«Маштаб пакутаў быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі». Гісторык Тымаці Снайдэр пра тое, як Расея зрабіла прывабнай сваю імпэрскую рыторыку

Савецкія ваеннапалонныя ў Менску, ліпень 1941 году

Амэрыканскі гісторык Тымаці Снайдэр прачытаў у Ейльскім унівэрсытэце зь верасьня па сьнежань курс з 23 лекцый пра фармаваньне сучаснай Украіны. Снайдэр прэзэнтуе падзеі з украінскай гісторыі ў кантэксьце цяперашняй вайны, якую Расея вядзе ва Ўкраіне.

Сярод іншага, гісторык аналізуе, як Расея зрабіла свае імпэрскія наратывы прымальнымі на Захадзе. Прапануем вашай увазе некаторыя думкі з завяршальнай лекцыі. Цалкам усе лекцыі з курсу можна пабачыць на відэа:

Сьцісла:

  • Другая сусьветная была імпэрыялістычнай вайной, дзе Ўкраіна была ў самым цэнтры плянаў Гітлера.
  • Пасьля Другой сусьветнай эўрапейцы працягвалі весьці іншыя войны, пакуль іх не прайгралі. Эўрапейская інтэграцыя адбываецца толькі пасьля гэтых паразаў.
  • Немцы ўзялі на сябе адказнасьць за Другую сусьветную вайну адносна нядаўна і пры гэтым часткова.
  • Нямецкая самакрытыка за Галакост ня згадвала канкрэтныя тэрыторыі і нямецкія імпэрскія амбіцыі. У гэтай дыскусіі самымі важнымі былі нямецкія габрэі, але сярод ахвяраў Галакосту нямецкіх габрэяў было толькі каля 3 працэнтаў.
  • У СССР культ вайны быў «русыфікаваны», з акцэнтам на ролю Расеі.
  • Немцы скіравалі сваю «энэргію вінаватасьці» на цэнтар у Маскве. У Нямеччыне, як і ў СССР, стала панаваць гісторыя, што Другая сусьветная вайна — гэта пра дзясяткі мільёнаў забітых расейцаў.
  • Падчас вайны сапраўды загінулі мільёны расейцаў, але маштаб пакутаў насамрэч быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі. Аднак Расея манапалізавала і перамогу, і ролю ахвяры.
  • Калі Расея пачала вайну супраць Украіны ў 2014 годзе, схаваны імпэрыялізм расейска-нямецкага супрацоўніцтва зрабіўся адкрытым. Ужо пасьля ўварваньня нямецкі ўрад абвясьціў пра дамову аб пабудове газаправоду «Паўночны паток — 2».
  • Сёлетняе расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў значнай ступені паўтарае мадэль нямецкага ўварваньня ў Савецкі Саюз у 1941 годзе.
  • Ідэя, што Ўкраіна разваліцца за тры дні, была ня толькі расейская. У гэта таксама пераважна верылі і ў Бэрліне, і ў Вашынгтоне.
  • Цяперашняя вайна паставіла пад сумнеў думку, што Ўкраіна — гэта слабая дзяржава.
  • Для ўкраінцаў гэта вайна за сваю суб’ектнасьць і за свабоду ў пазытыўным сэнсе — ня толькі ў сэнсе свабоды ад расейцаў, але і свабоды вызначаць, што будзе далей.

Тымаці Снайдэр

«Эўрапейская інтэграцыя пачалася толькі пасьля ваенных паразаў»

  • Цяперашняя імпэрыялістычная вайна, якую Расея распачала ў 2014 годзе і ў якой адбылася эскаляцыя пасьля маштабнага расейскага ўварваньня сёлета ў лютым, шмат нам кажа пра Эўропу і пра яе імпэрскае мінулае.
  • У сваім курсе я відавочна крытыкую імпэрскі наратыў, што Ўкраіны не існуе. Але ёсьць і не настолькі відавочная крытыка эўрапейскага наратыву, быццам бы эўрапейская інтэграцыя стала вынікам вышэйшай мудрасьці Эўропы, якая зразумела, што вайна гэта кепска, а мір — добра.
  • Калі вы з краіны Эўразьвязу, дык вам зь дзяцінства казалі, што эўрапейцы лепшыя за амэрыканцаў тым, што яны перажылі Другую сусьветную вайну і пабачылі, што гэта кепска. Насамрэч гэта ня так. Пасьля Другой сусьветнай эўрапейцы працягвалі весьці іншыя войны, пакуль іх не прайгралі — напрыклад, галяндцы ў Інданэзіі, французы ў Альжыры і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Гэта былі імпэрскія войны.
  • Ёсьць і іншая праблема з такім падыходам — зь яго робіцца выснова, што дастаткова проста весьці зь іншымі народамі гандаль, і ўсё будзе добра. Але важна разумець, што гісторыя эўрапейскай інтэграцыі, з усім яе гандлем, Рымскім пагадненьнем аб стварэньні Эўрапейскай эканамічнай супольнасьці і г. д., адбываецца пасьля паразы ў імпэрыялістычнай вайне.

«Украіна была ў самым цэнтры плянаў Гітлера»

  • Другая сусьветная была імпэрыялістычнай вайной, дзе Ўкраіна была ў самым цэнтры плянаў Гітлера і самой вайны. Тэорыя, якой Нямеччына абгрунтоўвала гэтую вайну, была ў тым, што мацнейшая нацыя і раса павінна калянізаваць слабейшыя. Паводле Гітлера, перашкодай на гэтым шляху былі габрэі, якія сваімі ідэямі нібыта разьмякчалі розумы немцаў, а таксама кіравалі Савецкім Саюзам. У Гітлеравай карціне сьвету габрэі кіруюць украінцамі, і калі забіць габрэяў, дык украінцы будуць рады жыць пад панаваньнем іншых каляніяльных гаспадароў.
  • Немцы плянавалі замарыць голадам дзясяткі мільёнаў савецкіх грамадзян, каб калянізаваць заходнюю частку Савецкага Саюзу. І ў сваіх плянах немцы абапіраліся на досьвед Галадамору — масавага голаду 1932–33 гадоў. Паводле нямецкага аналізу, калгасы ў Савецкім Саюзе можна было выкарыстоўваць, каб накіраваць харчовыя прадукты ў любым напрамку. У рэальнасьці большасьць сьмерцяў ад голаду адбылася ў лягерах для ваеннапалонных — там памерлі каля 3 мільёнаў грамадзян СССР.
  • Для разуменьня цяперашняй палітыкі важна ўсьведамляць, што гэта была імпэрыялістычная вайна, якая ў значнай ступені вялася за Ўкраіну. Параза Нямеччыны ў гэтай імпэрыялістычнай вайне пачала сэрыю паразаў іншых эўрапейскіх дзяржаваў у імпэрыялістычных войнах. Гэта той аспэкт, які звычайна замоўчваецца ў гісторыі эўрапейскай інтэграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эн Эплбаўм: Вайна скончыцца толькі тады, калі зьменяцца настроі ў Маскве і Менску

«Немцы ўзялі на сябе адказнасьць адносна нядаўна і часткова»

  • Расейскі імпэрыялізм цяпер вельмі відавочны, адкрыты і ня надта складаны, але ў нашым цяперашнім аналізе мы часта забываемся пра гісторыю нямецкага каляніялізму і нямецкай імпэрыі.
  • Для Нямеччыны з 1945 па 1989 год асноўнай гісторыяй быў падзел краіны на Заходнюю, дэмакратычную, і Ўсходнюю, камуністычную. У Заходняй Нямеччыне ў 1950-я, 60-я і на пачатку 70-х шмат увагі канцэнтравалася на немцах як ахвярах — «нас бамбавалі ў канцы вайны, столькі людзей загінула, нашу краіну падзялілі». Немцы ўзялі на сябе адказнасьць за Другую сусьветную вайну адносна нядаўна і пры гэтым часткова.
  • Абмеркаваньне нямецкай адказнасьці за вайну пачалося як абмеркаваньне сыстэматычнага масавага забойства габрэяў, Галакосту. Але ў Нямеччыне 1970-х і 80-х Галакост абмяркоўвалі, ня згадваючы тэрыторыі Ўсходняй Эўропы і ня згадваючы нямецкі імпэрыялізм, які і прывёў Нямеччыну ва Ўсходнюю Эўропу. А гэта ключавая частка Галакосту, бо менавіта ва Ўсходняй Эўропе жыла большасьць габрэяў.
  • Нямецкая самакрытыка за Галакост ня згадвала канкрэтныя тэрыторыі і нямецкія імпэрскія амбіцыі. І ў гэтай дыскусіі самымі важнымі былі нямецкія габрэі. Вядома ж, гэта важная гісторыя, але сярод ахвяраў Галакосту нямецкіх габрэяў было толькі каля 3 працэнтаў. Канцэнтрацыя на нямецкіх габрэях дазваляла не пераходзіць на іншыя злачынствы.

«Расея манапалізавала і перамогу, і ролю ахвяры»

  • У 1970-я сацыял-дэмакратычныя ўрады Нямеччыны пачалі працэс прымірэньня з Савецкім Саюзам. Гэта быў брэжнеўскі Савецкі Саюз, і падчас прымірэньня сустрэліся дзьве гісторыі пра тое, што адбылося падчас Другой сусьветнай вайны. У СССР быў культ вайны, дзе «мы былі ахвярамі і пераможцамі». Пакт Молатава-Рыбэнтропа і хаўрус СССР з нацысцкай Нямеччынай былі цалкам табу, дакумэнты пра гэта схаваныя. Пры гэтым культ вайны быў «русыфікаваны», з акцэнтам на ролю Расеі.
  • Савецкая гісторыя сустрэлася зь нямецкай, у якой немцы былі ўсё больш гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за Другую сусьветную вайну. І немцы скіравалі сваю «энэргію вінаватасьці» на цэнтар у Маскве. У Нямеччыне, як і ў СССР, стала панаваць гісторыя, што Другая сусьветная вайна — гэта пра дзясяткі мільёнаў забітых расейцаў.
  • Падчас вайны сапраўды загінулі мільёны расейцаў, але маштаб пакутаў насамрэч быў большы ва Ўкраіне і ў Беларусі. Аднак Расея манапалізавала і перамогу, і ролю ахвяры. І гэтая манаполія зрабілася нечым бясспрэчным і ў Нямеччыне. Расейскі «ціхі імпэрыялізм», адміністрацыйная русыфікацыя 1970-х сустрэліся ў Нямеччыне з адсутнасьцю асэнсаваньня нямецкага імпэрыялізму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра цану сьлёз салдацкіх маці запытайцеся ў Алексіевіч

«Нямеччына не атрымала міру. Нямеччына атрымала паразу ў вайне»

  • Пасьля 1989 году, зь нямецкага гледзішча, адбыўся акт гістарычнай справядлівасьці — абʼяднаньне Нямеччыны. Нямеччына зрабілася найважнейшай дэмакратычнай краінай у Эўропе, яе найбольшай эканомікай. Немцы атрымалі рэпутацыю народу, які разабраўся са сваім мінулым. Але гэтая рэпутацыя заслужаная толькі часткова.
  • З боку Нямеччыны можна было пачуць, што народы Ўсходняй Эўропы — напрыклад, палякі ці ўкраінцы — не разумеюць важнасьці міру, а немцы, маўляў, гэтую важнасьць усьвядомілі. Але ў 1945 годзе Нямеччына не атрымала міру. Нямеччына атрымала паразу ў вайне. Пры гэтым сучасныя нямецкія палітычныя эліты не казалі пра той урок, што дзеля міру імпэрскія дзяржавы павінны атрымаць паразу.
  • У 21 стагодзьдзі — і пры сацыял-дэмакратычным урадзе Гергарда Шрэдэра, і пры хрысьціянска-дэмакратычным урадзе Ангелы Мэркель — палітыка Нямеччыны адносна Расеі будавалася на ідэі, што эканамічнае супрацоўніцтва разьвяжа ўсе праблемы. «Калі мы будзем купляць расейскі прыродны газ, гэта абавязкова пазытыўна паўплывае на Расею».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Расея прайграе ў вайне, гэта расхістае ўладу ў Беларусі». Нямецкі экспэрт пра тое, хто найбольш спрыяе Пуціну

«У 2014 годзе імпэрыялізм расейска-нямецкага супрацоўніцтва зрабіўся адкрытым»

  • Уважлівыя назіральнікі ў сярэдзіне першага дзесяцігодзьдзя 2000-х ужо бачылі, што частка расейскай эліты, у тым ліку прэзыдэнт Расеі, пачынае карыстацца адкрыта фашысцкай рыторыкай. Але ў Нямеччыне гэтага зусім не заўважалі. Здаецца, што лёгіка была такая: «Мы супраць фашызму, а значыць, калі мы зь імі вядзем справы, яны ня могуць быць фашыстамі». Выглядае, што гэтая лёгіка панавала да пачатку сёлетняга расейскага ўварваньня.
  • Калі Расея пачала вайну супраць Украіны ў 2014 годзе, схаваны імпэрыялізм расейска-нямецкага супрацоўніцтва зрабіўся адкрытым. Расея здолела пасьпяхова пашырыць імпэрыялістычныя клішэ: «Украіна ніколі не была сапраўднай дзяржавай, украінцы — не сапраўдны народ, але калі яны народ, дык карумпаваны, і таму іх дзяржава разваліцца, бо яна карумпаваная. І, дарэчы, яны ўсе нацысты. І геі». Гэтак яно працуе з аўдыторыяй у сацыяльных сетках — калі вам не падабаюцца геі, вам скажуць, што ўсе ўкраінцы — геі, а калі вы супраць нацыстаў, вам скажуць, што яны ўсе нацысты. А калі вы любіце нацыстаў, вам скажуць, што ўсе ўкраінцы — насамрэч габрэі.
  • Гэтая імпэрская рыторыка ў часы Майдану, у 2013–14 гадах, была ў значнай ступені прынятая нямецкімі СМІ. Дыскусія канцэнтравалася на пытаньнях: «Ці сапраўды яны ўсе нацысты? (А гэта іншы спосаб спытацца: ці сапраўды яны ўсе барбары?) Наколькі вінаватыя самі ўкраінцы ў тым, што адбываецца?» Усё гэта адпавядала традыцыі нямецкага імпэрскага погляду на Ўкраіну. А расейцы сьвядома маніпулявалі гэтым, ведаючы нямецкія перакананьні.
  • Ужо пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2014 годзе нямецкі ўрад Ангелы Мэркель абвясьціў пра дамову аб пабудове газаправоду «Паўночны паток — 2». Тады ня толькі палякі і ўкраінцы, але і некаторыя заходнеэўрапейскія саюзьнікі Нямеччыны ўспрынялі гэта як узнагароду Расеі за ўварваньне ва Ўкраіну. Бо сутнасьць «Паўночнага патоку — 2» — дазволіць без праблем пастаўляць расейскі газ у Эўропу ў абыход тэрыторыі Ўкраіны.

Тымаці Снайдэр (справа) падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Ўкраіны Ўладзімірам Зяленскім у Кіеве, 2 лістапада 2022

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Эўропа адбіла «газавую атаку»? Тлумачэньне эканаміста

«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну паўтарае нямецкае ўварваньне ў СССР»

  • У ліпені 2021 году Пуцін у сваім артыкуле пісаў, што цяперашнія падзеі былі перадвызначаныя тысячу гадоў назад. Паводле яго, падзеі, якія адбыліся тысячу гадоў назад, даюць яму права казаць, хто сапраўдны народ, а хто не. Гэта клясычны імпэрыялістычны погляд: «Яны не народ, а племя, клан, а іх дзяржава — не сапраўдная дзяржава, закон іх ня тычыцца. Да таго ж, што такое закон?».
  • Сёлетняе расейскае ўварваньне ва Ўкраіну ў значнай ступені паўтарае мадэль нямецкага ўварваньня ў Савецкі Саюз. Пры гэтым калі расейцы гавораць пра «дэнацыфікацыю», яны кідаюць прынаду заходнім СМІ, асабліва нямецкім, прапануючы ім: «Чаму б вам не пагутарыць пра гэта?» Хай тэмай дыскусіі будзе «Колькі нацыстаў можа быць ва Ўкраіне», а не «Мы пачалі ўварваньне ў гэтую краіну».
  • Падабенствы паміж двума ўварваньнямі ўражваюць — ідэя, што Ўкраіна існуе толькі дзякуючы змовам; ідэя, што Расея не агрэсар, а ахвяра змоваў, таму ёй давялося напасьці на Ўкраіну; ідэалягічнае абгрунтаваньне, што дзяржавы, на якую вы нападаеце, насамрэч не існуе. Маўляў, яна трымаецца толькі дзякуючы змовам і таму разваліцца, як толькі вы па ёй ударыце. Гэта літаральна тое, што Гітлер казаў пра Савецкі Саюз, а Пуцін кажа тое ж самае пра Ўкраіну.
  • У цяперашнім нападзе таксама ёсьць антысэміцкі элемэнт, зьвязаны з прэзыдэнцтвам Уладзіміра Зяленскага, які зьяўляецца габрэем. Хоць гэты элемэнт ня мае такога вялікага значэньня, як у нямецкім выпадку, ён павялічваецца ў расейскіх СМІ зь цягам часу. Таксама практычна плягіятам можна назваць ідэю, што ўкраінцы — гэта каляніяльны народ, у якога цяпер адзін гаспадар, але ім было б лепш зь іншым гаспадаром.
  • Палітыка Расеі ва Ўкраіне ўключае ў сябе дэпартацыі насельніцтва, у тым ліку дзяцей, вынішчэньне элітаў, згвалтаваньні як палітычны інструмэнт, бамбаваньне шляхоў эвакуацыі, а таксама пазбаўленьне насельніцтва доступу да вады і электраэнэргіі. Пачатак зімы 2022 году да болю нагадвае зіму 1941 году, калі людзей забівалі, пазбаўляючы іх доступу да патрэбных рэчаў.
  • Мільёны савецкіх ваеннапалонных загінулі не таму, што іх расстралялі, — хоць такое таксама было, асабліва з палоннымі габрэямі, — але ў асноўным таму, што яны ня мелі доступу да жыцьцёва неабходных рэчаў. Цяпер Расея спрабуе паўтарыць гэта ва Ўкраіне. У Нямеччыне такіх паралеляў цяпер не праводзіцца, бо немцы ў асноўным не прызвычаіліся думаць пра Другую сусьветную вайну як пра тое, што адбывалася на ўсходзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новага году не адменіць ніхто!» У Бахмуце паставілі сьвяточную ялінку, нягледзячы на блізкасьць фронту і пастаянныя абстрэлы

«Вайна паставіла пад сумнеў думку, што Ўкраіна — слабая дзяржава»

  • Цяперашняя вайна мяняе погляды. Раней існаваў кансэнсус, ня толькі ў Нямеччыне, але і ў Злучаных Штатах, што Ўкраіна — гэта слабая дзяржава. Падзеі лютага, сакавіка, красавіка і рэшты 2022 году паставілі гэты кансэнсус пад сумнеў.
  • Ідэя, што Ўкраіна разваліцца за тры дні, была ня толькі расейская. У гэта таксама пераважна верылі і ў Бэрліне, і ў Вашынгтоне. І прычына, чаму мы ў гэта верылі, моцна зьвязаная з нашай уласнай імпэрскай мінуўшчынай. Тут рэч ня толькі ў расейскай прапагандзе, але і ў нашай схільнасьці да канкрэтнага тыпу аргумэнтаў — пра тое, што іншыя народы карумпаваныя, ня мелі сапраўднай дзяржавы і што яны ўсе радыкалы.
  • Сытуацыя мяняецца — напрыклад, у канцы лістапада Бундэстаг прызнаў Галадамор генацыдам. Мне хочацца думаць, што ад гэтага недалёка да разуменьня таго, як нямецкае плянаваньне масавага голаду ў 1941–42 гадах было зьвязанае з Галадаморам.
  • Калі мы гаворым пра імпэрыі, важна памятаць, што яны грунтуюцца на адмаўленьні субʼектнасьці іншых. «Мы існуём, а яны насамрэч не існуюць». Гісторыя расейскага імпэрыялізму ва Ўкраіне — гэта таксама гісторыя ўкраінскай рэакцыі на гэты імпэрыялізм. І тут мне найбольш цікавымі падаюцца апошнія дзесяцігодзьдзі. Расеяй кіруюць тыя ж эліты, што і 20 гадоў таму. У выпадку Ўкраіны гэта ня так. Людзі, якія цяпер кіруюць Украінай, пераважна маюць каля 40 гадоў.
  • Украінскія дзеяньні, у тым ліку на палях баёў, залежаць ня толькі ад дзяржавы, якая выявілася нашмат больш функцыянальнай, чым многія думалі. Шмат залежыць ад грамадзянскай супольнасьці, ад гарызантальных сувязяў, якія запаўняюць тыя нішы, дзе дзяржава ня можа даць рады.
  • Для ўкраінцаў гэта вайна за сваю субʼектнасьць і за свабоду ў пазытыўным сэнсе — ня толькі ў сэнсе свабоды ад расейцаў, але і свабоды вызначаць, што будзе далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пакуль не выказваў захапленьня Лукашэнкам, але гэта пытаньне часу, — гісторык Тымаці Снайдэр