Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе Tut.by будуць судзіць пяць чалавек


Марына Золатава (справа) і Людміла Чэкіна
Марына Золатава (справа) і Людміла Чэкіна

Генэральная пракуратура вывучыла крымінальныя справы, якія паступілі са Сьледчага камітэту для накіраваньня ў суд, на працаўнікоў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людмілу Чэкіну, Марыну Золатаву, Вольгу Лойку, Алену Талкачову і Кацярыну Ткачэнку.

Як паведамляе пракуратура, Чэкінай інкрымінавалі ўхіленьне ад выплаты падаткаў, арганізацыю распальваньня сацыяльнай варожасьці і звады, а таксама распаўсюд матэрыялаў з заклікамі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі.

Золатаву, Лойку і Талкачову абвінавачваюць у дапамозе ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, распальваньні сацыяльнай варожасьці і звады, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі.

Ткачэнцы закідаюць дапамогу ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Пракуратура адзначае, што Чэкіна таксама арганізавала, а Золатава, будучы галоўным рэдактарам, нароўні зь іншымі асобамі, у тым ліку Лойкай і Талкачовай, мела непасрэднае дачыненьне да апублікаваньня ў 2020–2021 гадах на рэсурсе Tut.by і зьвязаных зь ім акаўнтах у сацыяльных сетках інфармацыйных матэрыялаў, якія зьмяшчалі ў тым ліку:

  • загадзя пазытыўную ацэнку дзеяньняў апанэнтаў улады;
  • сьвядома нэгатыўнае адлюстраваньне рашэньняў службовых асобаў, іншых грамадзян, якія выступалі за захаваньне дзейнага канстытуцыйнага ладу;
  • прыхаваную каардынацыю пратэставай актыўнасьці ў грамадзтве;
  • зьвесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў краіне і прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі.

Марына Золатава і Людміла Чэкіна знаходзяцца за кратамі ўжо 574 дні. Кацярыне Ткачэнка ў красавіку 2022 года зьмянілі меру стрыманьня з хатняга арышту на падпіску аб нявыезьдзе. Вольгу Лойку выпусьцілі з-за кратаў сёлета ў сакавіку, а Алену Талкачову — у ліпені. Аднак вызначаныя ім меры стрыманьня невядомыя, паколькі абедзьве застаюцца пад падпіскай аб неразгалошваньні. У кастрычніку іх абедзьвюх унесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Пра перасьлед Tut.by

  • 18 траўня офіс рэдакцыі быў заблякаваны за публікацыю «забароненай заканадаўствам інфармацыі», туды прыйшлі супрацоўнікі ДФР. Пазьней у ведамстве паведамілі, што на службовых асобаў завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. На думку сілавікоў, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій атрымаў выручку, не абумоўленую дзейнасьцю, дазволенай для рэзыдэнтаў.
  • У справе затрымалі агулам 15 чалавек: кіраўнікі, журналісты і іншы пэрсанал мэдыйнага парталу Tut.by (Людміла Чэкіна, Марына Золатава, Вольга Лойка, Ірына Рыбалка, Алена Талкачова, Анжэла Асад, Марыя Новік, Ала Лапатка, Аляксандра Дайнека, Андрэй Аўдзееў, Дар'я Данілава, Кацярына Ткачэнка і Ірына Касьцючэнка), а таксама генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў (вызвалілі 1 верасьня) і ўдава заснавальніка Tut.by Юлія Чарняўская. Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • Удава заснавальніка парталу Юрыя Зісера Юлія Чарняўская цяпер пад хатнім арыштам, два дні пасьля затрыманьня пра яе не было нічога вядома, яна перанесла гіпэртанічны крыз і была на нейкі час шпіталізаваная.
  • Сам сайт Tut.by заблякаваны рашэньнем Мінінфармацыі.
  • У сьнежні 2020 году Tut.by на патрабаваньне Міністэрства інфармацыі пазбавілі статусу СМІ. Падставай сталі раней вынесеныя папярэджаньні да матэрыялаў аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў, дзейнасьці Камітэту дзяржаўнага кантролю, беларускай мытні і г.д.
  • Увечары 27 чэрвеня партал выдаліў з сацыяльных сетак усе допісы за апошнія паўтара года.
  • 13 жніўня Суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў інфармацыйную прадукцыю і сацыяльныя сеткі Tut.by і новага праекту тутбаеўцаў Zerkalo.io экстрэмісцкімі.
  • 7 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў пра новую крымінальную справу супраць тутбаеўцаў — за распальваньне варожасьці, учыненае групай асобаў (ч. 3 арт. 130). Максымальная санкцыя па гэтым артыкуле — 12 гадоў зьняволеньня.
  • Справу Tut.by пачалі разглядаць 9 студзеня 2023 ў Менскім гарадзкім судзе. Працэс праходзіў ў закрытым рэжыме, яго ўзначальвала судзьдзя — Валянціна Зянькевіч.
  • На лаве падсудных знаходзіліся галоўная рэдактарка выданьня Марына Золатава, былая генэральная дырэктарка Людміла Чэкіна. Яшчэ тры фігуранткі справы, якім раней зьмянілі меру стрыманьня, – Вольга Лойка, Алена Талкачова і Кацярына Ткачэнка – на судзе не прысутнічалі, яны жывуць за мяжой.
  • 17 сакавіка Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай прысудзілі па 12 гадоў калёніі кожнай.
  • 15 красавіка генэральны дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў напісаў, што ўлады памілавалі дзевецярых фігурантаў справы пасьля пададзенага ў сьнежні прашэньня аб памілаваньні. Партал Zerkalo.io паведаміў, што мае інфармацыю аб тым, што агулам ад крымінальнай адказнасьці вызвалілі 9 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG