«Мы вярталіся на радзіму, а вярнуліся ў турму». Што чакае ў Беларусі тых «зьбеглых», якія павераць абяцаньням Лукашэнкі

Кандрат Крапіва, Аляксандар Лукашэнка і Ёсіф Сталін. Ілюстрацыйная выява

Намаганьні рэжыму, які спрабуе схіліць частку палітэмігрантаў да вяртаньня на радзіму, ня будуць зусім бясплённымі.

Неўзабаве пасьля таго, як рэальна пачне працаваць камісія генпракурора Шведа, некаторыя паспрабуюць скарыстацца гэтым шляхам: пераважна тыя, хто стаміўся чакаць; каму асабліва цяжка перажываць расстаньне з радзімай; хто ня быў гатовы да такіх выпрабаваньняў. Плынь ня будзе асабліва шырокай. Але і яна імгненна спыніцца — як толькі першыя зь «вяртанцаў» апынуцца пад сьледзтвам, у турме ці пад хатнім арыштам. А тое, што для многіх шлях дамоў скончыцца менавіта так, сумневу не выклікае. Чаму?

Тое, што Лукашэнка апошнім часам стаў часта выказвацца на тэму магчымага вяртаньня палітэмігрантаў, зусім не азначае, што ён зьмяніў сваё стаўленьне да гэтай праблемы, стаў больш лагодна ці паблажліва ставіцца да «зьбеглых». Уважліва перачытайце ці пераслухайце тое, што ён казаў пра гэта 28 студзеня 2022 году.

Агучаныя ўмовы — абсалютна тыя самыя: прыніжальныя просьбы, пакаяньні, фільтрацыйная камісія, поўная адсутнасьць гарантый бясьпекі для тых, хто вяртаецца. Ніякіх новых ідэй, рашэньняў і падыходаў, абсалютна нягнуткая пазыцыя. Нават дзіўна: мінуў год вялікіх пераменаў — вайна, пякельныя эканамічныя санкцыі, істотныя зьмены ў грамадзкіх настроях.

А тут — нібы нічога не адбылося. Як пісалася ў адной вядомай у часы перабудовы ананімнай паэме пра партыйнага ідэоляга часоў КПБ-КПСС Савелія Паўлава: «Ён надзейны як бязьмен, час ідзе — а ён бязь зьмен»... Ці не адзіная інтрыга: чаму раптам з кандыдатаў у сустаршыні фільтрацыйнай камісіі зьнікла прозьвішча «глашатая нашага Азаронка»: год таму Лукашэнка такую пасаду яму абяцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюс поўная і безумоўная капітуляцыя. Чаго хоча дамагчыся Лукашэнка, робячы прапанову «зьбеглым»

«Экстрэмістам літасьці ня будзе»

У атачэньні Лукашэнкі не было і няма адзінства наконт таго, ці варта зьмякчаць стаўленьне да «зьбеглых». Умоўныя «ястрабы», рукамі якіх ажыцьцяўляюцца рэпрэсіі, апэлююць да таго, што спакой на вуліцах беларускіх гарадоў — уяўны, што наперадзе ў краіне (у 2024 і 2025 гадах) — выбарчыя кампаніі, і да таго моманту аслабляць гайкі і спыняць «контрарэвалюцыйны тэрор» ніяк нельга. Зь іншага боку — уцёкі з краіны набылі такія маштабы, што не заўважаць іх ужо немагчыма. Прычым уцякаюць пераважна працаздольныя, энэргічныя, адукаваныя — айцішнікі і мэдыкі, настаўнікі і прадпрымальнікі, інжынэры і навукоўцы.

Толькі паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2020 і 2021 гады насельніцтва Беларусі зьменшылася на 154 тысячы чалавек. Насамрэч гэта лічба ўмоўная і, хутчэй за ўсё, значна заніжаная — магчыма, што нават у некалькі разоў. Уцякаючы ад ГУБАЗІКа, ніхто з пашпартнага ўліку ў Беларусі не здымаецца і ў афіцыйную статыстыку не трапляе. Адсутнасьць гэтых людзей можна заўважыць хіба што тады, калі прыходзіш у паліклініку — а там няма каму прымаць пацыентаў; альбо зазіраеш на рынак — а там сотні замкнёных «ралетаў» на месцы, дзе яшчэ нядаўна бойка ішоў гандаль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выглядае непераканаўча». Як Лукашэнка запрашае вяртацца беларускіх эмігрантаў і што ім прапануюць

Пра сапраўдныя маштабы дэмаграфічнага правалу Лукашэнкавы чыноўнікі, безумоўна, інфармаваныя: колькасьць падаткаплатнікаў альбо ўнёскаў у пэнсійныя фонды падрабіць цяжка. Вось і Натальля Качанава днямі заклікала ўсіх пагалоўна займацца вырашэньнем дэмаграфічнай праблемы: «дактароў, грамадзкія арганізацыі, кіраўнікоў рэгіёнаў, прадпрыемстваў і арганізацый».

Натальля Качанава, архіўнае фота

Праўда, не назвала пры гэтым тых, хто найперш прычыніўся да абвальнага спаду насельніцтва — а гэта менавіта тыя некалькі сот тысяч чалавек, якія на працягу апошніх двух з паловай гадоў уцяклі зь Беларусі, ратуючыся ад палітычнага перасьледу. Што праўда, не назвала яна іх з публічнай трыбуны. А вось падчас закрытых чыноўніцкіх нарадаў пра гэта гавораць усё больш і ўсё часьцей. Умоўныя «галубы» апэлююць да таго, што пераважная большасьць «зьбеглых» гатовая вярнуцца, што віна іхная перад рэжымам не такая значная і што дзеля эканамічных інтарэсаў дзяржавы варта было б такую кампанію распачаць. Супраць чаго «ястрабы» зь сілавых структур катэгарычна пярэчаць.

Адгалоскі такіх нарадаў і такіх спрэчак можна пачуць у супярэчлівых выказваньнях на гэтую тэму самога Лукашэнкі. Яны то агрэсіўныя і безапэляцыйныя («Мая вам парада: дамоў, кайцеся і станавіцеся на калені! Далей будзе горш. Таму дамоў, на каленях, паўзком»); то лагодныя і прымірэнчыя («Нам трэба не адгароджвацца ад тых, хто аступіўся, усьвядоміў гэта, а зрабіць крок насустрач... Кожны, хто стаў на шлях выпраўленьня і хоча залагодзіць сваю віну, павінен мець шанец на разуменьне і паблажлівасьць»). Якімі будуць гэтыя «разуменьне і паблажлівасьць» — неўзабаве ўсе ўбачаць на прыкладзе дзейнасьці фільтрацыйнай камісіі генпракурора Шведа. Які ўжо папярэдзіў, што «экстрэмістам літасьці ня будзе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі створаць камісію для «тых, жадае вярнуцца на радзіму, але чагосьці баіцца»

«Поручик Голицын, а может, вернёмся?»

Цяжка ўстрымацца ад гістарычных паралеляў сёньняшняй беларускай рэчаіснасьці з пачаткам і сярэдзінай 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Пасьля паразы белага руху ў грамадзянскай вайне, паводле розных ацэнак, за мяжой, у эміграцыі апынуліся ад 1,2 да 2,5 мільёна падданых былой Расейскай імпэрыі. Гэта была пераважна адукаваная публіка, інтэлігенцыя — вайскоўцы, выкладчыкі, лекары, інжынэры, чыноўнікі... Першыя гады вымушанага выгнаньня многія зь іх былі апантаныя ідэяй вяртаньня на радзіму. Тым больш што пераважная большасьць мясьцінаў, куды яны траплялі адразу пасьля ўцёкаў — Турэччына, Кітай, Баўгарыя, Сэрбія — былі даволі непрытульныя для эмігрантаў. Бяз грошай, бяз працы, без акрэсьленай будучыні многія адчувалі сябе пакінутымі і нікому не патрэбнымі.

«А утром, как прежде, забрезжило солнце,

Корвет „Император“ застыл, как стрела...

Поручик Голицын, а может, вернемся?

К чему нам, поручик, чужая страна?» —

— гэтыя радкі з аднаго з самых вядомых «белагвардзейскіх рамансаў» дакладна перадаюць настроі ў асяродзьдзі тагачаснай белай эміграцыі.

Савецкая карыкатура на эмігрантаў. 1931

Зь іншага боку, новым бальшавіцкім гаспадарам савецкай Расеі востра не хапала менавіта адукаваных кадраў. Спроба вярнуць «зьбеглых» (прынамсі, найбольш ляяльных да бальшавіцкага рэжыму) выглядала лягічнай і натуральнай. Так зьявіліся ўрадавыя дэкрэты аб амністыі ўдзельнікаў «белага руху»: спачатку ад 3 лістапада 1921-га, потым — ад 9 чэрвеня 1924-га. Дараваць абяцалі ўсім, хто «падманам ці гвалтам быў уцягнуты ў барацьбу супраць савецкай улады». На абяцаную амністыю адклікнуліся многія, асабліва ў першы год. У 1921-м на радзіму вярнуліся 121 343 асобы (усяго за час з 1921 па 1931 гады — 181 432 асобы). Аднак вялізная хваля першых месяцаў хутка сышла на нішто пасьля дзіўных і страшных паведамленьняў пра лёс тых, хто паверыў бальшавікам і наважыўся вярнуцца. Белых афіцэраў і чыноўнікаў часта арыштоўвалі і расстрэльвалі адразу пасьля прыбыцьця, ледзь не ля трапа парахода. Частка унтэр-афіцэраў і салдат апынуліся ў працоўных лягерах (створаных савецкімі спэцслужбамі яшчэ да ГУЛАГу), трапілі на цяжкія прымусовыя працы на бакінскія нафтавыя радовішчы.

Расейскія эмігранты ў Канстанцінопалі, 1921

Падманутыя «вяртанцы» першай хвалі масава пісалі тым, хто заставаўся за мяжой, заклікаючы ня верыць гарантыям бальшавікоў. Таму плынь тых, хто вяртаўся (пачаткова надзвычай шырокая) вельмі хутка практычна спынілася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не вяртайцеся ў Беларусь, пакуль Лукашэнка пры ўладзе». Гутарка з кіраўніком фонду BYSOL Андрэем Стрыжаком

Чаму так адбывалася? У бальшавіцкім урадзе першых пасьля грамадзянскай вайны гадоў былі не адно толькі кавалерыйскія камдзівы ці камісары ВЧК. Тыя дзеячы, якім даводзілася займацца эканомікай, барацьбой з галечай і голадам, зусім прагматычна і прадбачліва разумелі, да якіх станоўчых вынікаў можа прывесьці грамадзкае прымірэньне, вяртаньне ў краіну соцень тысяч адукаваных адмыслоўцаў. Таму рашэньні пра амністыю ўрадам прымаліся. Але ля трапаў параходаў з Марсэля і Канстантынопаля былых белагвардзейцаў і «буржуяў» у Адэсе і Новарасійску сустракалі ня тыя, хто абяцаў амністыю, а — чэкісты з маўзэрамі на баку і рубакі-варашылаўцы з шаблямі, якія яшчэ ўчора секлі галовы «белай контры». І хто нават з высокапастаўленых бальшавіцкіх дзеячоў таго часу мог адважыцца пярэчыць таварышу Дзяржынскаму, таварышу Апанскаму ці пазьней таварышу Яжову, якія настойвалі на «клясавай пільнасьці» і «бязьлітаснасьці да ворагаў рэвалюцыі»? Дзе была гарантыя, што заўтра нарад ВЧК з маўзэрамі ня зьявіцца да цябе на кватэру, атрымаўшы інфармацыю, што твае бабуля ці цётка былі зусім не пралетарскага паходжаньня, а мелі ўласную крамку капялюшыкаў на Неўскім праспэкце і, такім чынам, належалі да клясы эксплюататараў працоўнага народу?

Расейскі рээмігрант з Францыі Ігар Крывашэін пасьля вяртаньня з ГУЛАГу з сынам Мікітам, Масква, 1954. Ігар Крывашэін з Францыі прыехаў у СССР і трапіў у савецкі лягер. Пазьней у савецкую турму патрапіў і ягоны сын Мікіта

Сёньняшні рэжым Лукашэнкі — гэта копія бальшавіцкага рэжыму, якая з гадамі ўсё больш падобная да арыгіналу. У «вэртыкалі», безумоўна, ёсьць цьвярозыя галовы, якія разумеюць, да чаго можа прывесьці паглыбленьне грамадзкага расколу, жорсткая і нягнуткая палітыка ў дачыненьні да іншадумцаў; якія настойліва прапануюць шлях нацыянальнай згоды і рэальнай амністыі без усялякіх папярэдніх умоў. Але хто падчас адпаведнай нарады ў Лукашэнкі наважыцца запярэчыць Шведу, Кубракову ці Карпянкову? Дзе гарантыя, што заўтра «красаўцы» з кувалдамі ў руках ня выламаюць дзьверы твае кватэры, атрымаўшы інфармацыю, што твой сын паставіў лайк пад партрэтам Ціханоўскай, і, такім чынам, ты (будзь ты хоць міністрам) — насамрэч бацька экстрэміста, з усімі адпаведнымі наступствамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэжым Лукашэнкі прызнаў Кардынацыйную раду і Офіс Ціханоўскай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі»

Хто сьмяецца апошнім?

Пазьней выявілася, што нават пра тых, каму бальшавікі нібыта даравалі і пакінулі на волі, насамрэч ГПУ-НКВД не забывала: усе яны браліся на ўлік, у дазвол на жыхарства кожнага ставіўся адпаведны штамп — «За службу ў белых арміях суду і пакараньню не падлягае». Наколькі «не падлягае» — рана ці позна ўсе яны спраўдзілі на ўласным досьведзе. Праўда, у 20-я пераважная большасьць іх яшчэ жыла параўнальна спакойна. А вось 30-я мала хто з былых белагвардзейцаў і царскіх чыноўнікаў перажыў: такі штамп быў раўназначны сьмяротнаму прысуду.

Атмасфэра тых гадоў добра перададзена ў знаёмай беларусам са школы даваеннай п’есе Кандрата Крапівы «Хто сьмяецца апошнім».

Памятаеце, там перапалоханы Туляга неасьцярожна расказаў у сваім навуковым інстытуце, як выпадковы мінак распытваў яго, ці не працаваў ён у гады грамадзянскай вайны ў Варонежы і ці не Падгаецкі ягонае прозьвішча. А той Падгаецкі, да якога Туляга «падобны як дзьве кроплі вады», быў палкоўнікам дзянікінскай арміі. І ўвесь сюжэт п’есы, напісанай у 1938–39 гадах, разгортваецца вакол таго, як невук і махляр Гарлахвацкі шантажуе запалоханага Тулягу гэтым фактам («Вы забываецеся, гаспадзін палкоўнік!»; «Сьведак у вас няма, ніхто вам не паверыць, а павераць мне. І мне няцяжка будзе даказаць, што гэта паклёп, вылазка дзянікінца... Варта мне толькі зьняць трубку, пазваніць — і ваша песенька сьпета») і прымушае пісаць за сябе навуковую працу. У п’есе Крапівы перамагае справядлівасьць: пільны сакратар парткаму Левановіч выяўляе, хто ёсьць хто: шкоднікам і ворагам народу аказваецца сам Гарлахвацкі, а Тулягу апраўдваюць. У рэальнай савецкай рэчаіснасьці канца 30-х гадоў пасьля аднаго толькі сыгналу пільнага грамадзяніна «ў органы» лёс Тулягі, «падобнага да дзянікінскага палкоўніка», быў бы вырашаны за лічаныя гадзіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прававы абсурд як норма. Улады імкнуцца канчаткова пазбавіцца ад неляяльных грамадзян

Прынцып радыскі

Трагічная памылка многіх палітэмігрантаў першай хвалі палягала ў тым, што яны ўпарта хацелі верыць (і верылі) у добрыя намеры бальшавікоў. Іх цяжка было пераканаць у тым, што палітычны рэжым можа быць аж настолькі помсьлівым, падступным, жорсткім і несправядлівым. Разьвітаньне з ілюзіямі часта было надзвычай балючым.

Заўзятымі прыхільнікамі прымірэньня і супрацы з савецкай уладай на пачатку 20-х гадоў былі інтэлектуалы, аб’яднаныя вакол выдадзенага ў 1921 годзе ў чэскай Празе зборніка артыкулаў «Смена вех». Яны лічылі, што бальшавіцкі рэжым паступова трансфармуецца, ачалавечыцца і будзе адпавядаць нацыянальным інтарэсам Расеі. Ідэолягам гэтага руху быў прафэсар Мікалай Устралаў. Ён часта паўтараў, што рэжым бальшавіцкай улады — як радыска: толькі зьверху чырвоны, а ўнутры — белы. На першым часе бальшавікі выкарыстоўвалі прафэсара Ўстралава ў прапагандысцкіх мэтах: дазволілі вярнуцца ў СССР, забясьпечылі яму заможнае жыцьцё. Але пазьней, напрыканцы 30-х, і яго, і іншых лідэраў «Смены вех», якія вярнуліся ў Савецкі Саюз — Аляксандра Бабрышчава-Пушкіна, Сяргея Лукʼянава, Юрыя Ключнікава — расстралялі як шпіёнаў і контрарэвалюцыянэраў. Працягваючы мэтафару Ўстралава, бальшавіцкі рэжым, як выявілася, быў зусім не радыскай, а — сталовым бураком, унутры яшчэ больш чырвоным, чым звонку.

У Беларусі падобны лёс напаткаў многіх дзеячаў БНР: старшыню ўраду Аляксандра Цьвікевіча, ягоных паплечнікаў Уладзімера Пракулевіча, Лявона Зайца, Аляксандра Галавінскага. На пачатку 20-х гадоў пэўныя посьпехі БССР (беларусізацыя, значнае ўзбуйненьне за кошт вернутых ад РСФСР тэрыторый Віцебшчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны, НЭП) нарадзілі ў асяродзьдзі беларускай палітычнай эміграцыі прасавецкія настроі. Паддаўся ім і Цьвікевіч. Пра гэта стала вядома ў Менску. Кіраўніцтва КП(б)Б, якое мела на мэце раздрабніць палітэміграцыю, уступіла ў кантакт з «групай Цьвікевіча» і схіліла яго да роспуску ўраду БНР. Дзеля гэтага правялі Другую Ўсебеларускую канфэрэнцыю ў Бэрліне, дзе дамагліся ўсіх патрэбных бальшавікам рашэньняў.

Аляксандар Цьвікевіч. Турэмнае фота

Урад БНР 15 кастрычніка 1925 году самараспусьціўся, а Цьвікевіч і яго аднадумцы прызналі Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі і самі вярнуліся ў БССР. Некаторыя напачатку нават атрымалі ад бальшавікоў немалую, як на тыя часы, дапамогу — па 430 даляраў. Але ідылія ў адносінах з бальшавікамі працягвалася нядоўга: ужо на пачатку 30-х усе былыя дзеячы БНР, якія наважыліся вярнуцца, трапілі пад нож сталінскіх рэпрэсій: спачатку — у ссылку і лягеры, а напрыканцы 30-х іх расстралялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабуля нічога не расказвала». У Расеі знайшоўся сваяк аднаго з кіраўнікоў ураду БНР

Крыху аптымізму сярод безнадзейнасьці

Сталіну ў 1921-м было 43 гады. Будучы крывавы тыран і дэспат яшчэ толькі ўбіраўся ў сілу. Прыход да ўлады гэтага схільнага да гвалту і маніі велічы пэрсанажа драматычным чынам супаў з гістарычным пэрыядам, калі ўвесь эўрапейскі кантынэнт рухаўся ў напрамку дыктатур, аўтарытарызму, грэблівага стаўленьня да каштоўнасьці чалавечага жыцьця і трыюмфу нацысцкіх ідэалёгій і практык. У гэтым сэнсе Лукашэнка і Пуцін — анамалія сёньняшняй эўрапейскай рэчаіснасьці. Беларусь з усіх бакоў сьвету, апроч усходу, аточаная краінамі, якія абралі зусім іншы цывілізацыйны шлях, чым Лукашэнка. І гэта моцна ўплывае на сытуацыю ў Беларусі, на грамадзкія настроі ўнутры яе.

Плякат на мітынгу ў Кракаве, сакавік 2022

Апроч таго, і Пуцін, і Лукашэнка — зусім ня ў тым веку, калі з імпэтам бяруцца за нож гільятыны і праз масавыя рэпрэсіі рэалізоўваюць свае хваравітыя ўяўленьні пра ўласную веліч. Пуціну ўжо за 70, Лукашэнку хутка 69. (Для параўнаньня: Гітлеру ў момант, калі ён узяўся за гвалтоўнае пераўладкаваньне сьвету, было 47, Мусаліні — крыху за 40). У глыбокіх пэнсіянэраў Лукашэнкі і Пуціна проста няма ўжо ў запасе рэсурсу часу, сілаў і здароўя, каб весьці зацяжное змаганьне са сьветам і ўласнымі народамі за сваё непадзельнае цараваньне. І ў гэтым, магчыма — галоўная надзея тых, хто разьлічвае на хуткія зьмены і сваё вяртаньне на радзіму.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памятаць пра лёс Яжова. Што здараецца, калі краінай кіруюць сілавікі