«Мы чакаем Калядаў, цудаў і павароту сонца». Вядомыя беларусы ўзгадваюць, што добрага здарылася зь імі ў 2022 годзе

Ніка Сандрас, Барыс Гарэцкі, Аляксандар Памідораў, Тацяна Нядбай, Уладзімер Пугач, Аксана Колб, Андрэй Хадановіч. Каляж

Гісторыі пачулі самыя розныя: ад падарожжа за палярнае кола да эвакуацыі з Украіны, ад радасьці фізычнае працы да замілаваньня суседзкім сабачкам.

«У цяжкія часы мы павінны адзін аднаго падтрымліваць»

Паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч узгадвае, як 21 сакавіка, у Сусьветны дзень паэзіі, ён апынуўся ў Варшаве, куды на пару тыдняў прыехаў з Кракава.

Андрэй Хадановіч

«У доме, дзе я спыніўся, была кавярня Ramen. І я, каб далёка не хадзіць, спусьціўся да яе, зрабіў замову і сеў чакаць знадворку, сьпінай да вітрыны, за якой завіхаліся кухары і афіцыянткі.

Разгарнуў беларускую кніжку — вершы Вальжыны Морт, чытаю. І неяк за вітрынай гэта ўбачылі. Да мяне выйшла афіцыянтка: «Што ж вы адразу не сказалі, што вы беларус! У нас тут працуюць беларусы, і мы вырашылі, што ў гэтыя цяжкія часы — рэпрэсія, вайна, крыўды на беларусаў — мы павінны адзін аднаго падтрымліваць. Вам 20-працэнтная зьніжка!»

Я ўсьцешыўся, павіншаваў дзяўчыну з Днём паэзіі, радасна напісаў Вальжыне і ўсім на фэйсбуку, але зьніжкай не скарыстаўся, бо «тут працуюць беларусы» і «ў цяжкія часы мы павінны адзін аднаго падтрымліваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусу можа быць камфортна сярод палякаў і ўкраінцаў». Зьявіўся новы беларускі каляндар на чатырох мовах

«Гэта пытаньне выжываньня для мяне — калі я магу граць канцэрты»

Уладзімер Пугач, лідэр гурту J:Mors, самай прыемнай падзеяй году лічыць тое, што ён зноў выступае з канцэртамі і піша новыя творы.

Уладзімер Пугач

«Дзякуючы таму, што я пераехаў зь Беларусі ў Польшчу, я атрымаў магчымасьць працаваць. І гэта ня патас, гэта пытаньне выжываньня для мяне — калі я магу граць канцэрты.

Проста 20 гадоў ты гэта робіш, штодня рэпэтуеш, пішаш новыя творы, штотыдзень выступаеш, прывыкаеш да такога шалёнага рытму жыцьця. А потым — поўная забарона. І гэтай энэргіі няма. І ты скочваесься ў дэпрэсію.

За апошнія два гады ў Беларусі мы сыгралі ноль канцэртаў, а калі ў красавіку я прыехаў сюды, да сваіх слухачоў, я зноў пачаў граць. І гэта для мяне такое адчуваньне шчасьця! Калі ты ў становішчы, якое крыху нагадвае тваё нармальнае жыцьцё! Канечне, не ўва ўсім. Але ў нейкім спэктры. Папрацаваць, зладзіць канцэрты, паезьдзіць з гастролямі, сустрэцца са сваім слухачом — гэта так клясна! Канечне, гэта не зусім тое, як мы жылі да 2020 году. Але ўсё ж нейкае адчуваньне шчасьця ёсьць.

Тах хочацца, каб у 2023 годзе мы не гаварылі: „Ой, нам здавалася, што было ўсё дрэнна ў 2020–2022 гадах, а цяпер яшчэ горш!“. Вось каб мы гэтага не казалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі пісьменьнік трапіў у доўгі сьпіс кандыдатаў на ўкраінскую прэмію Drahomán Prize-2022 для перакладчыкаў

«Палярная ноч, Аўрора, купаньне ў Арктычным акіяне. І кніга пра Алеся Бяляцкага»

Тацяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНу, у лістападзе пабывала ў творчай камандзіроўцы — правяла месяц за палярным колам на нарвэскай высьпе Шпіцбэрген. Бачыла палярную ноч, Аўрору (палярнае зьзяньне. — РС), сьляды жыцьця, якое было 40–60 мільёнаў гадоў таму. Купалася ў ледзяным Арктычным акіяне.

Тацяна Нядбай

«Гэта зусім іншы сьвет, у які ты прыходзіш госьцем і сыходзіш, напоўнены гэтым досьведам. Ноч — самы камфортны час для мяне. Усё навокал заціхае, і ёсьць магчымасьць застацца сам-насам з сабою і занурыцца ў думкі. Самы цёмны час году — лістапад і сьнежань да сонцавароту — найбольш дэпрэсіўны для многіх. Мы чакаем Калядаў, цудаў і павароту сонца. Для мяне апынуцца на глыбіні ночы вельмі важна, бо гэта дае адчуваньне зямлі пад нагамі і магчымасьць адштурхнуцца.

Такім адштурхоўваньнем у сьвятло стала кніга пра Алеся Бяляцкага. З моманту абвесткі пра Нобэля Алесю да моманту выданьня кнігі прайшло роўна два месяцы. Два тыдні мы „разварушваліся“ і думалі: „Ці трэба? Ці зможам?“

А потым узяліся і зрабілі. Два тыдні кніга друкавалася і пасьпела ў Осла на цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі. Гэта наш падарунак сабе, наша падзяка Алесю і наша спроба расказаць пра сябра і калегу іншым. А таксама — магчымасьць гаварыць пра іншых зьняволеных і рэпрэсаваных у Беларусі.

За год на чужыне ўдалося нешта зрабіць для Беларусі і для тых (і за тых), хто сядзіць — значыць, я не здалася. Гэта таксама радасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Плянуем падтрымаць 50 праектаў». Беларуская Рада культуры расказала, на што яна патраціць 2 мільёны эўра

«За кратамі я сустрэла цудоўных людзей, якія сталі маімі сябрамі»

Галоўная рэдактарка выданьня «Новы час» Аксана Колб лічыць, як гэта ні дзіўна прагучыць, што яе арышт у красавіку — тое самае добрае, што зь ёю здарылася ў 2022 годзе. Журналістка, якую асудзілі на 2,5 года «хіміі» і якой удалося пакінуць Беларусь, патлумачыла чаму.

Аксана Колб

«Перш за ўсё таму, што, магчыма, упершыню я выразна зразумела, што ёсьць галоўнае ў гэтым жыцьці. А галоўнае — гэта людзі, што побач. Толькі за кратамі ты разумееш, наколькі важна трымацца свайго выбару і што такое свабода.

Як клясна радавацца кожнаму дню, пражытаму побач з блізкімі і сябрамі. Як ярка сьвеціць сонейка. Сьпяваюць птушкі. І можна радавацца проста зялёнаму лісточку, які прабіўся праз бэтонную сьцяну.

За кратамі я сустрэла цудоўных людзей, якія сталі маімі сябрамі. А з узростам сяброў рэдка калі становіцца болей. Нарэшце, там я зразумела, што ўсе гэтыя гады мы з калегамі рабілі вельмі годную справу, за якую мне ня сорамна. Ну і, канечне ж, проста неверагодна прыемна было пасьля арышту і адседкі абняць сваіх блізкіх і сяброў. І зразумець, як важна, што побач з табой людзі, якія заўсёды гатовыя дапамагчы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Царкоўная дэмакратыя падчас вайны. Ва Ўкраіне паступова пераходзяць на сьвяткаваньне Калядаў 25 сьнежня

«Калі скрозь сон чую, як пані крычыць у сквэры: „Майка! Ходзь!“, я ўсьміхаюся»

Мастачка Ніка Сандрас кажа, што гэты год быў вельмі цяжкі для яе, але цікавы. Прызнаецца, што доўга думала, што было кранальнага і прыемнага. І зразумела, што пры ўсёй разнастайнасьці падзей з самым цёплым пачуцьцём яна думае пра суседзкага сабачку.

Ніка Сандрас

«Па суседзтве з намі жыве сабака Майка. Майка сярэдняга памеру, чорненькая, лахмаценькая, з рудымі вушамі.

У Майкі ёсьць адна цікавая асаблівасьць — пэрыядычна яна спыняецца і, замершы, глядзіць на дрэва, качак у канале, на клюмбу, на манашак з касьцёла, на зьзяючыя гірлянды, на птушак, што пралятаюць міма. Стаіць і ўсё разглядае.

Выгульваюць Майку без ашыйніка. Калі яна спыняецца, гаспадыня сабачкі, пані элегантнага ўзросту з валасамі колеру „баклажан“ пачынае крычаць здалёк: „Майка, ходзь! Ну! Ходзь! Курвэ Майка!“

А Майка стаіць і стаіць, пагружаная ў свой глыбокі сабачы дзэн.

І як толькі гаспадыня падыходзіць зусім блізка, Майка нібыта прачынаецца і, радасна віляючы хвастом, бяжыць ёй насустрач.

Рана-ранкам, калі скрозь сон чую, як пані крычыць у сквэры: „Майка! Ходзь! Ну...“, я ўсьміхаюся.

Мы ўсе крышачку Майка».

Малюнак Нікі Сандрас

«Пры эвакуацыі з Украіны ніводзін беларускі журналіст не пацярпеў»

24 лютага, калі пачалася вайна, сям’я намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага ўжо стала жыла ў Кіеве. І самым кранальным і цёплым адкрыцьцём ён лічыць салідарнасьць і падтрымку калег, якія дапамаглі яго блізкім у цяжкі час.

Барыс Гарэцкі

«Пачатак вайны мы праспалі, раніцай 24 лютага былі з выключанымі тэлефонамі. Потым некалькі дзён знаходзіліся ў шоку, ня ведалі, што рабіць. Начавалі ў бамбасховішчы. Усё ж такі вырашылі зьяжджаць, калі гэта было амаль немагчыма. Але нам патэлефанавалі сябры з Free Belarus Center, яны гатовыя былі вывезьці нас на аўтобусе. Мы суткі ехалі да Львова. Калі спыніліся на запраўцы, над намі быў паветраны бой, хоць выглядаў ён як вайсковае шоў, бачылі шмат вайсковай тэхнікі, чулі выбухі...

Потым быў Львоў, вакзал, тысячы ўцекачоў. Але і тут нам пашанцавала — сябры пасялілі нас да сябе, адправілі ў Варшаву. А там ужо родныя іншых сяброў гатовыя былі прыняць на любы час. Праз 5 дзён цяжкай дарогі гэта было так кранальна!

Дабраліся да Вільні, і там наша сяброўка Ірына Новік з выданьня „Гродна лайф“ вызваліла для нашай вялікай сям’і сваю кватэру, а сама пайшла жыць да сяброў. У Вільні мы адразу пачалі збор гуманітарнай дапамогі для калег ва Ўкраіне. Празь дзень наш каворкінг быў ужо застаўлены каробкамі. І дагэтуль мы працягваем зьбіраць сродкі, перадаваць тэхніку ўкраінскім калегам — каб дапамагчы ім выстаяць.

Самае галоўнае ў гэтай гісторыі — што пры эвакуацыі з Украіны ніводзін беларускі журналіст не пацярпеў. Людзі заставаліся ня толькі ў Кіеве, але і на ўсходзе, у Марыюпалі. У Чарнігаве нашы калегі былі цэлы месяц у аблозе, але ўсім удалося вырвацца бяз страт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна — бязглуздая, сатанінская, крамлёўская. Пра беларускае слова 2022 году

«Самы вялікі кайф я атрымліваю ад фізычнай працы. Вельмі файны досьвед»

Рок-музыка, шоўмэн Аляксандар Памідораў ніколі не баяўся фізычнай працы — даводзілася працаваць грузчыкам і на менскай Камароўцы, і ў варшаўскім «Ашане», на будоўлі, пагрузцы-разгрузцы. А сёлета ён меў нагоду мантаваць сцэны для канцэртаў сусьветных зорак.

Аляксандар Памідораў

«Калі я вучыўся ў Інстытуце культуры, у Акадэміі мастацтваў, то як рэжысэр драмы вывучаў усё абсталяваньне сцэны. І я ўяўляў, што ведаў усё пра сцэнічныя пляцоўкі. Аказалася, што не. Вельмі цікава было працаваць на мантажы і дэмантажы, калі ты сам сцэнічны чалавек.

Самая цікавая сцэна з пункту гледжаньня канструкцыі — у Rammstein, а самая тэхналягічная і відовішчная — канечне ж, у Coldplay. Вельмі файны досьвед. Адчуваньне такое, што праца ёсьць, і ёсьць дзе працаваць, у адрозьненьне ад Беларусі.

А пра забавы — гэта паездка ў Гданьск зь сябрам, лідэрам гурту „Дай дарогу“ Юрыем Стыльскім. Мы зладзілі прагулку пасьля канцэрту. Ходзім па горадзе, там масты разводзяць, прыгожыя лодкі, катэры плаваюць. Юра кажа: „А давай пакатаемся“. — „Давай“. Знаходзім стаянку.

Гданьск — вельмі дарагі горад, і нам за гадзіну „заломваюць“ та-а-акі кошт! Я кажу: „Хлопча, у нас няма гадзіны — мы маем толькі паўгадзіны. Мы музыкі“. Ён кажа: „Ну, тады вам зьніжка“. І папярэджвае: „Толькі туды не заяжджайце, гэтага не рабіце“ і г. д. „Канечне!“ — кажам. Карацей, селі ў гэтую маторную лодку. Памятаеце, як па Сьвіслачы ў Менску ходзяць катамараны з пэдалямі? А тут прыкладна такая ж прылада, але замест пэдаляў — маторчык! І мы як мы далі газу! За гэтыя паўгадзіны мы праехалі ўсе каналы ажно да вэрфі! На хаду мяняліся зь Юрыкам месцам за стырном, паводзілі сябе як 15-гадовыя падлеткі — гэта было неверагодна! На маторцы мы са Стыльскім — цалкам цьвярозыя, проста ашалелі, парушылі ўсё, што магчыма!»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой кліп „Баю-бай“ паглядзелі ўсе мянты». Вялікая размова зь лідэрам «Дай дарогу!» Юрыем Стыльскім