У Нямеччыне плянуюць ускладніць доступ да зброі пасьля арыштаў у справе падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту

Бэрлін

Пасьля затрыманьня ультраправых экстрэмістаў, якія плянавалі пераварот у дзяржаве, урад у Бэрліне хоча ўскладніць доступ да зброі і хутчэй выдаліць радыкалаў зь дзяржаўнай службы. Дапамагаць у прафіляктыцы запрашаюць грамадзкія арганізацыі.

У Нямеччыне працягваецца расьсьледаваньне справы «Рэйхсбюргераў», якія, згодна з вэрсіяй пракуратуры, плянавалі ўзброены пераварот у дзяржаве. Міністар унутраных спраў Нэнсі Фэзэр (партыя СДПГ, сацыял-дэмакраты) хоча ўзмацніць жорсткасьць права на нашэньне зброі і ўнесьці папраўкі ў дысцыплінарныя нормы на дзяржаўнай службе. Пра гэта яна заявіла 14 сьнежня ў Бундэстагу. Урад таксама мае намер вылучыць больш сродкаў на «барацьбу з антыдэмакратычнымі тэндэнцыямі», піша DW.

На мінулым тыдні падчас рэйду на «Грамадзян Рэйху» былі арыштаваныя 25 чалавек. 22 зь іх абвінавачваюцца ў прыналежнасьці да тэрарыстычнай арганізацыі, якая хацела зрынуць палітычную сыстэму ў Нямеччыне. Паліцыя правяла ператрусы ў больш як 160 аб’ектах. Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, змоўшчыкі хацелі стварыць 286 «рот абароны айчыны», якія праводзілі бы арышты і расстрэлы пасьля перавароту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нямеччыне затрымалі 25 чалавек, падазраваных у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту

Цяпер міністар Фэзэр хоча абмежаваць доступ да паўаўтаматычнай зброі. Паводле дадзеных сьледзтва, многія з арыштаваных мелі ліцэнзіі на агнястрэльную зброю, шмат адзінак знойдзены падчас ператрусаў.

Аднак ва ўрадзе няма згоды ў пытаньні ўзмацненьня жорсткасьці права на зброю. Міністар юстыцыі Марка Бушман (партыя FDP, «Свабодная дэмакратычная партыя») заявіў, што ў Нямеччыне ўжо «дзейнічае строгі закон аб зброі».

«Нават самыя строгія законы аб зброі не дапамагаюць, калі людзі атрымліваюць зброю незаконна», — прывёў Бушман яшчэ адзін аргумэнт.

Аднак пры гэтым Бушман падтрымаў іншы праекта Фэзэр, які хоча садзейнічаць адхіленьню экстрэмістаў ад дзяржаўнай службы на падставе адміністрацыйнага рашэньня, а не на падставе рашэньня адміністрацыйнага суду, як цяпер.

«Мы ня хочам, каб экстрэмісты маглі пагражаць нашай дэмакратыі знутры», — сказала Фэзэр.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт нацыянальнай бясьпекі і абароны Сэйму Літвы ўхваліў прапанову пазбавіць беларусаў і расейцаў права на валоданьне зброяй

Сярод арыштаваных на мінулым тыдні «Грамадзян Рэйху», паводле паведамленьняў СМІ, афіцэр паліцыі, які займаецца расьсьледаваньнем правага экстрэмізму і былы дэпутат бундэстагу ад ультраправай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» — партыі, якая згодна з ранейшымі журналісцкімі матэрыяламі, атрымлівае фінансаваньне ад зьвязаных з Расеяй асоб і арганізацый.

«Рэйхсбюргеры» не прызнаюць ФРГ і лічаць сябе грамадзянамі «германскага рэйху». Яны вырабляюць альтэрнатыўныя пасьведчаньні асобы і правы кіроўцы неіснуючай імпэрыі. Рух узьнік яшчэ ў 1980-я гады. У 2017 годзе ў Нямеччыне налічвалася больш за 16 тысяч прыхільнікаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пісталетаў Макарава да авіяцыйных ракет. Як крадуць у беларускім войску