У інтэрнэце ў адкрытым доступе аказаліся нібыта вынікі ПЦР-тэстаў на каранавірус Лукашэнкі і яго сына Мікалая за пэрыяд з красавіка 2021 па сьнежань 2022 году. Даты правядзеньня тэстаў супадаюць з датамі візытаў Аляксандра Лукашэнкі да Ўладзіміра Пуціна.
Хакеры 31 сьнежня заявілі, што атрымалі вялікую колькасьць зьвестак з кампутараў Рэспубліканскага клінічнага мэдычнага цэнтру кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, у прыватнасьці, даведкі з вынікамі ПЦР-тэстаў на наяўнасьць SARS-Cov-2 Аляксандра Лукашэнкі і яго сына Мікалая. Дактары, чые дадзеныя пазначаныя ў даведках, сапраўды працуюць у гэтым мэдцэнтры. Яго галоўны ўрач — Ірына Абельская, у журналісцкіх расьсьледаваньнях і недзяржаўных СМІ яе называюць маці Мікалая Лукашэнкі.
У якасьці доказу хакеры разьмясьцілі на галоўнай старонцы сайта віншаваньне з Новым годам, у якім яны нагадваюць пра турмы, набітыя палітвязьнямі, і абяцаюць Лукашэнку разьвіваць сваю дзейнасьць: «І тактыка барацьбы атрымае дынаміку ў тых нэгатыўных сцэнарах, якіх Вы баіцеся».
Мяркуючы па датах, тэсты Аляксандра і Мікалая Лукашэнкі былі зробленыя напярэдадні іх візытаў у Расею. Лукашэнка сустракаўся з расейскім прэзыдэнтам пяць разоў у 2021 годзе і восем разоў — у 2022-м.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларускім ТБ Лукашэнку проціпаставілі тым лідэрам, хто падчас пандэміі «схаваўся ў бункеры»З восені 2021 году ў некаторых выпадках праводзілася некалькі тэстаў за адзін і той жа дзень. Часам даведкі выпісваліся да дня тэставаньня, часам у іх пераблытаныя нумары дакумэнтаў. Хакеры робяць выснову, што Лукашэнка мог не здаваць тэсты – яму проста выпісвалі неабходныя дакумэнты. Свабода зьвярнулася па камэнтар да прадстаўнікоў беларускай хакерскай супольнасьці і чакае адказу.
Як мінімум на адной даведцы, выдадзенай Мікалаю Лукашэнку, дата тэставаньня апярэджвае дату выніку тэсту. На гэтай падставе хакеры робяць выснову, што некаторыя тэсты рабіліся толькі на паперы.
У выніках тэстаў Аляксандра Лукашэнкі сустракаюцца два розныя нумары пашпарта: MP 0000001 і MP 1000000. Даведкі Мікалая Лукашэнкі выпісаныя нават на тры дакумэнты: на пашпарт MP 0000001 (такі ж, як у бацькі), на пашпарт MP 2000000 і на дакумэнт PD 000001.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін не прыехаў на саміты ў Менск — і зруйнаваў плян Лукашэнкі легітымізаваць свой рэжымСэрыя PD абазначае біямэтрычны пашпарт. Іх у Беларусі пачалі выдаваць зь верасьня 2021 году. Аднак даведкі на гэты дакумэнт Мікалай атрымліваў ужо ў красавіку і траўні 2021-га. У той жа час у даведцы за ліпень 2021-га, калі ў Мікалая ўжо быў біямэтрычны пашпарт, у якасьці ягонага дакумэнта пазначаны пашпарт з сэрыяй і нумарам MP 0000001, гэта значыць звычайны. Але наяўнасьць біямэтрычнага пашпарта не дапускае валоданьня звычайным папяровым дакумэнтам.
- Аляксандар Лукашэнка неаднаразова адмаўляў існаваньне каранавірусу. Упершыню праблемы з распаўсюджваньнем COVID-19 ён прызнаў у сакавіку 2020 году, але заявіў, што барацьба з пандэміяй у краіне вядзецца «бяз шуму і пылу». 25 сьнежня 2020 году Лукашэнка заявіў, што не зьбіраецца прышчапляцца ад каранавіруснай інфэкцыі. У той дзень у краіне памерлі 496 чалавек. Для параўнаньня, у той жа дзень годам раней памерла на 141 чалавека менш.