Навошта Пуцін едзе ў Беларусь? Некалькі імаверных сцэнароў

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, Заслаўе, 30 чэрвеня 2019 г.

Што можа стаяць за абвешчаным візытам у Менск Уладзіміра Пуціна, які ня быў у Беларусі больш за тры гады? Палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст аналізуе магчымыя прычыны і сцэнары разьвіцьця падзеяў.

Сьцісла

  • Пуцін едзе ў Беларусь, каб гэтым пацешыць самалюбства Лукашэнкі.
  • Гэта, хутчэй за ўсё, падсалоджваньне горкай пігулкі.
  • Найбольш імаверны варыянт — новы сухаземны напад расейскіх войскаў на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, з удзелам беларускага войска ці безь яго.
  • У лютым не было патрэбы цешыць самалюбства Лукашэнкі, бо меркавалася, што вайна будзе маланкавай і пераможнай.
  • Магчымая тэма перамоваў — стварэньне аб’яднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.
  • Вельмі малаверагодны, але ня выключаны варыянт — выкарыстаньне Лукашэнкі як пасярэдніка для перамоваў паміж Украінай і Расеяй аб перамірʼі.

Апошні раз прэзыдэнт Расеі наведваў Беларусь тры з паловай гады таму — 30 чэрвеня 2019 году. З тае пары Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь кіраўніком Расеі незьлічоную колькасьць разоў, але кожны раз — у Расеі ці на нейкай міждзяржаўнай нарадзе, але не ў Беларусі. І чарговая, пераднавагодняя сустрэча, анансаваная ўжо пэўны час таму, таксама традыцыйна магла адбыцца ў Расеі. Чаму ж традыцыя парушаная?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін упершыню за тры з паловай гады наведае Беларусь

Калі адказваць агулам — каб пацешыць самалюбства Лукашэнкі. Ён бы, зразумела, узяў і грашыма (і возьме, і дадуць), але воля да ўлады прагне нечага большага. Ён неаднойчы скардзіўся на тое, што на Захадзе яго трактуюць як бязвольную марыянэтку гаспадара Крамля. Гэта і крыўдна (асабліва таму, што не зусім няпраўда), і перад падначаленымі і сваім народам няёмка — а раптам і праўда падумаюць, што іхны «бацька» — ужо Пуцін, а ня ён.

Але, у сваю чаргу, а чаму менавіта цяпер узьнікла патрэба палагодзіць гэтыя душэўныя пакуты Лукашэнкі? Ізноў жа кажучы агулам, каб падсаладзіць нейкую горкую пігулку, якую яму прапануюць пракаўтнуць.

Якой яна можа быць? Няўцямны парадак дня будучай сустрэчы ўказвае на два магчымыя «гатункі» гэтай «пігулкі»: «саюзныя праграмы паглыбленьня інтэграцыі» і «пытаньні бясьпекі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў, што будзе абмяркоўваць з Пуціным: «Сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі непарушныя»

Новы напад на Ўкраіну празь Беларусь

І вайсковыя экспэрты, і вайскоўцы дружна кажуць, што цяперашняе зьніжэньне інтэнсіўнасьці баявых дзеяньняў ва Ўкраіне — гэта зацішша перад бурай. Зьніжэньне адноснае, пад Бахмутам зараз горача. Тым ня менш наперадзе, гледзячы на ўсё, больш маштабныя баявыя дзеяньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнакамандуючы ўкраінскім войскам: Расея зноў можа атакаваць Кіеў зь Беларусі

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валеры Залужны ў інтэрвію брытанскаму The Economist заявіў, гаворачы пра пляны Расеі ў вайне: «Я не сумняваюся, што яны зноў паспрабуюць атакаваць Кіеў». Ён пазначыў рэсурсы для гэтага новага наступу (200 тысяч новых салдатаў), тэрміны (студзень–сакавік) і магчымы кірунак нападу — празь Беларусь.

Ваенная хітрасьць нікуды не прапала, так што тэарэтычна ня выключана, што якраз атакі на Кіеў Залужны і не асьцерагаецца. Але калі ўсё ж асьцерагаецца і нават упэўнены, што такім і будзе адзін з кірункаў новага расейскага наступу, то вось і адна з магчымых горкіх пігулак, якую Пуцін вязе Лукашэнку.

Яна надзвычай горкая, нават калі ўдзелу беларускага войска ў нападзе не прадугледжваецца. Калі ж прадугледжваецца і гэта, то пігулка робіцца хіба не сьмяротнай, прычым у тым ліку і асабіста для Лукашэнкі.

Можна запярэчыць: ну дык у лютым таксама плянаваўся напад празь Беларусь, але тады ж Лукашэнка езьдзіў да Пуціна, а не наадварот. Чаму тады не было патрэбы гэта падсалоджваць? Аднак варта прыгадаць, што тады гэта бачылася як лёгкая, маланкавая пераможная кампанія, ледзь не ўрачысты марш на парад на Храшчаціку, «Кіеў за тры дні». Прычым так гэта бачылася многім і ў Маскве, і ў Менску, і нават некаторым у заходніх сталіцах. А перад маршам на парад навошта было асабліва цешыць самалюбства Лукашэнкі? Перабʼецца.

А цяпер усё зусім па-іншаму. Цяпер вядома і зразумела, што ніякіх трох дзён ня будзе, што будуць доўгія і крывавыя баі на новым фронце. Цяпер таксама вядомая і надзвычай цяжкая для рэжыму Лукашэнкі цана міжнароднай рэакцыі на падобную эскаляцыю канфлікту. І ахвота глытаць тую ж маскоўскую пігулку зноў у Лукашэнкі значна меншая, чым была ў лютым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад пакідае Лукашэнку шляхі для адступленьня, — палітоляг Марозаў

Дарэчы, тое, што Беларусь ня трапіла ў апошні пакет санкцыяў ЭЗ — сьведчаньне, што гэтую лёгіку разумеюць і ў Брусэлі. Там таксама своеасаблівым чынам — ня пернікам, а адсутнасьцю чарговай пугі — цешаць самалюбства Лукашэнкі, мякка даючы зразумець, што лепш бы ён той маскоўскай пігулкі не глытаў. Калі ён здольны ад гэтага ўхіліцца.

Ну а Пуцін прыедзе з адваротнай прапановай. Вельмі падобнай на загад.

Мяркую, што гэта базавы варыянт, самы праўдападобны адказ на пытаньне, чаму і навошта Пуцін едзе ў Менск.

Беларускае войска — пад камандаваньне расейскіх генэралаў

Інтэграцыйная тэма як галоўная на перамовах у панядзелак здаецца ўсё ж менш імавернай. Зьлівы пра тое, як Крэмль скідае (варыянт — забівае) Лукашэнку, ставіць на яго месца Зася і хуценька анэксуе Беларусь, з захапленьнем чытаюцца шаноўнай публікай. Але выглядаюць далёкімі ад рэальнасьці.

Так, Расея абвясьціла пра анэксію 4 вобласьцяў Украіны, але фактычна спыніла аналягічны працэс далучэньня да РФ Паўднёвай Асэтыі; не ідзе нават размоваў аб нечым падобным адносна Прыднястроўя і Абхазіі. Пры тым, што і ступень залежнасьці гэтых тэрыторыяў ад Крамля ў іх ня меншая, чым у Беларусі, а ступень міжнароднага прызнаньня — значна меншая, чым у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея можа прызначыць Зася кіраўніком Беларусі, а сьмерць Макея невыпадковая, — аўтары скандальнай публікацыі Robert Lansing Institute

Пасьля 24 лютага немагчымых рэчаў, здаецца, не засталося, але наконт маланкавай анэксіі выглядае, што хутчэй не, чым так. Яно і псыхалягічна недарэчна: навошта рабіць пастаноўку з дэманстрацыяй, што Лукашэнка — усё яшчэ кіраўнік незалежнай дзяржавы, а не губэрнатар расейскай правінцыі, каб заўтра зрабіць яго якраз губэрнатарам?

Адзінае інтэграцыйнае пытаньне, якое можа паўстаць на парадку дня сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна — гэта вайсковае, зьвязанае зь першым. Нагадаем, што ў сярэдзіне кастрычніка было абвешчана аб фармаваньні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі. Пакуль, прынамсі вонкава, справа зьвялася да завозу некалькіх тысяч (да 10 тысяч) расейскіх змабілізаваных для вышкалу на беларускіх палігонах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ў Беларусі расейскія войскі?

Аднак тады ж, у кастрычніку, назіральнікі прыгадвалі, што палажэньні аб рэгіянальнай групоўцы прадугледжваюць стварэньне агульнага камандаваньня гэтай групоўкай. Ня тое каб аўтаматычна і катэгарычна патрабуюць гэтага, але такі пункт ёсьць.

І вось стварэньне такога камандаваньня і можа стаць тэмай гутаркі. Гэта не пра анэксію непасрэдна і адразу. Але гэта пра чарговае істотнае абмежаваньне беларускага сувэрэнітэту і асабістай улады Лукашэнкі.

З 24 лютага і да апошняга часу расейскія войскі на тэрыторыі Беларусі рабілі што хацелі. Але не было зьвестак, каб расейскія генэралы, расейскія камандзіры непасрэдна кіравалі беларускімі вайскоўцамі. А вось калі будзе створанае адзінае камандаваньне рэгіянальнай групоўкай, то будуць. І менавіта яны. А Лукашэнка ўжо не.

Гэта другі магчымы гатунак горкай пігулкі для яго, прыём якой падсалодзяць візытам Пуціна да яго. Ну а расейцам для нападу на Ўкраіну з поўначы, зразумела, будзе зручней, калі беларускае войска будзе ім падпарадкаванае наўпрост, нават калі яно ня будзе залучанае ў напад. Ну і ў пэрспэктыве — гэта як бы анэксія, але ў растэрміноўку.

Варыянт са стварэньнем абʼяднанага камандаваньня рэгіянальнай групоўкі другі паводле імавернасьці, які можа стаць тэмай перамоваў.

«Менск-3» — і Лукашэнка зноў «голуб міру»

Яшчэ адзін, зусім малаімаверны, але ня выключаны варыянт не зьвязаны з горкімі пігулкамі. Праз розныя каналы Масква апошнім часам дае зразумець, што хацела б пэўнага замірэньня. Ня міру (зараз прымальнай яго формулы для Кіева і Масквы проста не існуе), але замірэньня. І, як той казаў, вы будзеце сьмяяцца, але Лукашэнку зноў могуць прапанаваць ролю міратворца, пасярэдніка, гаспадара пляцоўкі для «Менску-3». Так бы мовіць, месца намоленае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка разумее, што больш не кантралюе сытуацыі ў Беларусі цалкам, — фінскі экспэрт Мошэс

І тады сэнс візыту Пуціна ў Менск — дэманстрацыя, што Лукашэнка яшчэ самастойны гулец, кіраўнік незалежнай дзяржавы, здольны быць пасярэднікам паміж незалежнымі дзяржавамі. Вельмі малаімаверна, але як пробны шар — чаму не? У лютым украінцы ж пагадзіліся на пасярэдніка-суагрэсара. Прайшло нават некалькі раўндаў украінска-расейскіх перамоваў у Беларусі. Тады, праўда, сытуацыя была іншай.

Але якая сапраўды сытуацыя цяпер, стане зразумела пазьней, калі яна зноў зьменіцца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.