Менскі гарадзкі суд 9 студзеня пачаў разглядаць «справу Tut.by» у закрытым рэжыме. Апрача згаданых Золатавай і Чэкінай, абвінавачанымі па ёй праходзяць яшчэ некалькі былых супрацоўніц партала — рэдактар палітыка-эканамічнага блёку Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка. Апошнія трое на працэс не зьявіліся — паводле інфармацыі з розных крыніц, пасьля вызваленьня з-пад варты яны пакінулі Беларусь.
Талкачову, Лойку і Ткачэнку затрымалі 18 траўня 2021 году ў межах крымінальнай справы, пачатай супраць Tut.by за «ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу), але потым ім зьмянілі меру стрыманьня.
Яны не зьявіліся сёньня на судовы працэс па «справе Tut.by», бо зьехалі за мяжу, піша «Вясна».
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, крымінальная справа ў дачыненьні да іх вылучана ў асобнае судовае вядзеньне. Яны абвешчаныя ў вышук.