Лукашэнка правёў дзясятую сустрэчу з Пуціным цягам году. На гэты раз у музэі

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у музэі. Пецярбург, 27 сьнежня 2022

У расейскім Санкт-Пецярбургу 26 і 27 сьнежня праходзіць нефармальная сустрэча кіраўнікоў краін Садружнасьці незалежных дзяржаў (СНД).

Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у 2022 годзе ўжо дзесяць разоў, зь іх толькі адна сустрэча была ў Менску (19 сьнежня). Папярэдні раз ён зь ім сустракаўся 24 сьнежня ў Зорным гарадку.

У аўторак 27 сьнежня стала вядома аб перамовах Пуціна і Лукашэнкі пад карцінамі ў адной з залаў Рускага музэя. Пуцін назваў гэта «зносінамі ў выдатных інтэрʼерах». У Рускім музэі быў арганізаваны і працоўны сьняданак.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, напярэдадні позна вечарам ён абмеркаваў з расейскім прэзыдэнтам многія пытаньні, і былі расстаўлены «многія кропкі над i».

«Працягваем наш дыялёг менскі, бо ён быў у асноўным аб эканоміцы», — цытуе Лукашэнку «Інтэрфакс».

Пра менскую сустрэчу Пуціна і Лукашэнку паведамлялася на мінулым тыдні — на фоне паведамленьняў аб узрастаньні актыўнасьці прэзыдэнта Расеі ў пытаньнях, зьвязаных з ходам вайны ва Ўкраіне, і меркаваньняў экспэртаў аб магчымай падрыхтоўцы Масквой другога этапу ваеннага ўварваньня ў суседнюю краіну, на гэты раз сумесна з беларускай групоўкай. Уладзімір Пуцін 19 сьнежня прыляцеў у Менск упершыню з пачатку ўварваньня расейскага войска ва Ўкраіну.

У сустрэчы ў Пецярбургу 26 і 27 сьнежня бяруць удзел акрамя Лукашэнкі і Пуціна лідэры Азэрбайджану, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэністану, Узбэкістану, прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, а таксама прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наколькі Лукашэнка самастойны ў пытаньнях вайны і міру? Думка Юрыя Дракахруста

Лукашэнка як галоўны саюзьнік Пуціна ў вайне

Рэжым Лукашэнкі лічыцца адным з галоўных саюзьнікаў Расеі ў яе вайне супраць Украіны. У лютым расейскія войскі ўжо наступалі на Кіеў з тэрыторыі Беларусі. Беларускае войска ва ўварваньні непасрэдна ня ўдзельнічала, а пасьля адступленьня з-пад Кіева і Чарнігава ў канцы сакавіка новых спроб наступленьня зь беларускай тэрыторыі не рабілася.

За напад на Ўкраіну краіны Захаду ўвялі некалькі пакетаў жорсткіх санкцыяў ня толькі супраць расейскіх афіцыйных асоб і кампаній, але і супраць атачэньня Лукашэнкі.

ЗША і іншыя дзяржавы, якія падтрымліваюць Кіеў, абвінавачваюць Расею ў жорсткасьці ў адносінах да ўкраінскага народу. Парлямэнты некалькіх краін абʼявілі Расею спонсарам тэрарызму або тэрарыстычным рэжымам, такую ж рэзалюцыю ўхваліў і Эўрапарлямэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лявада-цэнтар»: Лукашэнка разам зь Мішусьціным і Шайгу заняў трэцяе месяца ў рэйтынгу папулярнасьці ў Расеі пасьля Пуціна і Лаўрова
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта галоўнае злачынства Лукашэнкі». Як вайна ва Ўкраіне зьмяніла Беларусь

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.