Цяпер такія кампаніі нельга рэарганізоўваць, зь іх нельга выходзіць, а органам улады забаронена рэгістраваць адпаведныя зьмены ці новыя юрыдычныя асобы пасьля рэарганізацыі. 31 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб гэтым, а 1 лістапада дакумэнт афіцыйна апублікавалі на нацыянальным прававым партале.
Указ № 386 уносіць зьмены ва ўказ ад 14 сакавіка 2022 году № 93 «Аб дадатковых захадах па забесьпячэньні стабільнага функцыянаваньня эканомікі». Старая рэдакцыя забараняла інвэстарам «з замежных дзяржаў, якія зьдзяйсьняюць недружалюбныя дзеяньні», адчужаць прыналежныя ім долі і акцыі ў статутных фондах беларускіх юрыдычных асоб, распараджацца акцыямі па сваім жаданьні.
Пералік юрыдычных асоб зь «недружалюбным» замежным капіталам, на якія распаўсюджваецца забарона, у ліпені вызначыў урад. У ім было 190 прадпрыемстваў: «Эўраопт», Dana Astra, «Лукойл Беларусь», EPAM Systems, Магілёўскі мэталюргічны завод, «Лідзкае піва», Менскі гадзіньнікавы завод, «Мазырсоль», «Лідсельмаш», «Беліта», Mattioli, Remondis Minsk, Слуцкі мясакамбінат, Henkel Bautechnik, «Камунарка», «Спартак», Маладэчанскі мэтызны завод і іншыя.
Актывамі гэтых кампаній валодалі замежныя фізычныя і юрыдычныя асобы з 23 краін.
У наступныя месяцы са сьпісу выключылі ЗТАА «Лукойл Беларусь», доля ў якім належыць аўстрыйскаму «Лукойл інтэрнэшнл», аднак дадалі яшчэ шэсьць кампаній, у тым ліку ТДА «Эга-Арт» (сетка крамаў ювэлірных вырабаў EGO-ART), ТАА «Белфуд Прадакшн» (прадукты харчаваньня для дзяцей), ТАА «КімаБел» (піламатэрыялы), СТАА «Завод «Нодвіг» (вырабляе асынхронныя аднафазныя і трохфазныя электрарухавікі сярэдняй магутнасьці і іншыя электрарухавікі адмысловага прызначэньня).
У пункт указу аб абмежаваньні правоў інвэстараў дадалі новыя падпункты:
- кампаніі, уключаныя ў пералік Савету міністраў, нельга рэарганізоўваць;
- інвэстарам зь «недружалюбных» дзяржаў забаронены выхад са складу ўдзельнікаў юрыдычнай асобы, уключанай у пералік Савету міністраў;
- органам улады нельга рэгістраваць новыя юрыдычныя асобы, створаныя ў выніку рэарганізацыі кампаній, што ўваходзяць у пералік;
- для кампаній зь пераліку не праводзяць рэгістрацыі зьмяненьняў, якія ўносяцца ў іх статут у сувязі зь іх рэарганізацыяй, адчужэньнем акцый «недружалюбнымі» інвэстарамі або выхадам такіх інвэстараў зь бізнэсу.
У сакавіцкі ўказ унесьлі і іншыя зьмены, але на большасьць зь іх пастаўлены грыф «для службовага карыстаньня», таму даведацца пра іх зьмест нельга.
Акрамя таго, падоўжана дзеяньне ўказу — усе даты зьменены з 2022 на 2023 год.
Указ уступіць у сілу 2 лістапада.