Справу кіраўнікоў і журналістаў парталу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс над кіраўнікамі і журналістамі парталу ідзе ў закрытым рэжыме. Максымальнае пакараньне па прад'яўленых Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай артыкулах складае да 12 год зьняволеньня.
Судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
Цяпер пад вартай утрымліваюць галоўную рэдактарку Марыну Золатаву і былую генэральную дырэктарку Людмілу Чэкіну. У судзе іх зьмясьцілі ў клетку. Раней іншым падсудным Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і Кацярыне Ткачэнцы зьмянілі меру стрыманьня. На судзе іх няма, яны цяпер за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трох фігурантак «справы Tut.by» абвясьцілі ў вышук, бо яны не прыйшлі на працэс. А яны ўжо за мяжойУ чым вінавацяць фігурантак справы?
Людмілу Чэкіну вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 130 (арганізацыя наўмысных дзеяньняў, скіраваных на распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якія ўчыненыя групай асобаў або пацягнулі цяжкія наступствы);
- ч. 4 арт. 16, ч. 3 арт. 361 (кіраўніцтва заклікамі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненае з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
Марыне Золатавай ставіцца ў віну:
- ч. 2 арт. 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
Вользе Лойцы і Алене Талкачовай ставіцца ў віну:
- ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 243 (пасобніцтва ва ухіленьні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасьці, якое ўчыненае групай асобаў або пацягнула цяжкія наступствы);
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі або глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт).
Кацярыне Ткачэнцы ставіцца ў віну:
- ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 243 (пасобніцтва ва ухіленьні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры);
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Пракуратура раней адзначала, што Чэкіна таксама арганізавала, а Золатава, будучы галоўным рэдактарам, нароўні зь іншымі асобамі, у тым ліку Лойкай і Талкачовай, мела непасрэднае дачыненьне да апублікаваньня ў 2020–2021 гадах на рэсурсе Tut.by і зьвязаных зь ім акаўнтах у сацыяльных сетках інфармацыйных матэрыялаў, якія зьмяшчалі ў тым ліку:
- загадзя пазытыўную ацэнку дзеяньняў апанэнтаў улады;
- сьвядома нэгатыўнае адлюстраваньне рашэньняў службовых асобаў, іншых грамадзян, якія выступалі за захаваньне дзейнага канстытуцыйнага ладу;
- прыхаваную каардынацыю пратэставай актыўнасьці ў грамадзтве;
- зьвесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў краіне і прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі.
Пра перасьлед Tut.by
- 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
- У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
- Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
- Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
- У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
- Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
- 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
- Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
- На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
- 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
- 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.