Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад пакідае Лукашэнку шляхі для адступленьня, — палітоляг Марозаў


Эшалён з расейскімі танкамі на станцыі Навабеліца ў Гомелі, 30 сакавіка 2022
Эшалён з расейскімі танкамі на станцыі Навабеліца ў Гомелі, 30 сакавіка 2022

Чаму чарговы пакет санкцыяў ЭЗ за агрэсію супраць Украіны не закрануў Беларусь? Для чаго прыяжджаў у Беларусь міністар абароны РФ Сяргей Шайгу? Ці пашлюць неўзабаве беларускае войска на вайну? Хто мае рацыю ў канфлікце вакол тэлеканалу «Дождь»?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.

Сьцісла

  • Цяперашняя стратэгія Масквы не зусім зразумелая, таму ЭЗ зрабіў паўзу ў санкцыях супраць Беларусі.
  • Разумеючы злачынны характар рэжыму Лукашэнкі, Эўропа лічыць, што трэба захаваць для яго магчымасьць адступіць.
  • Шайгу прыяжджаў да Лукашэнкі, каб азнаёміць яго з плянам наступу, які Расея рыхтуе ва Ўкраіне.
  • На мой погляд, беспасярэдняга ўдзелу беларускага войска ў вайне ў найбліжэйшы час не плянуецца.
  • «Дождь» дапусьціў вялікую памылку. Мяркую, ягоная ліцэнзія на трансьляцыю будзе адноўленая.
  • «Дождь» павінен вызначыцца са сваёй канцэпцыяй, вызначыць, што ён ёсьць.
  • Дыстанцыявацца ад расейскага войска каналу давядзецца.

— Днямі Эўразьвяз зацьвердзіў чарговы пакет санкцыяў за агрэсію супраць Украіны. Санкцыі гэтага пакету тычацца Расеі, але не закранаюць Беларусь. Ступень ангажаванасьці рэжыму Лукашэнкі ў вайну пасьля апошняга пакету санкцыяў ЭЗ ня толькі ня зьменшылася, а нават павялічылася: створана рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расеі, у Беларусь завезьлі некалькі тысяч расейскіх змабілізаваных, яны на беларускіх палігонах праходзяць вышкал пад наглядам інструктараў дзьвюх дзяржаваў. У Беларусі не сьціхаюць палітычныя рэпрэсіі, колькасьць палітвязьняў ужо амаль дасягнула 1500. А пад чарговыя санкцыі Беларусь ня трапіла. Чаму?

Аляксандар Марозаў
Аляксандар Марозаў

— Я не надаваў бы асаблівай увагі гэтаму чыньніку. Зараз ані ЭЗ у цэлым, ані асобныя краіны Зьвязу ня хочуць падштурхнуць сытуацыю да канчатковага падпарадкаваньня Беларусі Расеі і ўступленьня беларускай арміі ў вайну на баку Расеі. Для Ўкраіны Беларусь і так краіна-агрэсар. Але ўсё, што робіцца з тэрыторыі Беларусі — гэта яшчэ не наўпрост ваенны ўдзел. А можа ж быць і наўпрост. І краіны ЭЗ гэтага не хацелі б.

Ці можна сказаць, што, не ўключаючы Беларусь у 9-ы пакет санкцыяў, ЭЗ адчыняе Лукашэнку нейкія дзьверы? Можа, і не. Беларускія вайскоўцы навучаюць расейскіх змабілізаваных, беларускі ВПК вырабляе вайсковае абсталяваньне і зброю для расейскай арміі — думаю, ніхто ня лічыць, што Лукашэнка здольны самастойна зрабіць крок назад ад бездані.

Ці спрабуюць Лукашэнку стымуляваць не рабіць крокаў, якія ня варта рабіць? Можа, і не. Але зараз не зусім зразумелая стратэгія Масквы ў гэтай вайне, і таму ў санкцыях для Беларусі паўза.

— Але калі Лукашэнка — проста марыянэтка, раб Пуціна, то навошта рабіць рэвэрансы ў ягоны адрас?

— Эўрапейская дыпляматыя заўсёды дзейнічала такім чынам, каб пакідаць калі ня дзьверы, дык фортку адчыненай, захоўваючы опцыю выхаду з сытуацыі нават для такой фігуры, як Лукашэнка.

Ад далейшай пазыцыі Беларусі шмат што залежыць у пытаньні бясьпекі ўсяго рэгіёну. Яе ўступленьне ў вайну сваёй арміяй будзе азначаць поўную страту сувэрэнітэту і ператварэньне яе ў частку Расеі. А гэта вельмі кепская пэрспэктыва. Таму, разумеючы злачынны характар рэжыму Лукашэнкі, нават кіраўнікі Літвы і Польшчы лічаць, што трэба захаваць для яго магчымасьць адступіць.

— На мінулым тыдні Беларусь наведаў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу. Ён зь міністрам абароны Беларусі Віктарам Хрэніным падпісаў пратакол да пагадненьня аб рэгіянальнай групоўцы, а таксама сустрэўся сам-насам з Аляксандрам Лукашэнкам. Мінулы раз Шайгу прыяжджаў у Беларусь сёлета ў лютым, за некалькі дзён да пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Цяперашні візыт — таксама падрыхтоўка да чарговага ўварваньня? Прывёз Шайгу Лукашэнку «чорную метку» альбо загад беларускаму войску ўступіць у вайну?

— Гэта важная падзея. Мне здаецца, Шайгу прыяжджаў у Менск, каб расказаць Лукашэнку ў агульных рысах плян наступу, які Масква рыхтуе на Ўкраіну. Канчаецца пэўная «перадышка» ў актыўных наступальных дзеяньнях. Усе вайсковыя экспэрты кажуць, што Крэмль назапашвае рэсурсы для вялікай сухаземнай апэрацыі, правёў мабілізацыю, ня выключана, што наступная фаза мабілізацыі будзе ў студзені.

— Аляксандар, беларусаў вельмі цікавіць, пра чый наступ ідзе размова — толькі расейскай арміі ці расейскай арміі разам зь беларускай?

— На мой погляд, падчас гэтага візыту Шайгу не прывёз Лукашэнку ніякага рашэньня наконт удзелу беларускай арміі ў вайне. Ён проста паінфармаваў Лукашэнку пра пляны, пра вельмі шмат іншых аспэктаў вайсковай і вайскова-тэхнічнай супрацы, акрамя непасрэднага ўдзелу беларускага войска ў вайне. Гэта не азначае, што пазьней не адбудзецца далейшага ўцягваньня Беларусі ў вайну. Але, на мой погляд, ня зараз.

— Вось розныя факты, якія абазначаюць супрацьлеглыя тэндэнцыі.

  • У Беларусі камісарыяты масава праводзяць зьверку дакумэнтаў вайсковаабавязаных.
  • У бюджэце краіны налета прадугледжаны рост вайсковых выдаткаў на 40%.
  • Кіраўнік украінскай выведкі заяўляе, што ў Беларусі канцэнтруецца абаронная, а не наступальная зброя.
  • Вядома, што зь Беларусі ў Расею ў вялікіх памерах выводзяцца ўзбраеньні.

Ці вынікае з гэтага адназначная выснова, якую вы зрабілі: у найбліжэйшы час беларусаў не пашлюць ваяваць?

— Нельга ж выключаць іншых варыянтаў: не канечне ўдзел беларускіх вайскоўцаў у вайне будзе ў выглядзе наступальных апэрацыяў празь беларуска-ўкраінскую мяжу. Гэта можа быць перадысьлякацыя беларускіх вайскоўцаў на расейскую тэрыторыю і выкарыстаньне іх на захопленых тэрыторыях у якасьці дапаможных падразьдзяленьняў для гарнізоннай службы. Гэта будзе такі прамежкавы варыянт. І на гэта Лукашэнка можа пайсьці. Магчыма, менавіта такія мадэлі і сцэнары і прапаноўваў Шайгу.

— Яшчэ адно маё пытаньне — пра канфлікт вакол тэлеканалу «Дождь». Гэты сюжэт, на першы погляд, непасрэдна ня тычыцца Беларусі. Але нядаўна вядоўца гэтага каналу Ганна Мангайт сказала ў інтэрвію Свабодзе, што ў 2020 годзе, у разгар пратэстаў, у Беларусі траціна дарослага насельніцтва глядзела «Дождь». З улікам гэтага фактару, гэтай праекцыі на Беларусь, якая вашая ацэнка гэтага канфлікту?

— Наколькі я ведаю, на памер аўдыторыі расейскіх і беларускіх мэдыя, якія знаходзяцца за межамі сваіх краінаў, вельмі паўплывала тое, што іх адключылі ад індэксаваньня ў расейскіх пошукавых сыстэмах — у Яндекс.Дзен, у Mail.ru. Іх аўдыторыі істотна зьменшыліся.

«Дождь» паведамляў, што ягоная аўдыторыя пасьля рэлякацыі і сыходу з Расеі вырасла. «Дождь», безумоўна, быў і, спадзяюся, застанецца важнай крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі. І ня толькі інфармацыі, але і поглядаў на падзеі. Канал, разам з шэрагам іншых расейскіх і беларускіх мэдыя, фармуе адэкватную карціну гэтай вайны.

Крэмль рабіў сур’ёзныя высілкі, каб «Дождь» замоўк, Гэтаксама як і Лукашэнка рабіў крокі, каб замаўчалі беларускія мэдыя, якія працягваюць асьвятляць сытуацыю ў краіне і становішча палітвязьняў.

