«Галавакружэньне ад посьпехаў» і кароткая гісторыя перасьледу
Беларускія чыноўнікі нават вышэйшага ўзроўню лічылі за гонар даць інтэрвію журналістам Tut.by. Папулярных карэспандэнтаў і кіраўнікоў партала запрашалі на прыёмы, прэзэнтацыі, імпрэзы.
У траўні 2020 году, калі пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія, а разам зь ёю перасьлед апазыцыйных кандыдатаў, Tut.by пабіў агульнанацыянальны рэкорд: 176 мільёнаў наведваньняў цягам месяца на ўсе старонкі сайту.
У апошнія дні перад закрыцьцём сайт наведвалі 3,3 мільёна ўнікальных карыстальнікаў у дзень — кожны трэці жыхар Беларусі (згодна з дасьледаваньнем кампаніі Gemius, праведзеным у красавіку 2021 году). У кампаніі працавалі каля 200 супрацоўнікаў, больш за 70 — у рэдакцыі сайта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усё ўмомант памянялася». Як год таму разграмілі Tut.by і што сёньня адбываецца зь яго пасьлядоўнікамі зь «Зеркала»- Пасьля пачатку пратэстаў у жніўні 2020 году журналістаў Tut.by затрымлівалі 38 разоў. Кацярыну Барысевіч асудзілі на 6 месяцаў зьняволеньня за праўдзівую публікацыю пра тое, што забіты Раман Бандарэнка з «плошчы Перамен» быў цьвярозы.
- Летам 2020 году нарадзіўся сумны жарт «Ва ўсім вінаваты Tut.by».
- 18 траўня 2021 году рашэньнем Мінінфармацыі Tut.by быў заблякаваны (фармальная падстава — згадваньне фонду BySol).
- У той жа дзень завялі крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніцтва парталу аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА 15 чалавек: галоўную рэдактарку сайта Марыну Золатаву; гендырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну і двух яе намесьнікаў; рэдактарку аддзелу палітычных і эканамічных навінаў Вольгу Лойку; журналістку разьдзелу «Грошы і ўлада» Алену Талкачову; галоўнага інжынэра Алу Лапатку; бухгальтараў, юрыстаў, іншых супрацоўнікаў.
- Нават удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера Юлія Чарняўская была пад хатнім арыштам. Частку фігурантаў справы цягам году вызвалілі, некаторых ужо асудзілі.
- Летам 2021 году Tut.by выключылі з складу рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгій.
- 13 жніўня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
- Цяпер абвінавачаных пяцёра. Пад вартай утрымліваюць былых галоўную рэдактарку парталу Марыну Золатаву і генэральную дырэктарку Людмілу Чэкіну.
- Журналісткам Вользе Лойцы, Алене Талкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнцы ўвесну 2022 году зьмянілі меру стрыманьня, яны на волі.
Расказваем пра асноўных фігурантаў справы.
«Рэдакцыя жартавала, што Марына ніколі ня сьпіць»
Марыне Золатавай 45 гадоў. Яна нарадзілася ў Менску, скончыла ліцэй БДУ, філфак БДУ і асьпірантуру Інстытуту мовазнаўства. Дасканала ведае баўгарскую мову.
У журналістыку прыйшла ў 19 гадоў яшчэ студэнткай — спачатку на Радыё 101,2 FM, затым працавала ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН. У 2004 годзе прыйшла на Tut.by — тады сайт быў агрэгатарам навінаў, туды быў патрэбны галоўны рэдактар. Дзякуючы шмат у чым Марыне Золатавай Tut.by стаў самым папулярным інтэрнэт-парталам краіны.
Былая супрацоўніца Tut.by Ульяна Бабаед кажа, што пра Марыну Золатаву вельмі цяжка расказваць — не хапае словаў, каб паказаць маштаб асобы.
«Вельмі вялікая па беларускіх мерках рэдакцыя працавала як невялікі гнуткі стартап. „Паспрабуем? Давайце — проста зараз“. „Добра спрацавала — будзем разьвіваць. Не — паспрабуем нешта новае“.
Хуткасьці былі касьмічныя. Сьмеласьць, адсутнасьць страху перад новым, уменьне мяняцца, пачынаць, шукаць — адметныя рысы Марыны.
Рэдакцыя жартавала, што Марына ніколі ня сьпіць. На Tut.by выходзіла за дзень да 200 матэрыялаў, і мне здаецца, што толькі Марына магла прачытаць іх усе! Ня ведаю, калі яна адпачывала, але паведамленьні ад Марыны прыходзілі мне і а 7-й раніцы, і а гадзіне ночы.
Гэта пры тым, што ў Марыны сям’я, двое дзяцей, яна актыўна займаецца спортам. Гэтую загадку — адкуль у яе на ўсё ёсьць сілы, час і энэргія — я так і не разгадала», — прызнаецца Ўльяна Бабаед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня плачу ад гора ці злосьці, а ад радасьці ці замілаваньня магу». Вытрымкі зь лістоў Марыны Золатавай. Сёньня ёй 45 гадоўМарына захапляецца спортам, бегае паўмаратоны, добра плавае, любіць падарожнічаць. Займацца фізкультурай, падтрымліваць добрую фізычную форму яна знаходзіць магчымасьць нават у СІЗА.
19-гадовая дачка Золатавай Надзея Кішкурна раней расказвала Свабодзе:
«Яны займаюцца спортам разам з бацькам — ім вельмі падабаецца спорт. Мама навучыла тату плаваць, а ён — нас. У іх такі „пункцік“ — спорт. Ім вельмі падабаецца на роліках катацца. Яны гуляюць у бадмінтон. Мы з братам, калі былі малыя, таксама любілі ролікі, ровар, бегалі, трэніраваліся. Брат Фёдар захапляецца спортам...
А яшчэ мама вельмі добра малюе. Яшчэ калі яна вучылася ў школе, яе малюнак трапіў на міжнародны конкурс у Мюнхэн, і яна яго выйграла», — узгадвае дачка Марыны Золатавай Надзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я ў думках абдымаю матулю». Дачка галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай пра маленства і выпускны бяз маціДзяўчаты, якія сядзелі з Марынай у адной камэры і выйшлі, зь цеплынёй узгадваюць яе чалавечыя якасьці, дабрыню, клапатлівасьць, спагадлівасьць.
Калега Марыны Золатавай Ульяна Бабаед кажа, што ў Марыны ёсьць стрыжань.
«Дастаткова паразмаўляць зь ёй паўгадзіны, каб зразумець, што гэта чалавек зь цьвёрдай пазыцыяй, маральнымі прынцыпамі і правільнымі жыцьцёвымі арыенцірамі. Яна заўсёды хацела як мага больш расказаць пра Беларусь, пра тое, што тут адбываецца, кожная дробная падзея была навіной для Tut.by — таму што Марына верыць у тое, што ўсё можна выправіць, палепшыць, верыць у дыялёг, у дыскусію, у разьвіцьцё грамадзтва — і, галоўнае, у тое, што ўсё можна зрабіць самім, без аглядкі на кагосьці», — перакананая Ўльяна Бабаед.
Галоўная рэдактарка Тut.by мае прэстыжныя журналісцкія прэміі: у 2018-м яна была «Чалавекам году» па вэрсіі «Нашай Нівы», мае прэмію «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая (2019 год), узнагароду «Reporter:innenpreis 2021», якую штогод уручае Форум рэпартэраў Нямеччыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты«Людміла ніколі не парушыць ніводнага закону, нават самага супярэчлівага»
Генэральная дырэктарка «Тут Бай Медыа» Людміла Чэкіна нарадзілася ў 1978 годзе ў расейскім Сергіевым Пасадзе. Бацька Людмілы — вайсковец, яе сям’я шмат разоў пераяжджала і яшчэ да развалу Савецкага Саюзу асела ў Жодзіне. Людміла скончыла спачатку юрыдычны тэхнікум з чырвоным дыплёмам, пасьля юрыдычны факультэт БДУ.
Працавала юрыстам у Жодзіне, 8 гадоў таму пераехала ў Менск.
У 2008 годзе стала юрысконсультам кампаніі «Надзейныя сыстэмы» — яе прывёў у калектыў заснавальнік Tut.by Юры Зісер.
У 2012-м Чэкіну прызначылі генэральным дырэктарам «Надзейных сыстэм». Яна скончыла курс Executive MBA у бізнэс-школе ІПМ. У 2017-м узначаліла «Тут Бай Медыа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеных супрацоўніц Tut.by Золатаву і Чэкіну ўключылі ў «сьпіс тэрарыстаў»Былая рэдактарка парталу Ўльяна Бабаед расказвае, што калі яна пачала там працаваць, Людміла яшчэ не была гендырэктарам, была юрыстам.
«Таму ўсе праблемныя тэксты я ўзгадняла зь ёй. Людміла вельмі ўедлівы, скрупулёзны юрыст, які разьбірае падрабязна ўсе нюансы і тонкасьці. Яна верыць у закон. І я, паколькі працавала зь ёю, магу з упэўненасьцю сказаць, што ўсе абвінавачваньні ў яе адрас абсурдныя і надуманыя: Людміла ніколі не парушыць ніводнага закону. Гэта тычыцца нават самых супярэчлівых законаў, якія дзейнічаюць у сёньняшняй Беларусі».
Калі ў 2017-м Людмілу Чэкіну прызначылі гендырэктарам, Ульяна нават крыху засмуцілася, што рэдакцыя губляе высакакляснага юрыста, якому ўсе давяралі.
Калегі кажуць, што Людміла Чэкіна — вельмі дэмакратычны дырэктар. У яе ніколі не было асабістага кабінэта і сакратара. Яна езьдзіла на грамадзкім транспарце. Часьцяком на працу хадзіла ў джынсах, абедала разам з усімі супрацоўнікамі на агульнай кухні ў офісе.
Сын Людмілы Чэкінай Аляксей вучыцца ў БДУ на дызайнэра, дома яе чакаюць два каты — Оскар і Веня.
У чым абвінавачваюць Tut.by
- Людмілу Чэкіну абвінавачваюць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, арганізацыі распальваньня сацыяльнай варожасьці, распаўсюджваньні матэрыялаў з заклікамі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.
- Марыну Золатаву, Вольгу Лойку і Алену Талкачову абвінавачваюць у дапамозе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, распальваньні сацыяльнай варожасьці, распаўсюджваньні матэрыялаў з заклікамі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь.
- Кацярыну Ткачэнку вінавацяць у дапамозе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць былых супрацоўніц Tut.by, прадугледжваюць пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі да 6 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У справе Tut.by будуць судзіць пяць чалавекСьледчы камітэт назваў суму меркаваных стратаў у справе TUT.by«Усё ўмомант памянялася». Як год таму разграмілі Tut.by і што сёньня адбываецца зь яго пасьлядоўнікамі зь «Зеркала»