Дзярждэпартамэнт ЗША запусьціў новую ініцыятыву ў падтрымку палітвязьняў з усяго сьвету

Акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітзьняволенымі ў Дэнвэры. ЗША, 18 ліпеня 2020. Ілюстрацыйнае фота

На сайце ініцыятывы #WithoutJustCause, якая накіравана на павышэньне інфармаванасьці міжнароднай супольнасьці аб цяжкім становішчы палітвязьняў, а таксама на заклік да іх вызваленьня, згадваюцца Марыя Калесьнікава і Ігар Лосік.

У паведамленьні Дзярждэпартамэнту зазначаецца, што людзі, згаданыя ў ініцыятыве #WithoutJustCause, сымбалізуюць палітзьняволеных, якія ўтрымліваюцца ўрадамі ва ўсіх рэгіёнах сьвету. Многія зазнаюць катаваньні, гендэрны гвалт, бесчалавечныя ўмовы, гвалтоўныя зьнікненьні ці іншыя формы жорсткага абыходжаньня. Некаторыя знаходзяцца за кратамі за мірны пратэст, выкрыцьцё карупцыі ці крытычныя рэпартажы.

«Некаторыя ўрады злоўжываюць сваімі прававымі сыстэмамі, каб перасьледаваць мірных дэманстрантаў ці крытыкаў ураду па надуманых абвінавачаньнях, такіх як „тэрарызм“, „экстрэмізм“, „кібэрзлачынствы“, „фэйкавыя навіны“ ці „хуліганства“. Многія выракі выносяцца судамі, пазбаўленымі незалежнасьці, на працэсах, закрытых для іншых назіральнікаў», — адзначаецца ў заяве Дзярждэпартамэнту ЗША.

Ініцыятыва будзе ўключаць дыпляматычнае ўзаемадзеяньне і публічную дыпляматыю ў Вашынгтоне, якая праводзіцца таксама пасольствамі ЗША за мяжой.

«Злучаныя Штаты заклікаюць да неадкладнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных і прапануюць усім, хто верыць ва ўнівэрсальнасьць правоў чалавека і асноўных свабод, падтрымаць гэтую ініцыятыву», — заключылі ў Дзярждэпартамэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Ігару Лосіку не дазваляюць ліставацца з жонкай Дар’яй, пакуль яна ў СІЗА

На старонцы ініцыятывы згадваюцца двое беларускіх палітвязьняў: Ігар Лосік і Марыя Калесьнікава.

«Жорсткі і нахабны рэжым Лукашэнкі ў Беларусі налічвае больш за 1400 палітзьняволеных, што зьяўляецца часткай шырокамаштабнага задушэньня правоў чалавека пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Сярод палітвязьняў — Ігар Лосік, паважаны журналіст і кансультант Радыё Свабода», — гаворыцца на старонцы ініцыятывы.

Там таксама згадваецца затрыманьне жонкі Ігара Дар’і Лосік. Ёй пагражае абвінавачаньне ў экстрэмізьме за інтэрвію незалежнаму СМІ.

«Мы заклікаем рэжым Лукашэнкі спыніць перасьлед сямʼі Ігара Лосіка і дазволіць ім неадкладна ўзьяднацца зь ім», — гаворыцца ў заяве ў Дзярждэпартамэнту ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўліне Лосік споўнілася чатыры гады, яе бацькі застаюцца за кратамі

У профілі Марыі Калесьнікавай пазначана, што яна зьяўляецца адной з шматлікіх сьмелых беларускіх жанчын, якія мужна адстойваюць правы чалавека і мірна дамагаюцца дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі коштам вялікіх асабістых страт. Сярод іншага паведамляецца і пра нядаўнюю шпіталізацыю палітзьняволенай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Калесьнікава дасюль знаходзіцца ў санчастцы гомельскай калёніі

На старонцы праекту таксама прадстаўлены гісторыі палітзьняволеных з Расеі, Эгіпту, Вэнэсуэлы, Сырыі, Таджыкістану, Віетнама, Ірану, Туркмэністану, Азэрбайджану, КНДР, КНР, Кубы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для вызваленьня нашых родных робіцца недастаткова». Сваякі палітвязьняў выступілі са зваротам