Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Месца McDonald’s павінны заняць беларусы. Ніхто іншы». 22 лістапада сетка працягне працу пад расейскім брэндам


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі ўшанаваньня аграрыяў запатрабаваў, каб на месцы рэстаранаў хуткага абслугоўваньня McDonaldʼs працавалі беларускія спэцыялісты, бо ня варта «кідацца на заморскае».

«Я заўсёды заклікаю вас: ежце, спажывайце сваё, ня кідайцеся на заморскае. Гэта сёньня актуальна гучыць у пляне таго, што некаторыя, асабліва сярод моладзі (дый, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага), сталі ахаць і вохкаць: „Ах, McDonald’s сыходзіць“. Я думаю: „Дзякуй табе, божа, што хоць сыходзіць!“ Але толькі месца McDonald’s, дзе працуюць нашы людзі, нашы спэцыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінны заняць беларусы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка асобна зьвярнуў увагу прэмʼер-міністра Рамана Галоўчанкі на тое, што замест глябальнай карпарацыі фаст-фуду павінны працаваць менавіта беларусы.

«Раман Аляксандравіч, беларусы! Запомніце, ніхто іншы, — зьвярнуў Лукашэнка увагу прэмʼер-міністра. — Мы самі павінны рабіць тое, што калісьці рабіў гэты McDonald’s, калі камусьці гэта трэба, і нават лепш. У нас што, булачку напалову ня могуць разрэзаць і ўпіхнуць у гэтыя дзьве паловы кавалачак мяса, бульбы і салату? Госпадзе, хто гэта спажывае, ня ведаю».

Нядаўна стала вядома, што сетка рэстаранаў хуткага абслугоўваньня McDonaldʼs пад кіраваньнем «КСБ Виктори Рестораны» з 22 лістапада працягне працу пад расейскім брэндам «Вкусно и точка» (гэтая сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня замяніла McDonaldʼs пасьля яго закрыцьця ў Расеі).

«Мы захаваем усе працоўныя месцы, працягнем прапаноўваць гасьцінны сэрвіс, разнастайнае мэню, любімы смак страваў і высокую якасьць прадукцыі за даступныя цэны, да якіх прывыклі нашы госьці», — гаварылася ў заяве кампаніі.

Падпісаньне дамовы аб франчайзінгу ў расейскай кампаніі назвалі «вельмі важным крокам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG