Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны перакананыя ў малаімавернасьці нападу беларускага войска на Ўкраіну, нягледзячы на пачатак 13 сьнежня раптоўнай праверкі баявой здольнасьці.
«Разгортваньні [падразьдзелаў], імаверна, зьяўляюцца часткай расейскіх інфармацыйных апэрацый, у якіх адзначаецца аб магчымасьці далучэньня да расейскага ўварваньня ва Ўкраіну беларускіх сухапутных войскаў», — адзначаецца ў справаздачы.
Экспэрты зьвярнулі ўвагу на тое, што ў праверцы ўдзельнічаюць беларускія падразьдзелы, якія выконваюць інжынэрныя задачы і адпрацоўваюць фарсіраваньне рэк Нёман і Бярэзіна, якія знаходзяцца адпаведна за 170 і 70 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы.
Міністэрства абароны Беларусі паведаміла 13 сьнежня аб раптоўнай праверцы баявой гатоўнасьці войскаў.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны заявілі, што адсочваюць усе супольныя беларуска-расейскія вучэньні, стварэньне агульнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы, іхнае перамяшчэньне ўздоўж мяжы з Украінай, а таксама ўзровень пагрозы для Ўкраіны.
«Варта не панікаваць. Для нас гэта нічога не мяняе. Мы мусім проста рабіць усё неабходнае, каб нашыя лінія мяжы і памежжа былі гатовыя адбіць любую агрэсію ці атаку любых падразьдзелаў, які паспрабуюць зайсьці да нас з вайной», — падкрэсьліў заявіў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка 13 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве.