Брытанская выведка ацаніла раптоўную праверку баявой гатоўнасьці беларускіх войскаў

Падчас раптоўнай праверкі баявой гатоўнасьці беларусікх войскаў, 13 сьнежня 2022

Выведка Вялікай Брытаніі мяркуе, цяпер беларускія і расейскія войскі ня здольны правесьці новы штурм на поўначы Ўкраіны.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што Беларусь ужо адыграла ключавую ролю ў спрыяньні расейскаму ўварваньню ва Ўкраіну 24 лютага, а расейскі і беларускія УС пакуль ня здольныя правесьці новы пасьпяховы наступ.
Такім чынам у выведцы пракамэнтавалі раптоўную праверку ў Беларусі баявой гатоўнасьці сваіх узброеных сіл.

«Паведамляецца, што вучэньні праходзяць на паўночным захадзе краіны, удалечыні ад украінскай мяжы. Акрамя таго, нядаўна Расея перакінула ў Беларусь дадатковыя падразьдзелы мабілізаваных рэзэрвістаў. Беларусь адыграла ключавую ролю ў спрыяньні расейскаму ўварваньню з 24 лютага і ў наступе на Кіеў. Аднак беларускія войскі і расейскія падразьдзелы, якія праводзяць вучэньні, наўрад ці зьяўляюцца сіламі, здольныя правесьці пасьпяховы новы штурм на поўначы Ўкраіны», — паведаміла выведка Вялікай Брытаніі.

Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 13 сьнежня аб раптоўнай праверцы баявой гатоўнасьці войскаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На другі дзень праверкі гатоўнасьці беларускія танкі паехалі на захад. ВІДЭА


У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што адсочваюць усе супольныя беларуска-расейскія вучэньні, стварэньне агульнай групоўкі войскаў «саюзнай дзяржавы», іхнае перамяшчэньне ўздоўж мяжы з Украінай, а таксама ўзровень пагрозы для Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адрэагавалі на раптоўную праверку баявой гатоўнасьці ў Беларусі

«Варта не панікаваць. Для нас гэта нічога не мяняе. Мы мусім проста рабіць усё неабходнае, каб нашыя лінія мяжы і памежжа былі гатовыя адбіць любую агрэсію ці атаку любых падразьдзелаў, які паспрабуюць зайсьці да нас з вайной», — падкрэсьліў заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 13 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ISW: раптоўная праверка баяздольнасьці ў Беларусі не зьяўляецца прыкметай падрыхтоўкі нападу на Ўкраіну

Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны прыйшоў да высновы, што раптоўная праверка баявой здольнасьці ў Беларусі не зьяўляецца прыкметай падрыхтоўкі нападу на Ўкраіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брыгада, якой камандаваў Сахашчык, першай прыступіла да «раптоўнай праверкі» баявой гатоўнасьці