Хроніка перасьледу 26 студзеня: 8,5 гадоў палітвязьню з Гародні; судзяць высокапастаўленага сілавіка з Апэратыўна-аналітычнага цэнтру

Сілавікі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Суд над экс-супрацоўнікам ААЦ

У Менскім гарадзкім судзе Сьвятлана Бандарэнка разглядае справу Аляксандра Давідзюка.

Як высьветліла «Наша Ніва», Давідзюк служыў у часьці № 08188 Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) у званьні падпалкоўніка або палкоўніка.

Абвінавачваюць яго па арт. 179 ч. 1 («незаконны збор або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыцьцё»), арт. 375 ч. 2 («наўмыснае разгалошваньне службовай таямніцы»), арт. 455 ч. 1 і ч. 2 («злоўжываньне ўладай»), арт. 430 ч. 3 («атрыманьне хабару») КК Беларусі.

Паводле выданьня, Давідзюку ставяць у віну перадачу за ўзнагароджаньне сакрэтнай інфармацыі, якая датычыла канкрэтных асоб.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне звольнілі па сьпісах, якія прыйшлі з КДБ». Гісторыя беларускай чыноўніцы, якая пачынае новае жыцьцё ў Польшчы

Затрыманьне за ўлёткі пра Лукашэнку

Сілавікі затрымалі раней асуджанага па «народным артыкуле» хлопца за распаўсюд улётак з паклёпам на Лукашэнку.

Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з спасылкай на праўладныя тэлеграм-каналы.

Паводле сілавікоў, раней затрыманага ўжо асудзілі за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (арт. 342 КК).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 студзеня: актора Трызубава перавялі на «Валадарку»; лідэру плятформы «Сумленныя людзі» закідаюць змову

Жыхару Слоніма ўзмацнілі пакараньне, адправілі на «хімію» за рэпост

10 лістапада ў судзе Слонімскага раёну асудзілі 72-гадовага мясцовага жыхара і актывіста Барыса Кучынскага на 3 гады «хатняй хіміі». Дзяржабвінавачваньне тады запрошвала калёнію.

Барыса Кучынскага абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных» (ч. 3 арт. 203-1 КК). Усё гэта за адзін рэпост у сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» допісу пра ўчастковага інспэктара міліцыі АУС Ваўкавыску Віктара Лутчанку.

Цяпер праваабаронцам стала вядома, што пракуратура падала апэляцыйную скаргу на прысуд, і Горадзенскі абласны суд прысудзіў Кучынскаму больш строгае пакараньне — 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову («хімія»).

Кучынскі абскарджвае гэты прысуд у Вярхоўным судзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Штораніцы льюць хлёрку па пяць літраў» — былы зьняволены пра ўмовы ў ШЫЗА наваполацкай калёніі

Затрымалі мэнэджара БелАЗу са сваякамі

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі мэнэджара БелАЗа, яго абвінавачваюць у атрыманьні хабару ад расейскай кампаніі. Заадно затрымалі жонку і цесьця мэнэджара, таго, хто даваў хабар, і супрацоўніка расейскай кампаніі, піша прэс-служба МУС.

Намесьніка начальніка аднаго з упраўленьняў вытворцы кар’ерных самазвалаў і транспартнага абсталяваньня для горназдабыўной і будаўнічай прамысловасьці, 35-гадовага нараджэнца Барысаўскага раёну, абвінавачваюць у тым, што ён атрымліваў хабар за забесьпячэньне набыцьця і аплаты прадпрыемствам мэталапрадукцыі ў канкрэтнага пастаўшчыка — аднаго з расейскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасьцю.

«Днямі, пасьля перадачы чарговага траншу ў 9 тысяч рублёў у эквіваленце ў розных валютах, затрымалі 59-гадовага хабарадаўцу, жыхара Менскага раёну, хабараатрымальніка і іншых удзельнікаў карупцыйнага ланцужка: жонку службовай асобы, яе бацьку, а таксама мэнэджара кампаніі-пастаўшчыка», — гаворыцца ў паведамленьні сілавікоў.

У адносінах да ўсіх фігурантаў пачалі крымінальныя справы і наклалі арышт на маёмасьць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару Зябраўкі прысудзілі 9 гадоў турмы за фота мясцовага аэрадрому

У Горадні палітвязьня асудзілі на 8,5 гадоў


Як стала вядома «Вясьне», у Гарадзенскім абласным судзе 21 лістапада 2022 года асудзілі палітзьняволенага Ілью Краўчэўскага паводле 10 артыкулаў Крымінальнага Кодэксу. Яго прызналі вінаватым, сярод іншага, у абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго распальваньні сацыяльнай варожасьці, арганізацыі масавых беспарадкаў, незаконных дзеяньнях у дачыненьні інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных дадзеных. Па двух артыкулах (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных справаў) Краўчэўскі віну не прызнаў.

Судзьдзя Ігар Собалеў прызначыў Ільлі восем гадоў і шэсьць месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Крымінальную справу разглядалі цягам сямі пасяджэньняў. Краўчэўскага дадалі ў сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці. Яму забароненыя грашовыя пераводы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-міністру лясной гаспадаркі Віталю Дрожжу прысудзілі 7,5 года калёніі

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах