш як 30 тысяч вайскоўцаў расейскіх Стратэгічных сілаў, сацыяльнае забесьпячэньне якіх у асноўным ускладалася на беларускі бюджэт.
Намер пазбыцца ядзернай зброі выказаў старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч яшчэ 9 студзеня 1991 году, падчас падпісаньня Белавескіх пагадненьняў у Віскулях, а пасьля пацьвердзіў яго 21 сьнежня 1991-га на саміце кіраўнікоў рэспублік былога СССР у Алма-Аце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусаў рыхтавалі зьнішчыць Менск ядзерным ударамПарадокс ядзернага раззбраеньня
Можа здацца парадаксальным, але тактычную ядзерную зброю вывелі раней, чым стратэгічную — тактычныя боегалоўкі пакінулі тэрыторыю Беларусі вясной 1992-га, а стратэгічныя — праз чатыры з паловай гады, увосень 1996-га.
«Чырвоны тэлефон» у кабінэце Шушкевіча
Паводле дамоўленасьці, рашэньне аб прымяненьні стратэгічнай ядзернай зброі прэзыдэнт Расеі мог прыняць, паставіўшы ў вядомасьць кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Казахстану. У кабінэце Шушкевіча на пятым паверсе будынка на Карла Маркса стаяў тэлефон пад плястыкавым футаралам — гэта быў апарат непасрэднай сувязі зь Ельцыным у выпадку пагрозы ядзернага канфлікту. Паводле Шушкевіча, ён тэлефанаваў па ім толькі некалькі разоў, калі правяралі якасьць сувязі, для гутарак жа зь Ельцыным выкарыстоўвалася іншая лінія.
Палітычная бутафорыя
Аднак было зразумела, і Шушкевіч гэтага не хаваў, што прэзыдэнт Расеі мае тэхнічную магчымасьць прымяніць ядзерную зброю і без усякіх кансультацыяў з кіраўніком Беларусі.
Ні Вярхоўны Савет, ні ўрад, ні Міністэрства абароны Беларусі ня мелі магчымасьці як аддаць загад на прымяненьне ядзерных боегаловак, так і перадухіліць прымяненьне, калі б такі загад прагучаў з Масквы.
Такім чынам, абяцаньне ўзгадненьня прэзыдэнтам РФ намеру прымяніць ядзерную зброю зь лідэрамі Беларусі, Казахстану і Ўкраіны выглядала палітычнай бутафорыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывад ядзернай зброі зь Беларусі: слушны крок ці памылка? ВІДЭАБеларусь як мішэнь
Існавала двухсэнсоўная сытуацыя: Беларусь ня мела магчымасьці паўплываць на загад Крамля нанесьці ядзерны ўдар стратэгічнымі ракетамі зь яе тэрыторыі, аднак непазьбежны ядзерны ўдар у адказ па сваёй тэрыторыі атрымала б.
Акрамя таго, знаходжаньне расейскіх ядзерных боегаловак рабіла Беларусь патэнцыйнай мішэньню для прэвэнтыўнага ядзернага ўдару.
Your browser doesn’t support HTML5
Што такое Лісабонскі пратакол
23 траўня 1992 у Лісабоне Беларусь, Казахстан, Расея, ЗША і Ўкраіна падпісалі дадатковае пагадненьне да дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў (СНУ-1). Паводле гэтага пратаколу, Беларусь, Казахстан, Расея і Ўкраіна прызнаваліся правапераемнікамі СССР адносна Дамовы СНУ-1. Адначасна Беларусь, Казахстан і Ўкраіна бралі на сябе абавязкі пазбыцца ядзернай зброі і ў якасьці бязьядзерных дзяржаў далучыцца да Дамовы аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі, які быў падпісаны 1 ліпеня 1968 у Нью-Ёрку. У міжнародным прававым сэнсе рашэньнем пра бязьядзерны статус Беларусі павінна была быць ратыфікацыя Вярхоўным Саветам ня толькі Лісабонскага пратаколу, а пакета дакумэнтаў.
Для гэтага на разгляд Вярхоўнага Савету 4 лютага 1993 году вынесьлі наступныя дакумэнты:
- законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і Злучанымі Штатамі Амэрыкі аб скарачэньні і абмежаваньні стратэгічных наступальных узбраеньняў ад 31 ліпеня 1991 г. і Пратаколу (Лісабонскага пратаколу. — Рэд.) аб далучэньні Рэспублікі Беларусь да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ад 1 ліпеня 1968 г.»;
- законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб каардынацыі дзейнасьці ў ваеннай галіне ад 20 ліпеня 1992 года»;
- законапраект «Аб ратыфікацыі Пагадненьня паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй аб стратэгічных сілах, часова разьмешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Закрытае паседжаньне Вярхоўнага Савету
Пытаньне аб ратыфікацыі Лісабонскага пратаколу 4 лютага 1993 дэптаты разглядалі на закрытым паседжаньні сэсіі Вярхоўнага Савету. Такіх сэсій за шэсьць гадоў існаваньня ВС 12-га скліканьня было некалькі, сярод іх — разгляд пытаньня пра Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ў тым жа 1993 годзе і абмеркаваньне выдачы Літве былых камуністычных лідэраў у студзені 1994-га (менавіта на ёй Лукашэнка падняў пытаньне пра адстаўку Шушкевіча).
У Авальнай залі прысутнічалі толькі дэпутаты, кіраўнікі ўраду, некаторыя міністры і супрацоўнікі апарату Вярхоўнага Савету, якія адказвалі за сыстэму галасаваньня. Была адключаная трансьляцыя, якая звычайна ішла ў кабінэты Дому ўраду.
Тэлезапіс і фотаздымка паседжаньня не вяліся, але ішоў аўдыёзапіс (для стэнаграмы).
Акрамя старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, на сэсіі выступілі міністар абароны Павал Казлоўскі і міністар замежных спраў Пётра Краўчанка.
Краўчанка заявіў, што калі Ўкраіна абклала вывад ядзернай зброі пэўнымі ўмовамі, дык Беларусь робіць гэта без усякіх умоваў.
У цэлым сярод дэпутатаў існавала згода адносна ратыфікацыі пагадненьняў.
Усе прапанаваныя законапраекты на закрытай сэсіі і былі прынятыя.
Шушкевіч актывізаваў працэс
Старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам як мага хутчэйшага вывядзеньня ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, пра што заяўляў і на сэсіях парлямэнту, і ў інтэрвію. Гэтую ж пазыцыю ён выказаў прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану падчас візыту ў Вашынгтон летам 1992 году. У пачатку XXI стагодзьдзя за гэта Шушкевіча вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь як пляцдарм ракетнай дуэлі паміж ЗША і РасеяйПазьняк раіў не сьпяшацца
Старшыня Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк ня ставіў пад сумнеў неабходнасьць у будучым бязьядзернага статусу Беларусі, тым больш што гэтую ідэю ўпершыню выказаў менавіта БНФ яшчэ ў канцы 80-х гадоў. Аднак ён лічыў за лепшае не прымаць пасьпешлівага рашэньня і матываваў гэта пагрозай імпэрскага рэваншу з боку Расеі.
Лукашэнка прагаласаваў «за»
4 лютага 1993-га дэпутат ад Магілёўскай-Шклоўскай выбарчай акругі № 310, дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка галасаваў за вывад ядзернай зброі, што зьняпраўджвае ягоныя пазьнейшыя заявы пра нібыта «рашэньне, прынятае Шушкевічам і БНФ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы сэнатар ЗША Лугар. Шушкевіч: ён спрычыніўся да таго, што Беларусь стала бязьядзернайФінансавая кампэнсацыя
У 1990-я гады Беларусь атрымала дапамогу ад ЗША для ліквідацыі інфраструктуры ўтрыманьня ядзернай зброі і вырашэньня экалягічных праблемаў (рэкультывацыя земляў і г.д.) дапамогу па праграме Нана-Лугара, якая выявілася ў арганізацыі адпаведных работ. Таксама вайсковыя ведамствы Беларусі і ЗША прынялі праграму на 120 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навукоўцы назвалі заявы Лукашэнкі пра ўран "глупствам" і "туфтой"Будапэшцкі мэмарандум
5 сьнежня 1994 году ў Будапэшце прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка падпісаў так званы Будапэшцкі мэмарандум.
Поўны яго назоў — «Мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі». Ініцыяваны ён быў Украінай, таму ў назове пазначаная толькі гэта дзяржава.
Паводле яго, ЗША, Вялікая Брытанія і Расея абавязваліся паважаць незалежнасьць, сувэрэнітэт і існыя межы Ўкраіны, устрымлівацца ад пагрозаў або прымяненьня сілы і эканамічнага ціску, дамагацца неадкладных дзеяньняў Рады Бясьпекі ААН з мэтай аказаньня дапамогі Ўкраіне, калі яна стане ахвярай акту агрэсіі ці аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.
Такія ж абавязаньні распаўсюджваліся на Беларусь і Казахстан.
У 2014 годзе Ўкраіна заявіла, што Расейская Фэдэрацыя парушыла Будапэшцкі мэмарандум, анэксаваўшы Крым і ўчыніўшы агрэсію ў Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзевяноста шосты». Дэпутаты рыхтуюць Лукашэнку імпічмэнт, Лукашэнка рыхтуе пераваротАпошнюю боегалоўку вывелі за дзень да рэфэрэндуму
27 лістапада 1996 году прайшоў сымбалічны вывад сыстэмы «Топаль» зь Беларусі ў Расею. Аднак рэальна апошняя боегалоўка пакінула тэрыторыю Беларусі раней, а менавіта 23 лістапада — за дзень да праведзенага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене Канстытуцыі, які дэмакратычны Захад, у адрозьненьне ад Расеі, не прызнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Свабода запусьціла новы YouTube-канал і падкаст пра «вайну гісторыяў»