Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Штораніцы льюць хлёрку па пяць літраў» — былы зьняволены пра ўмовы ў ШЫЗА наваполацкай калёніі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Былы зьняволены папраўчай калёніі № 1 расказаў праваабаронцам пра катаваньні асуджаных у штрафным ізалятары.

Паводле мужчыны, зьняволеных зьмяшчаюць у ШЫЗА пасьля «недарэчных парушэньняў». Так, за адмову прывітацца з супрацоўнікам калёніі ці за незашпілены гузік вязень можа адседзець у ШЫЗА 50 сутак запар.

«А калі зьняволены, які супрацоўнічае з адміністрацыяй, стукне кагосьці, то ён адседзіць толькі 10 сутак, і то гэта ня факт. Вельмі шмат палітвязьняў пасадзілі ў ШЫЗА перад Новым Годам. І гэта таксама было за надуманыя парушэньні паводле ўказаньня начальніка калёніі Аляксандра Пальчыка», — расказаў «Вясьне» былы зьняволены.

Паводле яго слоў, у ШЫЗА штораніцы супрацоўнікі калёніі льюць хлёрку па пяць літраў, каб асуджаныя ёю труціліся.

«Вокны не зачыняюць пры любым надвор’і, хоць на дварэ будзе −30°»

«Вокны не зачыняюць пры любым надвор’і, хоць на дварэ будзе −30°. Вокны асуджаныя завешваюць ручніком — адной зь нешматлікіх рэчаў, што ёсьць у ШЫЗА. Часам даходзіць да таго, што даводзіцца на акно вешаць анучу, якой мыеш падлогу ў ШЫЗА, у тым ліку і хлёрку», — расказаў мужчына.

Ён пацьвердзіў, што папраўчая калёнія № 1 лічыцца адной з самых жорсткіх:

«Там абмяжоўваюць ва ўсім: пачынаючы ад званкоў, заканчваючы спатканьнямі з блізкімі людзьмі».

Паводле былога вязьня, адміністрацыя наваполацкай калёніі маніпулюе гаспадарчымі працамі. Часта гэта выкарыстоўваецца, каб знайсьці магчымасьць прызначыць пакараньне. Калі на зьняволенага няма рапарта, то яго загружаюць працай:

«Даюць „паркава-гаспадарчыя дні“ ў атрадзе пасьля адбою: увечары ты пачынаеш рабіць прыбіраньне зь пенай. Могуць прызначыць як адзін дзень, гэтак і пяць тыдняў. Часта прызначаюць на прыбіраньне тэрыторый: кожны дзень зь венікам ці шуфлем ты працуеш на двары. І можаш прабыць там гадзіну, а можаш і цэлы дзень — у залежнасьці ад надвор’я».

«Начальнік калёніі Пальчык асабіста біў асуджаных»

Былы вязень таксама паведаміў праваабаронцам, што начальнік калёніі № 1 ня толькі аддае загады наконт зьдзекаў і ціску на зьняволеных, але і асабіста ўжывае фізычны гвалт да іх:

«Вядома, што Пальчык асабіста біў асуджаных, ставіў іх на расьцяжку — ледзь не на шпагат».

Пры такіх расьцяжках у зьняволеных ірвуцца мышцы ног і зьвязкі, «вылятаюць» каленныя суставы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG