«Пасьля 2020 году з краіны выехалі дакладна больш за 100 тысяч чалавек». Эканаміст раіць, што рабіць з дэмаграфічным крызісам у Беларусі

Леў Львоўскі

Пры аптымістычным сцэнары да канца стагодзьдзя насельніцтва Беларусі можа скараціцца да 6 мільёнаў, пры пэсымістычным — да 4,2 мільёнаў. Пра дэмаграфічны крызіс і ягоныя наступствы разважае старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

Каротка:

— Калі ня вырашыць праблемы з дэмаграфічным крызісам, у Беларусі да канца стагодзьдзя насельніцтва можа скараціцца ўдвая.

— Улады ў Беларусі толькі субсыдуюць сродкі, якія патрэбныя на дзяцей, але ня думаюць пра кар’еру людзей і патрэбу субсыдаваць час.

— Каб заводзіць дзяцей, людзям патрэбна стабільнасьць, а яе ў Беларусі няма. Бацькоў дзяцей могуць пасадзіць за нейкі камэнтар трохгадовай даўнасьці альбо за перасыланьне фота.

— Эміграцыя зь Беларусі ўплывае на самыя розныя сфэры і ў канчатковым выпадку на ўсю эканоміку, але ўлады і ня думаюць нешта мяняць у сваёй палітыцы.

— Калі дэмаграфічную праблему не вырашаць проста цяпер, то да сярэдзіны стагодзьдзя на пэнсіянэраў не будзе хапаць працоўных і давядзецца ці то павышаць падаткі, ці то зьніжаць пэнсію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі будуць пазбаўляць грамадзянства па нараджэньні ў выпадку прысудаў за «экстрэмізм». За якія артыкулы і каму гэта пагражае

Сукупны каэфіцыент нараджальнасьці ў сучаснай Беларусі пачаў зьніжацца з 1990-х гадоў, гэта адбывалася з прычыны эканамічных праблем і агульнай няпэўнасьці. Пасьля ён крыху вырас. Пік нараджальнасьці быў у 2016 годзе, калі на адну жанчыну прыпадала 1,73 дзіцяці. У 2020 годзе гэты каэфіцыент быў 1,38.

Аднак для таго, каб насельніцтва не скарачалася, гэты каэфіцыент мусіць быць больш за 2 дзіцяці на кожную жанчыну. Чаму так адбылося, што ўлады рабілі, каб спыніць дэмаграфічны крызіс і што мусілі рабіць, гутарым са старшым навуковым супрацоўнікам Beroc Львом Львоўскім.

— Тое, што ў Беларусі зьніжаецца нараджальнасьць, гэта нейкая ўнікальная сытуацыя ці так адбываецца шмат у якіх краінах?

— Сытуацыя зьмяншэньня і сталеньня насельніцтва характэрная для ўсіх разьвітых краін. Гэта карэлюе з адукацыяй і правамі жанчын. Беларусь была грамадзтвам, дзе нараджалі па 8-10 дзяцей 100 гадоў таму. Грамадзтва адукоўваецца, цывілізацыя разьвіваецца, усё больш жанчын робяць кар’еру, шмат становіцца падзеяў у жыцьці. Жанчыны пачынаюць нараджаць менш ва ўсіх краінах Эўропы, у ЗША, у Аўстраліі. Туды ж набліжаецца і Кітай. Падобныя працэсы паўсюль.

Сытуацыя можа быць лепшай ці горшай, чым у Беларусі. У Швэцыі, напрыклад, нараджальнасьць таксама ўпала. Але яна вышэйшая, чым у Беларусі, дзякуючы палітыцы, якую праводзіць швэдзкі ўрад. У ЗША нараджальнасьць таксама вышэйшая.

Многія разьвітыя краіны, з аднаго боку, праводзяць палітыку павелічэньня нараджальнасьці, а таксама выкарыстоўваюць міграцыю як адзін з шляхоў павелічэньня колькасьці насельніцтва. Канада, напрыклад, адкрыта гаворыць, што чалавек маладога ўзросту патрэбнай краіне спэцыяльнасьці можа туды прыехаць.

У ЗША дазваляюць міграцыю высокаадукаваных людзей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Насельніцтва Кітая скарацілася ўпершыню за 60 гадоў

«Трэба комплекс захадаў, якія б кампэнсавалі часавыя страты ў карʼеры»

— У Беларусь нараджальнасьць зьніжалася з 1990-х, але былі ваганьні і ў некаторыя гады яна ўзрастала, з чым гэта было зьвязана?

— Сьпярша пачала падаць нараджальнасьць пасьля распаду СССР, калі ўпаў узровень жыцьця, вырасла нявызначанасьць. Гэта датычыцца многіх краін. Потым сытуацыя пачала паляпшацца, урад увёў захады для стымуляваньня. Аднак усе меры, якія ўрад уводзіў у Беларусі, былі грашовым стымуляваньнем. З аднаго боку, на дзіця сапраўды патрэбны грошы, але з другога боку, яно вымагае часу. Беларускі ўрад думаў пра грашовае стымуляваньне, але зусім не рабіў нічога для субсыдаваньня часу. У канцы 90-х галоўнай прычынай не заводзіць дзяцей быў грашовы чыньнік. Цяпер жа большая частка людзей — гарадзкое насельніцтва, жанчыны робяць карʼеры, яны важныя для іх. Таму цяпер важна субсыдаваць часавыя затраты.

Калі нараджальнасьць на вёсцы ўсё яшчэ высокая, то нараджальнасьць у гарадах падае імкліва.

— Якія меры найбольш паспрыялі б росту нараджальнасьці ў Беларусі?

— Жанчыны не пачнуць нараджаць па дзесяць дзяцей, удвая нараджальнасьць таксама рэзка ня вырасьце. У 2017 годзе нараджальнасьць была амаль 1,8 дзіцяці на жанчыну, а цяпер 1,4. 2017 год быў ня так даўно, гэтай лічбы дасягнуць можна, калі скарэктаваць палітыку падтрымкі нараджальнасьці.

Можна працягваць субсыдаваць грашыма, аднак трэба вырашаць і з пытаньнем часу. Самае відавочнае — разьвіць шырокую сыстэму ясьляў, куды можа трапіць кожнае дзіця ад 1 году, побач з працай ці домам бацькоў.

Можна зрабіць так, каб дэкрэтны водпуск дзяліўся паміж маці і бацькам, каб ня толькі маці хадзілі ў яго. Другі варыянт — больш гнуткае працоўнае заканадаўства, каб жанчыны з маленькімі дзецьмі маглі выходзіць на працу раней, каб не рабіць вялікага перапынку ў карʼеры, але каб яны маглі ня ўвесь дзень праводзіць на працы.

Урад проста мусіць паставіць сябе на месца бацькоў і падумаць, як бы ім было зручней весьці сучаснае актыўнае жыцьцё ў сучасным горадзе. Гэта шмат магчымых захадаў.

Ну і самае базавае — патрэбна стабільнасьць у краіне. Маладая пара не павінна думаць, што раптам маладога бацьку пасадзяць праз паўгода, бо знайшлі ў яго нейкую перапіску. Маладая маці ня мусіць баяцца, што яе затрымаюць за перасыланьне нейкага фота трохгадовай даўнасьці. Яны абое ня мусяць асьцерагацца, што закрыюць школу або пасадзяць рэпэтытара іхнага дзіцяці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеі «зьнік» мільён беларусаў, а зь Беларусі — 600 тысяч расейцаў. Яшчэ раз пра парадоксы дэмаграфіі

«Выяжджаюць прадпрымальнікі, крэатыўная моладзь, ІТ-сфэра, што ўплывае на астатняе бізнэс-асяродзьдзе»

— Але цяпер у Беларусі яшчэ і вялікая праблема з эміграцыяй...

— Трэба таксама думаць пра міграцыю. Гэта размова і пра эміграцыю, і пра іміграцыю, і пра рэпатрыяцыю. Трэба прымаць шэраг мераў для зьмяншэньня эміграцыі. У нармальнай сытуацыі, калі браць да 2020 году, можна было апытваць патэнцыйных эмігрантаў, што ім не падабаецца, што можна зьмяніць, каб яны засталіся. Ёсьць асобныя прафэсіі, спэцыялістаў у якіх іншыя краіны перавабліваюць. Калі суседняя краіна вызначыла падатак на ІТ памерам 0%, то трэба ці то дамаўляцца з гэтай краінай, ці то зьніжаць падаткі самім.

Таксама беларускія лекары маюць добры ўзровень і ёсьць праграмы для іх у іншых краінах. Значыць, трэба нешта паляпшаць для такіх спэцыялістаў, каб яны не выяжджалі. І тут гаворка не пра прыкоўваньне ланцугамі, а пра паляпшэньне ім умоваў.

Трэба таксама думаць і пра імігрантаў. Гэта і тыя, хто ўжо жыў у Беларусі, і тыя, хто ня жыў ніколі. Першая група — гэта рэпатрыянты, яны ўжо ведаюць, што такое Беларусь, у некага там сваякі. Гэтую групу лягчэй завабіць у Беларусь. Нават калі такі чалавек не захоча пераяжджаць, ён можа быць карысны ў межах дыяспары, можа выступаць экспэртам ці даваць бізнэс-сувязі.

Можна таксама вызначыцца, якія менавіта імігранты патрэбныя ў Беларусі, хто ніколі ў ёй ня жыў. Напрыклад, Польшча шукае людзей, блізкіх па этнасе, Канада шукае людзей патрэбных прафэсіяў.

— Вы агучвалі лічбу ў 150-200 тысяч людзей, якія выехалі з Беларусі пасьля 2020 году, наколькі гэта дакладныя лічбы?

— Дакладныя дадзеныя немагчыма сабраць, як мінімум немагчыма падлічыць, колькі людзей выехала праз Расею. Напрыклад, у Грузіі беларусы могуць жыць 365 дзён, выехаць на паўдня і зноў жыць 365 дзён. Яны нідзе не рэгіструюцца.

Ёсьць зьвесткі па ЭЗ. Па абрывачных дадзеных можна сказаць, што дакладна выехалі больш за 100 тысяч, зь вялікай верагоднасьцю выехалі больш за 150 тысяч. Але дакладна менш, чым 300 тысяч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якіх гарадах Беларусі найбольш пратэстаў і рэпрэсій. Аналізуем рэйтынг 40 беларускіх гарадоў

— Па заявах беларускіх уладаў робіцца ўражаньне, што ім усё адно, колькі людзей зьехалі і яшчэ паедуць, але наколькі гэта шкодна для эканомікі?

— Для цяперашняй улады гэта відавочна не праблема, цяперашняя ўлада ня думае, што будзе ў Беларусі ў канцы стагодзьдзя. Часам ім нецікава, што будзе ў Беларусі празь дзень ці два. Іхная галоўная мэта — захаваць уладу. Для іх, калі зьедуць і 2 мільёны незадаволеных, не праблема.

А вось для эканомікі гэта кепска. Выяжджае крэатыўная моладзь, едуць прадпрымальнікі, празь якіх магла б расьці эканоміка. За год ІТ-сфэра страціла як мінімум чвэрць сваіх супрацоўнікаў, а ІТ давала рост 0,5% ВУП за год. Таксама гэта людзі платаздольныя, яны ўплываюць і на навакольную індустрыю. ІТ-спэцыяліст выехаў — і ён ня купіць сабе кавы ў кавярні, ровар ці лідзкія кеды, а гэта кепска для бізнэсу.

У Беларусі салідарная пэнсія. Цяперашнім пэнсіянэрам плацяць пэнсію з грошай цяперашніх супрацоўнікаў. Зараз з пэнсіямі ўсё яшчэ ня так кепска, але да 2050 году празь нізкую нараджальнасьць моцна вырасьце колькасьць пэнсіянэраў на аднаго супрацоўніка. Сёньня 0,4% пэнсіянэра на аднаго працоўнага, а к 2050 году будзе 0,65% пэнсіянэра на аднаго працоўнага. Трэба будзе ці павялічваць зборы ў фонды, ці зьмяншаць пэнсіі.

Праз 30 гадоў сярэдзіна стагодзьдзя; ужо будзе сурʼёзная эканамічная праблема, выкліканая дэмаграфіяй. Вырашаць праблему з дэмаграфіяй трэба проста зараз, каб дзеці, якія народзяцца цяпер, праз 30-35 гадоў, у сярэдзіне стагодзьдзя, знаходзіліся ў патрэбным працаздольным узросьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма альфабэту з „Ў“? Ды самі зробім!». Беларусы раяць, як выхоўваць дзіця па-беларуску