Прызначаць у кампаніі з замежным капіталам зьнешняе кіраўніцтва беларускія чыноўнікі могуць з пачатку студзеня. Аднак канчатковы мэханізм урад прапісаў у адмысловай пастанове «Аб пытаньнях перадачы пад зьнешняе кіраваньне», якую апублікавалі толькі ў канцы месяца.
Рашэньне аб тым, што ў кампанію патрэбны зьнешні кіраўнік з боку ўладаў, цяпер могуць прымаць аблвыканкамы ці Менгарвыканкам, а такі кіраўнік можа быць прызначаны на тэрмін да 18 месяцаў.
Якія кампаніі гэта закране
Аблвыканкамы і Менгарвыканкам будуць фармаваць рэестры кампаній з замежным капіталам, зыходзячы зь іх значнасьці, маштабаў вытворчасьці, уплыву камэрцыйнай арганізацыі на рынак працы, напоўненасьці бюджэту ды іншых крытэраў.
Афіцыйна перадаць кампанію з замежным капіталам пад зьнешняе кіраваньне могуць у двух выпадках:
— Калі ўласьнік сам перастаў кіраваць арганізацыяй;
— Калі ўласьнік робіць «эканамічна неабгрунтаваныя» дзеяньні, які могуць прывесьці да прыпыненьня дзейнасьці арганізацыі, яе банкруцтва, альбо могуць прынесьці ёй страты.
Згодна з абноўленым заканадаўствам, прызначыць зьнешняе кіраваньне чыноўнікі могуць як у кампанію, якая ўнесеная ў рэестар, так і ў любую іншую кампанію з замежным капіталам. Пры ўмове, што ўбачаць там «неабгрунтаваныя дзеяньні». Гэта значыць, зьнешняга кіраўніка могуць цяпер прызначыць абсалютна ў любую замежную фірму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 2 тысячы: улады пашырылі сьпіс кампаній з замежным капіталам «недружалюбных» дзяржаўХто можа стаць такім кіраўніком
Зьнешнім кіраўніком можа быць асоба, якая мае вышэйшую, пераважна эканамічную ці юрыдычную адукацыю, а таксама «неабходны досьвед гаспадарчай ці прадпрымальніцкай дзейнасьці». Пад гэтыя крытэры падпадаюць многія цяперашнія і былыя чыноўнікі і сілавікі. Таксама гэтая асоба павінна ня мець судзімасьці і ня быць на ўліку ў псыхіятрычным ці наркалягічным дыспансэры.
Зьнешняму кіраўніку, якога прызначаць мясцовыя органы ўлады зь бюджэту фірмы з замежным капіталам, павінна выплачвацца штомесячнае ўзнагароджаньне. Памер узнагароджаньня залежыць ад каэфіцыентаў, але ён дакладна ня будзе ніжэйшы за сярэдні заробак па Беларусі.
«Гэта спроба ўсё кантраляваць»
У ліпені мінулага году кампаніям з замежным капіталам, якія працуюць у Беларусі, забаранілі выводзіць свае актывы. Першапачаткова забарона тычылася 195 юрыдычных асобаў, але сёлета ў студзені сьпіс пашырылі да 1849 кампаній.
На думку старшага навуковага супрацоўніка незалежнага дасьледчага цэнтру Beroc Льва Львоўскага, цяпер у кампанію, «якая выклікае падазрэньні», будзе прызначацца чалавек для «ручнога кантролю».
«Гэта спроба ўсё кантраляваць. Цяпер, калі кампанія выклікае сумневы ва ўрадзе, будуць прызначацца людзі ад дзяржавы, як у назіральную раду банка. Гэта ручны кантроль за ўсімі патэнцыйна неляяльнымі прадпрыемствамі. У дадзеным выпадку — за прадпрыемствамі з замежным капіталам», — кажа Леў Львоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бізнэс пад прымусам. Замежным інвэстарам са сьпісу «недружалюбных» забаранілі рэарганізацыю кампаній і выхад зь бізнэсуЦяпер кампаніі нічога ня могуць зрабіць, але новыя інвэстары наўрад ці будуць прыходзіць, дадае Львоўскі.
«Кампаніі цяпер зрабіць нічога ня могуць, яны ў стане закладнікаў. Гэта накладае адбітак на інвэстыцыйны клімат, новыя прадпрыемствы дзесяць разоў падумаюць, перад тым як адкрываць нейкі бізнэс у Беларусі, але яны і не адкрываюць», — мяркуе экспэрт.
Колькі ў Беларусі кампаній з замежным капіталам
У 2021 годзе (сьвяжэйшых дадзеных беларуская статыстыка не публікуе) у Беларусі працавала 6231 кампанія з замежным капіталам. Найбольш іх у Менску — 3466. У гэтых кампаніях працуюць 424,9 тысячы чалавек.
Найбольш кампаній з замежным капіталам, зарэгістраваных у Беларусі, паходзіць з Расеі — 2240. На другім месцы Літва — 491 кампанія, на трэцім Кіпр — 442 кампаніі. На чацьвертым Польшча — 303 кампаніі, і на пятым Украіна — 299 кампаній.