«Дабаўце кожнаму зь „неверагодных“ яшчэ пару гадоў турмы». У Беларусі завяршаецца транзыт у таталітарызм

Энвэр Ходжа, Аляксандар Лукашэнгка, Ёсіф Сталін. Каляж

2023 год у Беларусі пачынаецца з гучных палітычных судовых працэсаў (у тым ліку завочных), новых масавых затрыманьняў і арыштаў, росту колькасьці палітвязьняў. Змрок рэпрэсій згушчаецца, і нішто не паказвае на хуткае сьвітаньне.

Зь цяжкасьцю верыцца ў тое, што ўсяго некалькі гадоў таму — у 2019-м і на пачатку 2020-га — многія беларусы чакалі будучага абяцанага Лукашэнкам транзыту ўлады і разьлічвалі на хуткую лібэралізацыю.

Сёньня, на пачатку 2023-га, беларускія грамадзяне становяцца сьведкамі і ўдзельнікамі транзыту зусім іншага кшталту: той рэжым, які больш як два дзесяцігодзьдзі існаваў у форме параўнальна лагоднага аўтарытарызму, канчаткова ператвараецца ў паўнавартасны таталітарны рэжым сталінскага тыпу.

У адзін з апошніх дзён адышоўшага году, 29 сьнежня, рупар афіцыйнай прапаганды «СБ. Беларусь сегодня», камэнтуючы падзеньне ўкраінскай ракеты ў полі ля палескай вёскі ў Янаўскім раёне, прапанавала свой «асымэтрычны адказ» Захаду:

«...Кожны наступны — кожнаму зь неверагодных! — прысуджаны турэмны тэрмін павінен быць абцяжараны дабаўкай пары гадоў проста за раніцу 29 сьнежня 2022 года над палескай вёскай Гарбаха».

Аргумэнтацыя наступная:

«Ні ў кога ж няма сумневу, што менавіта беглыя нашы, пратэстуны і змагары нашы набліжалі гэту хвіліну? Што зараз яны радуюцца, неразумныя манкурты? Што менавіта іхныя ўсёедныя раты выкарыстоўваліся і будуць выкарыстоўвацца для правакацый...»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падобна да правакацыі. Прычым не беларускай, а расейскай». Украінскі вайсковы экспэрт пра ракету на Берасьцейшчыне

Падобныя заклікі са старонак «СБ. Беларусь сегодня» на працягу апошніх двух з паловай гадоў успрымаюцца карным апаратам у Беларусі амаль як дырэктыва. Мала сумневаў, што менавіта такім і будзе іхны «асымэтрычны адказ». І ня толькі на ўкраінскую ракету, якая выпадкова заляцела на беларускую тэрыторыю. Практычна — на любы сур’ёзны выклік, зь якім сутыкаецца рэжым.

Чым адпомсьціць Захаду за ўвядзеньне эканамічных санкцый? Разгромам грамадзянскай супольнасьці. Каго абвінаваціць ва ўсё больш яўным заняпадзе гаспадаркі, у інфляцыі і зьніжэньні рэальных заробкаў? «Беглых» і іхных лідэраў. Як прадэманстраваць Маскве сваю поўную падпарадкаванасьць і адданасьць? Суворымі прысудамі палітвязьням — асабліва тым, якія пратэставалі супраць вайны альбо спрабавалі спыніць расейскія вайсковыя эшалёны. А іншых адказаў на выклікі часу ў рэжыму і няма.

Сілавікі на вуліцах Менска, 1 лістапада 2020

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і іншых лідэраў «Вясны». Яны не прызналі віны. ФОТА, ВІДЭА

І калі Лукашэнка ў сваёй навагоднім звароце абавязвае суграмадзянаў «найперш паважаць і цаніць працу людзей у пагонах» — то ён гэтым акрэсьлівае галоўны вэктар, у якім будзе рухацца Беларусь у бліжэйшы час. І вэктар гэты — вынішчэньне тых ворагаў, якія пакуль яшчэ зь нейкіх прычынаў ня трапілі пад каток рэпрэсій.

Аляксандар Лукашэнка прымае ўдзел пасяджэньні Найвышэйшага Эўразійскага савету ў Бішкеку. 9 сьнежня 2022

Падманны бляск перабудовы і галоснасьці

Гэта вельмі сур’ёзнае выпрабаваньне для грамадзтва. Цяперашнія пакаленьні ў сваім жыцьці ні з чым падобным не сутыкаліся. Вязьняў сталінскіх лягераў сёньня амаль не засталося. Між тым тысячам і тысячам беларусаў наканавана перажыць паўтарэньне таго досьведу. Досьведу траўматычнага і балючага, а часам і трагічнага.

Мне ўспамінаецца другая палова 80-х гадоў, калі ў савецкім грамадзтве была зроблена другая (пасьля Хрушчова) спроба пераасэнсаваць і зрабіць высновы з гісторыі сталінскіх рэпрэсій. Санкцыянаваная Масквой плынь «галоснасьці», здавалася, назаўсёды прарвала ўсе таталітарныя шлюзы. Тысячы публікацый, фільмаў, дакумэнтальных сьведчаньняў. Адкрыцьцё Курапатаў і соцень падобных мясьцін у іншых рэгіёнах...

Помнік ахвярам ГУЛАГу ў Пецярбурзе, 2016

А мне дагэтуль помніцца размова з адным дзядзькам са слуцкай вёскі, якога я зь вялікай цяжкасьцю, праз РАУС і сельсавет, адшукаў, каб узяць у яго інтэрвію для «ЛіМа». Дзядзька быў цікавы тым, што адсядзеў 15 гадоў у розных лягерах у Сыбіры і на Далёкім Усходзе, яго тройчы выпускалі і тройчы потым зноў саджалі — спачатку як кулака, потым як польскага шпіёна, апошні раз — за антысавецкую агітацыю і прапаганду. Дзядзька ўмудрыўся выжыць і вярнуцца ў канцы 50-х гадоў у родную вёску. Без сумневу, памятаў і ведаў процьму ўсяго цікавага.

Але інтэрвію зь ім у мяне не атрымалася. Ён катэгарычна адмаўляўся што-небудзь расказваць. Як ні спрабаваў я яго пераконваць, спасылаючыся на публікацыі «Огонька» і «ЛіМа». Памятаю, мяне тады гэта надзвычай уразіла. Здавалася, грамадзтва ўспрымала тады сталінскія рэпрэсіі як далёкую гісторыю, як змрочную старонку са школьнага падручніка — нешта накшталт прыгоннага права ці Крымскай вайны. І тут гэты дзядзька зь недаверлівым позіркам і сваёй сказанай на разьвітаньне дзіўнай фразай: «Вы што, не разумееце, што ўсё тое можа вярнуцца?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 фактаў пра вязьня сумленьня Ўладзімера Дубоўку, які ненавідзеў Сталіна і стукачоў

Паўтарэньне чагосьці падобнага выглядала тады немагчымым і неверагодным. Салжаніцын вяртаўся з эміграцыі; Сахараў выступаў з трыбуны Зьезду народных дэпутатаў; «Салавецкі камень» памяці ахвяраў ГУЛАГа зьявіўся на Лубянцы, ля галоўнага будынка КДБ. Вярхоўны Савет СССР у сваёй дэклярацыі ад 19 лістапада 1989 года ўрачыста абвясьціў:

«Памяць з асаблівай горыччу вяртае нас у трагічныя гады сталінскіх рэпрэсій. Беззаконьне і самавольства не абышлі бокам ніводную рэспубліку, ніводзін народ. Дапушчаныя ў мінулым масавыя арышты, лягернае пакутніцтва, абяздоленыя жанчыны, старыя і дзеці ў перасяленцкіх зонах працягваюць заклікаць да нашага сумленьня, зьневажаюць маральнае пачуцьцё. Пра гэта забыць нельга... Вярхоўны Савет СССР гарантуе, што зьневажаньне правоў чалавека і нормаў гуманнасьці на дзяржаўным узроўні больш ніколі не паўторыцца ў нашай краіне».

Шэсьце на Курапаты і мітынг на «Дзяды», 2019 год

Хто цяпер памятае пра тыя гарантыі і тую дэклярацыю?

Цяперашнія пакаленьні беларусаў пасьля 2020 года неўпрыкмет апынуліся на новым вітку гістарычнай сьпіралі — акурат у тых умовах, у якіх даводзілася існаваць бабулям і дзядулям у гады сталіншчыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як прыняцьце «самай дэмакратычнай Канстытуцыі» ў СССР прывяло да «Вялікага тэрору». Тлумачыць гісторык

Краіна стабільных рэпрэсій і гвалту

Сёньня, праз два з паловай гады пасьля падзеяў 2020 года, ужо мала хто цешыць сябе надзеяй на тое, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі могуць быць хутка згорнутыя. Колькасьць палітвязьняў у краіне стабільна і няўхільна расьце, судовыя выракі ў палітычных справах становяцца ўсё больш жорсткімі. Рэжым яўна ўвайшоў у смак: кіраваць, маніпуляваць запалоханым грамадзтвам зручна і проста. Можна чакаць, што ў выбарчыя кампаніі 2024 году ўлада разьлічвае ўвайсьці ва ўмовах, калі ў яе ня будзе ня тое што канкурэнтаў — нават слова крытыкі ці незадаволенасьці прамовіць ня будзе каму.

Што суцяшае і пакідае сякую-такую надзею: адданых прыхільнікаў новага таталітарнага ладу ў Беларусі ня так шмат. Усё ж у сталінскім СССР пад палітычныя рэпрэсіі было падведзена ідэйнае абгрунтаваньне: паводле Сталіна, зрынутыя клясы па меры будаўніцтва сацыялізму павінны ўзмацняць супраціў. Каб апярэдзіць клясавых ворагаў — іх трэба зьнішчыць. Вінаваты канкрэтны «вораг народу» ці не — пытаньне другараднае. Калі не вінаваты сёньня, дык будзе вінаваты заўтра. А таму любы гвалт (у тым ліку прэвэнтыўны) лічыўся цалкам апраўданым.

Зьбітыя ўдзельнікі пратэстаў 2020 году

У сёньняшняй Беларусі пры перасьледзе западозраных у неляяльнасьці ці іншадумстве дзейнічае падобны ж прынцып. З адной істотнай розьніцай. У сталінскім СССР усё гэта прыкрывалася высокай ідэйнай мэтай — будаўніцтвам бясклясавага грамадзтва, зямнога раю для людзей працы, вызваленьнем пралетарыяў ва ўсім сьвеце. А чым растлумачыць сёньняшняму беларускаму грамадзтву неабходнасьць цяперашніх палітычных рэпрэсій? Бо нельга дапусьціць, каб было, як на Захадзе, дзе людзі самі выбіраюць сабе ўладу? Бо інакш «беглыя» зрынуць пажыцьцёвую дыктатуру 70-гадовага пэнсіянэра, які давёў краіну да стану, у якім чалавек палохаецца ўласнага ценю?

Найбольш засмучае тое, што пад гэты каток трапілі і ў бліжэйшы час яшчэ могуць трапіць тысячы і тысячы беларусаў, не гатовых да такога гвалту і такіх выпрабаваньняў. Многія сярод хуткай плыні падзеяў 2020 года не адразу здолелі зарыентавацца: пераход ад параўнальна мяккага аўтарытарызму да жорсткай дыктатуры сталінскага тыпу ў Беларусі адбыўся імкліва, літаральна за некалькіх месяцаў. І сёньня цяжка сабе ўявіць, як застрашанае, паралізаванае грамадзтва самастойна можа неяк паўплываць на сытуацыю. Уся надзея на тое, што нешта кардынальна зьменіцца за паўднёвай ці ўсходняй межамі Беларусі, што Лукашэнка ў выніку пераменаў у Расеі страціць падтрымку Крамля. Але і ў такім разе — ці існуе гарантыя, што хуткія зьмены ў Беларусі непазьбежныя?

Узброеныя сілавікі разганяюць марш пратэсту. 2020

Звычайна лічыцца, што доўга ўсядзець «на штыках» немагчыма. Вобраз прыгожы і красамоўны, але гістарычнымі прыкладамі ён часта не пацьвярджаецца. Жорсткая сталінская дыктатура ў СССР трымалася на гвалце спэцслужбаў да апошняга ўздыху тырана. Але гэта вялізная імпэрыя, якая палохала сьвет сваёй вайсковай магутнасьцю. А ці здольная на доўгажыхарства маленькая сталінская дыктатура — ізаляваная ад суседзяў, слабая эканамічна, бяз вонкавай падтрымкі? Такі прыклад таксама ёсьць — гэта камуністычная дыктатура ў Альбаніі, якая праіснавала пасьля Другой сусьветнай вайны больш як сорак гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка быў сярод 3% дэпутатаў, якія 31 год таму не прагаласавалі за незалежнасьць Беларусі

«Пры Энвэру быў парадак!»

Альбанскі дыктатар Энвэр Ходжа быў пасьлядоўным сталіністам, і ўсе сталінскія практыкі захопу і ўтрыманьня ўлады амаль зь люстэркавай дакладнасьцю перанёс у сваю маленькую балканскую краіну. Здавалася, пасьля сьмерці Сталіна, калі хрушчоўская адліга ахапіла сабой усю камуністычную Ўсходнюю Эўропу, Альбанія таксама асуджана была распачаць лібэралізацыю.

Энвэр Ходжа

Але сталініст Ходжа сказаў: не! І ізаляваў сваю маленькую сталінісцкую дыктатуру ад усяго сьвету. Суседзі — Грэцыя і Югаславія — лічыліся зацятымі ворагамі. Савецкі Саюз і амаль усе іншыя былыя сацыялістычныя саюзьнікі — здраднікамі вялікай справы Сталіна. Адносіны падтрымліваліся толькі з мааісцкім Кітаем і румынскім дыктатарам Чаўшэску (у канцы 70-х Альбанія пасварылася і з Кітаем, які на той час ужо распачынаў рэформы. Былыя сябры былі абвешчаны «бандай апартуністаў і наймітаў Захаду»).

...У 70-80-я гады, шукаючы праз шум і трэск глушылак хвалю Радыё Свабода ці «Голасу Амэрыкі», часта можна было выпадкова натрапіць на расейскамоўнае «Радио Тирана». Гэта было забаўнае гістарычнае падарожжа ў краіну будаўнікоў камунізму сталінскага кшталту. У перадачах можна было пачуць, што пільныя спэцслужбы («Сігурымі») выкрылі яшчэ адну банду хрушчоўцаў ці цітаўцаў (альбанскі аналяг трацкістаў); што на чарговай будоўлі камунізму перадавікі вытворчасьці атрымліваюць за свае працоўныя дасягненьні дадатковую міску рысу ці новыя штаны; што ў краіне адкрыты новы помнік Сталіну...

Тысячы альбанцаў скідаюць статую Энвэра Ходжы. 1991

Многія людзі ў камуністычнай Альбаніі рэальна галадалі. Альбанцам з 1968 году забаронена было мець у прыватнай уласнасьці аўтамабіль, лецішча, слухаць рок-музыку, насіць джынсы... А дыктатура трымалася. Бо ўсе чатыры дзесяцігодзьдзі непадзельнай улады Ходжы ў краіне не спыняліся палітычныя рэпрэсіі: выкрывалі то рэвізіяністаў, то апартуністаў, то здраднікаў у кіраўніцтве арміі, то цітаўцаў у партапараце...

Нават у апошні пэрыяд свайго цараваньня, ужо быўшы цяжка хворым, дыктатар не здымаў рукі з гільятыны. 17 сьнежня 1981 году пры цьмяных абставінах нечакана загінуў Мэгмэт Шэгу, які лічыўся другой фігурай у альбанскім камуністычным кіраўніцтве і прэтэндэнтам на галоўную пасаду ў выпадку адхіленьня Ходжы. Шэгу быў абвешчаны здраднікам і змоўшчыкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «А здрадзіш — я цябе павешу!» На каго арыентуецца Лукашэнка, калі помсьціць сваім былым паплечнікам

Энвэр Ходжа ціха памёр у шпітальным ложку 11 красавіка 1985 году ва ўзросьце 76 гадоў. У СССР на той час ужо распачыналася гарбачоўская перабудова. Усходняя Эўропа прачыналася ад летаргічнага сну і рыхтавала свае «аксамітныя рэвалюцыі». А Альбанія яшчэ доўгіх пяць гадоў не магла ачомацца ад змрочных дзесяцігодзьдзяў дыктатуры. У 1986 годзе там яшчэ абвяшчалі жалобу з нагоды сьмерці сталінскага наркама Молатава, а ў 1988-м адкрывалі помнікі і музэі з нагоды 80-годзьдзя памерлага дыктатара Ходжы.

Прэм’ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама (справа) выступае падчас прэс-канфэрэнцыі на саміце Эўразьвяз — Заходнія Бальканы ў Тыране, 6 снежня 2022

...На пачатку ХХІ стагодзьдзя Альбанія ўсё ж перастала быць чорнай плямай на мапе Эўропы, гэткай бальканскай анамаліяй. У 2009 годзе яна ўступіла ў NATO, з 2014-га — афіцыйны кандыдат на сяброўства ў Эўразьвязе.

Спакваля зьніклі з альбанскіх гарадоў і вёсак помнікі дыктатару, закрылі ягоныя музэі, належным чынам — як крывавага тырана і злачынца — ацанілі ролю ў нацыянальнай гісторыі. І нават магілу «вялікага прадаўжальніка справы Сталіна» перанесьлі з алеі Герояў у цэнтры Тыраны на ўскраінныя грамадзкія могілкі. Але на ўсё гэта спатрэбілася некалькі дзясяткаў гадоў. І нават сёньня, калі жахі дыктатуры засталіся далёка ззаду, ад альбанцаў пажылога веку, схільных скардзіцца на сёньняшнія праблемы, не-не ды і пачуеш: «Ходжы на вас няма. Вось пры Энвэру быў парадак!».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.