«Дождь», безумоўна, зрабіў вялікую памылку. Акрамя таго, паўплывала тое, што канал легкадумна паставіўся да абавязаньняў, атрымаўшы ліцэнзію на трансьляцыю ў кабэльных сетках Латвіі.

Спадзяюся, што ліцэнзія «Дождя» будзе адноўленая. Бо пры ўсіх хібах, якія ў працы каналу былі, ніхто ў ЭЗ не сумняваецца, што «Дождь» займае пасьлядоўную антыпуцінскую, антыкрамлёўскую, антываенную пазыцыю.

Пазыцыя каналу ў тым, што Ўкраіна павінна аднавіць свой сувэрэнітэт і кантроль над сваімі межамі ня толькі на 23 лютага 2022 году, але і на 31 сьнежня 1991 году.

Мяркую, што «Дождь» яшчэ адыграе важную ролю, у тым ліку і ў вызваленьні Беларусі ад дыктатуры.

— Вы лічыце, што яму адновяць ліцэнзію ў Латвіі ці што дадуць у іншай краіне ЭЗ?

— Мне здаецца, адновяць ліцэнзію ў Латвіі. Надта вялікая дыскусія ідзе вакол гэтага рашэньня. Многія юрысты лічаць, што ёсьць шанцы аспрэчыць у судзе адміністрацыйнае рашэньне аб пазбаўленьні каналу ліцэнзіі.

— У сувязі з гэтым канфліктам да вас як да прафэсійнага філёзафа — маральна-філязофскае пытаньне. Адзін бок кажа: гэта вайна, а на вайне як на вайне, і журналісты «Дождя» ня маюць права ў краіне ЭЗ гаварыць «наша армія». Гэта армія забойцаў! Вы з арміяй забойцаў? Гэта адна аргумэнтацыя.

Другі бок кажа: гэта вайна, а на вайне як на вайне. Істотнай часткай вайны ёсьць псыхалягічная вайна. Так было з старажытных часоў. І мэта псыхалягічнай вайны — зьмена паводзінаў людзей, на якіх яна скіраваная. І хай нават журналісты і скажуць «наша армія», калі яны паўплываюць на паводзіны расейцаў, у тым ліку і ў той самай арміі.

— Частка дыскусіі вакол гэтага і адбываецца. Сама канцэпцыя каналу «Дождь» пасьля таго, як ён рэлякаваўся з Расеі, да канца ня вызначаная, сам канал ня вызначыў, чым ён ёсьць. Калі канал вырашае для сябе, што ён частка контрапрапаганды, тады ён дзейнічае разам з групай украінскіх контрапрапагандысцкіх каналаў, якія перадаюць на расейскай мове.

— ...Каналаў з даволі невысокай эфэктыўнасьцю і невялікай аўдыторыяй. Адрозна ад «Дождя».

Зразумела, «Дождь» больш эфэктыўны. Але калі пазыцыя фармулюецца так, тады гэта контрапрапагандысцкі канал. Але калектыў «Дождя» лічыць сябе незалежным мэдыя, а не заангажаваным, прапагандысцкім. Яны павінны з гэтым вызначыцца.

— А як гэтае пытаньне адносна «Дождя», і ня толькі яго, выглядае ў заходнім дыскурсе, як яго разьвязваюць заходнія асобы, якія прымаюць рашэньні? Яны, дарэчы, маюць досьвед вельмі многіх псыхалягічных войнаў. Сам тэрмін увёў ва ўжытак амэрыканец Пол Лайнбаргер, які гэтае рамяство ведаў не па чутках.

— Канфлікт у «Дождя» ўзьнік таму, што ён ня стаў у лінейку контрапрапагандысцкіх мэдыярэсурсаў. Калі б кіраўніцтва ЭЗ, NATO, Латвіі лічыла, што пазыцыя каналу пэўная і што ён стаў часткай абароны Эўропы на ўсходнім флянгу NATO, то тады б і зь ліцэнзіяй не было праблемаў. Але «Дождь», перабраўшыся ў Латвію, зрабіў скандальныя інтэрвію з мэрам Рыгі, пачаў асьвятляць унутраную палітыку Латвіі. Навошта? Калі ён арыентаваны на вырашэньне праблемаў вайны, навошта ўплішчвацца ў праблематыку, якая «Дождя» ня тычыцца?

Аргумэнтацыю, што «Дождь» дасягае сэрцаў простых расейцаў, чуюць у Эўропе. Журналісты каналу кажуць, што калі яны гавораць «наша армія», то ня страчваюць сувязі з сваёй аўдыторыяй. Але, мяркую, дыстанцыявацца ад расейскай арміі ім давядзецца, калі яны хочуць працаваць у Латвіі. Бо як бы расейскія грамадзяне зараз ні глядзелі на вайну, ёсьць вельмі пэўнае ўяўленьне аб адказнасьці. Заўтра «Дождь» будзе вымушаны выразна аддзяліць насельніцтва ад Крамля і яго дыскурсу. Гэта непазьбежна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG