Лукашэнка заклікаў «памахаць рукой інвэстарам», якія пакідаюць Беларусь. На ягоную думку, вялікай праблемы ў гэтым няма.
«Прадпрыемствы, якія былі заснаваныя замежным інвэстарам або прыватызаваныя, і замежныя інвэстары атрымалі гэтыя прадпрыемствы, а сёньня (гэта ў асноўным зь недружалюбных краін і іншых) сышлі – памахайце ім рукой, перахрысьціцеся, што яны пакінулі вам уласнасьць», – сказаў Лукашэнка.
Глядзім, хто з інвэстараў сышоў і што Беларусь ад гэтага страціла.
Хто ўжо сышоў ці скараціў штат
McDonald's
Сёлета ў лістападзе стала вядома, што брэнд рэстаранаў хуткага харчаваньня пакідае Беларусь. Сьпярша ішлі размовы, што цяпер рэстаранамі стане валодаць расейскі брэнд «Вкусно и точка», аднак гэтага не адбылося. Цяпер рэстараны працуюць наагул бяз шыльды.
12 сьнежня Лукашэнка заявіў, што гэта цяпер «наша прадпрыемства». Па інфармацыі «Нашай нівы», цяпер за аб’ектамі, якія належалі McDonaldʼs, прыглядвае набліжаны да Лукашэнкі алігарх Аляксандар Алексін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Месца McDonald’s павінны заняць беларусы. Ніхто іншы». 22 лістапада сетка працягне працу пад расейскім брэндамIkea
Сёлета ў чэрвені Ikea абвясьціла, што канчаткова пакідае Беларусь. Сваіх крамаў брэнд у Беларусі ня меў, але тут працавала больш за 2 дзясяткі кампаній, зьвязаных з Ikea. Беларусь зарабляла на супрацы з Ikea штогод каля 80 мільёнаў эўра (інфармацыя на 2019 год).
Аб нацыяналізацыі гэтых кампаній нічога не чуваць.
Аднак, паводле францускага расьсьледаваньня Disclose, некалькі былых пастаўшчыкоў Ikea былі зьвязаныя з прымусовай працай зьняволеных у Беларусі. У Ikea гэтыя зьвесткі абвяргаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая і француская газэты апублікавалі расьсьледаваньне аб супрацоўніцтве IKEA зь беларускімі калёніямі«Штадлер Мінск»
Сёлета ў траўні беларускі філіял швайцарскай кампаніі «Штадлер Мінск», якая робіць цягнікі і электрычкі, заявілі аб скарачэньнях штату.
«Вытворчая дзейнасьць «Штадлер Мінск» ажыцьцяўляецца ў абʼёме, у якім гэта дазваляюць рабіць уведзеныя санкцыі. Як ужо паведамлялася, Stadler прыняў комплексныя меры, уключаючы перадачу дзейных заказаў, вытворчасьць якіх на заводзе ў Фаніпалі становіцца немагчымай, на свае вытворчыя пляцоўкі ў Эўразьвязе і Швайцарыі, – паведамлялі тады ў прэс-службе прадпрыемства.
Аднак цалкам пакідаць Беларусь кампанія не зьбіралася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Штадлер Мінск» заявілі пра скарачэньне штату пасьля ўвядзеньня заходніх санкцый«Лідзкае піва»
У аднаго з самых вялікіх беларускіх бровараў таксама ўзьніклі праблемы. Фінскі інвэстар Olvi PLC у сакавіку вырашыў спыніць інвэстыцыі ў Беларусь у сувязі з вайной ва Ўкраіне. Аднак пасьля ў Беларусі зьмянілі заканадаўства, і цяпер некаторыя інвэстары ня могуць прадаць свае актывы ў Беларусі. У сувязі з гэтым інвэстары Olvi PLC не змаглі рэалізаваць свае пляны і заявілі, што цягам наступных 12 месяцаў застануцца ў Беларусі.
Гэта толькі частка беларускіх кампаній, бізнэс якіх так ці інакш сутыкнуўся ў Беларусі з праблемамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінскія ўладальнікі «Лідзкага піва» за паўгода не знайшлі пакупнікоў на завод. Празь зьмены ў законах Беларусі продаж стаў немагчымымА гэтых інвэстараў беларускія ўлады выгналі самі
Часта ў Беларусі здаралася, што бізнэс інвэстараў проста забіралі сабе ўлады. І гэта не было зьвязана ні з палітычным крызісам, ні з санкцыямі. Вось некалькі прыкладаў.
Miory Steel
Пра амбітны праект мэталапракатнага заводу на поўначы Беларусі, які будзе вырабляць белую бляху і дазволіць адысьці ад яе імпартаваньня, стала вядома ў 2012 годзе. У 2015 годзе пачалося актыўнае будаўніцтва.
Плянавалася, што завод будзе вырабляць 150 тысяч тон бляхі на год (Беларусі патрэбна 30 тысяч тон). Пад завод тады адвялі 40 гектараў зямлі непадалёк ад мёрскай чыгуначнай станцыі. У плянах кошт праекту першапачаткова складаў 200 мільёнаў эўра. Запусьціць яго зьбіраліся ў 2016 годзе. Да 2022 году гэта было прыватнае прадпрыемства, асноўны інвэстар — аўстрыйская кампанія ММРZ GmbH.
У 2020 годзе толькі скончыліся агульныя будаўнічыя работы. Тым часам праект падаражэў удвая — да 400 мільёнаў эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: $400 мільёнаў даўгоў, завод будавалі інвэстары з Аўстрыі: што вядома пра Miory Steel, які нацыяналізаваў ЛукашэнкаУ чэрвені 2021 году на завод меўся прыехаць Лукашэнка, але замест гэтага прыехалі сілавікі і затрымалі ўсё кіраўніцтва заводу і некаторых супрацоўнікаў.
За кратамі апынуліся кіраўнік рады дырэктараў Аляксей Кавалёнак, гендырэктар заводу Пётра Шуміковіч, намесьнік у фінансах Дзьмітры Слаўнікаў.
8 жніўня 2022 году на завод прыехаў Аляксандар Лукашэнка і заявіў пра яго нацыяналізацыю, даўгі заводу забрала на сябе дзяржава.
Таксама ён абвінаваціў уласьнікаў заводу ў тым, што яны прысвоілі грошы. Маўляў, прадпрыемства не магло каштаваць 400 мільёнаў эўра, хоць раней у КДК гэтыя лічбы пытаньняў не выклікалі.
«Керамін»
Прадпрыемства «Керамін» зьвязваюць зь бізнэсоўцам Анатолем Цюцюнавым. Завод пачаў разьвівацца яшчэ ў 1994 годзе, пасьля льготнай прыватызацыі. Большасьць акцый тады атрымалі дырэктарат і работнікі заводу.
Пад кіраўніцтвам Анатоля Цюцюнава «Керамін» стаў буйным вытворцам кафлі ў СНД, прайшоў мадэрнізацыю, прыцягнуў інвэстыцыі і новыя тэхналёгіі.
Праблемы пачаліся ў 2011 годзе, калі дзяржава рэзка вырашыла павялічыць сваю долю акцый у прадпрыемстве – з 3% да 57%. Анатоль Цюцюнаў у 2011 годзе пакінуў пост кіраўніка прадпрыемства, гэтую падзею ён ня надта камэнтаваў. А перад ягонай адстаўкай на прадпрыемства прыйшло адразу некалькі праверак, якія выявілі «шэраг парушэньняў». Ужо ў сярэдзіне 2014 году Лукашэнка загадаў «узяць "Керамін" пад кантроль дзяржавы і павялічыць долю акцый да 80%».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адбываецца з «Керамінам», дзе хочуць часова спыніць вытворчасьць цэглы«Спартак» і «Камунарка»
Бізнэсовец Марат Новікаў прыйшоў на «Спартак» у 1993 годзе, з 1994 году дзяржава прапанавала купляць акцыі прадпрыемства. Пазьней Марат Новікаў стаў акцыянэрам «Камунаркі». Да 2012 году «Камунарка» атрымала шэраг узнагародаў і была прызнаная ў Беларусі кандытарскай фабрыкай нумар адзін. 34% акцый на «Камунарцы» і 54% на «Спартаку» да 2012 году меў амэрыканскі інвэстар Марат Новікаў.
У 2012 годзе Лукашэнка абвінаваціў інвэстараў у незаконнай прыватызацыі фабрыкі, назваў Марата Новікава «жулікам» і загадаў узяць фабрыкі пад дзяржаўны кантроль. Улады разагналі назіральную раду і прызначылі сваіх кіраўнікоў. Фабрыкі нацыяналізавалі, а інвэстар Марат Новікаў вымушаны быў зьехаць у Нью-Ёрк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад калгаса да кандытарскай фабрыкі. Як адбіралі бізнэс у інвэстараўІ нават калгас
У 2009 годзе расейскі інвэстар Міхаіл Канін вырашыў укласьціся ў беларускую сельскую гаспадарку. Ён выкупіў аграфірму «Петкавічы» на мяжы раёнаў каля Берасьцейскай трасы. 2,5 тысячы гектараў зямлі, выраб малака – гэта здавалася някепскім укладаньнем грошай. З 2010 году пачаліся праблемы зь мясцовымі ўладамі, тыя патрабавалі пагасіць даўгі, якія гаспадарка мела яшчэ да прыходу інвэстара.
Частку даўгоў пагасілі, але некаторыя не маглі аддаць, бо тых фірмаў, каму фірма завінавацілася, ужо не існавала. Пасьля ўлады дачапіліся да паказчыкаў: захавалі ня ўсе працоўныя месцы, не растуць надоі, ня выканалі паказчыка прыросту валавой прадукцыі (было толькі 107%, а трэба 115%). У выніку па рашэньні суду калгас у інвэстараў забралі ў 2012 годзе.