Аб гэтым ён распавёў у інтэрвію выданьню The Economist, апублікаваным 15 сьнежня.
«Расейцы рыхтуюць каля 200 тысяч новых салдат», — сказаў Залужны. — «Я не сумняюся, што яны зноў паспрабуюць атакаваць Кіеў».
Выданьне, спасылаючыся на словы Валерыя Залужнага, піша, што Расея ўжо ў студзені ці ўвесну можа пачаць вялікі напад на Ўкраіну.
«Другая, вельмі важная для нас стратэгічная задача — стварыць рэзэрвы і падрыхтавацца да вайны, якая можа адбыцца ў лютым, у лепшым выпадку ў сакавіку, а ў горшым — у канцы студзеня. Ён можа пачацца не на Данбасе, а ў накірунку Кіева, у напрамку Беларусі, я не выключаю і паўднёвы кірунак».
The Economist адзначае, што на працягу месяца на 1000 км фронту амаль не было руху, і зьвяртае ўвагу на заяву брытанскага адмірала Энтані Радакіна аб тым, што недахоп артылерыйскіх снарадаў азначае, што магчымасьці Расеі для наземных апэрацый «хутка памяншаюцца».
У сваёй новай справаздачы аналітыкі з амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW)таксама заяўляюць, што, магчыма, Расея стварае ўмовы для правядзеньня новага наступу на Ўкраіну — верагодна, на Кіеў — зімой 2023 года. Пры гэтым у ISW лічаць, што такая атака «надзвычай малаверагодна» можа быць пасьпяховай, а напад Расеі зь Беларусі пакуль не зьяўляецца непазьбежным.
«Надзвычай малаверагодна, што расейскія сілы будуць атакаваць поўнач Украіны зімой 2023 г. больш пасьпяхова, чым гэта было ў лютым 2022 года. Звычайныя сілы Расеі моцна дэградавалі і ім не хапае той баявой моцы, якая ў іх былы, калі Расея спрабавала ажыцьцявіць (і праваліла) сваю поўнамаштабную спробу захапіць Кіеў у лютым 2022 года. Расейскія войскі не змаглі захаваць свае дасягненьні па ўсёй Украіне і страцілі больш за 70 000 квадратных кілямэтраў акупаванай тэрыторыі пасьля таго, як пакінулі Кіеў», — гаворыцца ў справаздачы.
«Расейскія сілы ў Бахмуце прасоўваюцца ня больш чым на 100-200 мэтраў за суткі пасьля засяроджваньня там асноўных намаганьняў. Расея не ўстанавіла перавагі ў паветры, не кажучы ўжо аб панаваньні ў паветры ва Ўкраіне, і ў асноўным вычарпала свой арсэнал высокадакладных боепрыпасаў. Украінскія войскі са свайго боку падрыхтавалі значную абарону на поўначы Ўкраіны і цяпер лепш падрыхтаваны да абароны, чым у лютым 2022 года», — дадалі ў ISW.
Па словах аналітыкаў, мясцовасьць каля беларуска-ўкраінскай мяжы не зьяўляецца спрыяльнай для манэўранай вайны, а магчымыя шляхі ўварваньня зь Беларусі ў Кіеў праходзяць праз абаронныя блёкпасты ў Чарнобыльскай зоне адчужэньня, дзе ўкраінскія войскі зараз маюць досьвед абароны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.