І раптам фраза: «Рашэньне Пуціна пачаць вайну можа быць куды больш трагічным, чым падпісаньне ягоным папярэднікам сумнавядомага Белавескага пагадненьня».
Такім чынам, дамова, якая паставіла кропку ў існаваньні СССР, нават часткай нібыта антыпуцінскай расейскай інтэлігенцыі ўспрымаецца ня толькі як «сумнавядомая», але і трагічная. Роўнае па адмоўных выніках рашэньню, якое ўжо цяпер мае наступствам дзясяткі тысяч ахвяраў як з украінскага, гэтак і з расейскага бакоў.
Гэта шмат гаворыць пра настроі сёньняшняга расейскага грамадзтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт Сэнату ЗША прызнаў дзеяньні Расеі ва Ўкраіне генацыдамАб’ектыўны працэс і суб’ектыўны фактар
Адметна і тое, што зьнікненьне Савецкага Саюзу атаясамліваецца выключна і толькі з рашэньнем некалькіх чалавек (звычайна называюць трох — Барыса Ельцына, Леаніда Краўчука і Станіслава Шушкевіча, хаця подпісы паставілі яшчэ і Генадзь Бурбуліс, Вячаслаў Кебіч і Вітольд Фокін).
І звычайна не гавораць, што да сустрэчы ў Віскулях ня толькі Беларусь, Расея і Ўкраіна, але і іншыя былыя савецкія рэспублікі, акрамя Казахстану, ужо былі дэ-юрэ незалежнымі дзяржавамі.
Імкненьне народаў да сувэрэннасьці і свабоды ігнаруецца, ня кажучы ўжо пра заканамернасьць працэсу распаду імпэрыі, і дэмантаж спарахнелай канструкцыі падаецца як выключная воля некалькіх чалавек.
Зручная для Крамля трактоўка, між іншым: усё нібыта вырашылі людзі ў Белавескай пушчы, а чалавеку, як вядома, уласьціва памыляцца.
Адсюль ня крок, а паўкрока да высновы, што, паколькі шасьцёра імпэрыю развалілі за адзін дзень, значыць, адзін (але моцны і ўдалы) здольны яе зноў склеіць — для пачатку, за тры дні ўзяўшы Кіеў.
Ну а для беларусаў, украінцаў, для іншых народаў дзень падпісаньня Белавескіх пагадненьняў — сьветлая дата. Ва ўсякім разе, павінна такой быць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыкаІ хаця падзея ў Віскулях была перадапошнім ударам звону на пахаваньні СССР (апошні быў праз два тыдні ў Алма-Аце, калі да пагадненьня далучыліся лідэры іншых рэспублік) і працэс распаду імпэрыі быў гістарычна перадвызначаным і цалкам заканамерным, ня будзем сьпісваць з рахунку і, як той казаў, суб’ектыўны фактар.
Зь нейкіх прычынаў лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны маглі ў той момант не сабрацца, ці, скажам, абмежавацца размовамі пра пастаўкі энэрганосьбітаў (такая была першапачатковая мэта сустрэчы). Альбо двух з трох тэкст дамовы мог не задаволіць. Ды што двух — хапіла б і нязгоды аднаго.
Скажам, за некалькі дзён да Віскулёў старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч наведаў (першы і апошні раз) паседжаньне дэпутацкай Апазыцыі БНФ і адназначна заявіў, што «езьдзіў, езьдзіць і будзе езьдзіць у Нова-Агарова», дзе прэзыдэнт СССР рэгулярна зьбіраў лідэраў рэспублік для стварэньня новага варыянту «саюзнай дамовы». Мяркуючы і па іншых выказваньнях таго часу і, галоўнае, па ягоных палітычных дзеяньнях, Шушкевіч сапраўды быў прыхільнікам канфэдэратыўнай формы дзяржаўнага ўладкаваньня як мінімум Беларусі і Расеі (на той жа сустрэчы з дэпутатамі ён тлумачыў гэта залежнасьцю ад расейскіх энэрганосьбітаў, найперш нафты).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю». Беларусь і сьвет пра Станіслава ШушкевічаБяз згоды Шушкевіча (а значыць, і Кебіча) Ельцын і Краўчук нічога, акрамя дамоваў пра пастаўку нафты, не падпісалі б.
Пагадненьне маглі перанесьці на пазьнейшы тэрмін, а ў той час усё вызначалі дні, калі не гадзіны. З новага, 1992-га, года запрацавалі «гайдараўскія» рэформы, эканоміка рублёвай зоны, куды ўваходзілі Ўкраіна і Беларусь, зьведала імгненныя тэктанічныя зьмены, і варыянты распаду ядзернай імпэрыі маглі б быць самымі рознымі. У тым ліку і такімі, перад якімі падзеі ў Югаславіі здаліся б дзіцячай гульнёй.
І ўсё ж, нягледзячы на сумневы перад сустрэчай, Шушкевіч свой подпіс паставіў, тым самым упісаўшы сваё імя ня толькі ў беларускую, але і ў сусьветную гісторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віскулі: апошні цьвік у труну СССР. ВідэаУдзячнасьць, адкладзеная на будучыню
Слушны выбар зрабілі і дэпутаты Вярхоўнага Савету, ратыфікаваўшы Белавескія пагадненьні (супраць прагаласаваў толькі экс-сакратар ЦК КПБ Валер Ціхіня (я гэта бачыў на ўласныя вочы, бо нашыя крэслы былі побач), а зусім не дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка).
Большасьці тых дэпутатаў, якія 10 сьнежня 1991 году галасавалі за ратыфікацыю, а да гэтага, 25 жніўня, — за абвяшчэньне Незалежнасьці, ужо няма сярод жывых. Адметна, што іх удзел у працэсе набыцьця краінай Незалежнасьці сучаснай уладай замоўчваецца (іншага, зрэшты, і чакаць не выпадае пры такім стаўленьні Лукашэнкі).
Ні слова не было сказана пра гэта ў нэкралёгу памяці колішняга старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімера Кулакова, які нядаўна пайшоў з жыцьця. Між тым на надзвычайнай сэсіі Вярхоўнага Савету ўвечары 25 жніўня 1991 году менавіта Кулакоў першым з кіраўнікоў вобласьцяў падтрымаў прапанову Пазьняка прагаласаваць за Незалежнасьць, гэта было вызначальным для паўсотні віцебскіх «намэнклятурных» дэпутатаў і, думаю, паўплывала і на Кебіча, які выступіў за ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вячаслаў Кебіч: жыцьцё і сьмерць «белавескага зубра»Зрэшты, было б дарэмным чакаць ад цяперашняй улады згадкі пра падобныя заслугі, гэта ўжо будзе прэрагатывай будучыні.
У мяне няма ніякага сумневу, што, якімі б ні былі палітычныя біяграфіі тых, хто галасаваў за Незалежнасьць 25 жніўня і ратыфікацыю Белавескіх пагадненьняў 10 сьнежня 1991-га, гэта пераважыць усё іншае і выведзе іх на сьветлы бок Гісторыі.
Былога дырэктара саўгасу «Гарадзец» на гэтым баку ня будзе. Але ня толькі з прычыны галасаваньняў у часы дэпутацтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бурбуліс: Лукашэнка ня сам па сабе існуе ў новай гісторыі БеларусіБез Апакаліпсісу
Стаўленьне вышэйшай улады да падзеяў 1991-га, у прыватнасьці тых жа Віскулёў, куды як красамоўна выявілася ў дні разьвітаньня са Станіславам Шушкевічам — ні слова спачуваньня сям’і, адмова пахаваць першага кіраўніка незалежнай Беларусі там, дзе ён мусіў быў знайсьці вечны спачын — побач з Васілём Быкавым ды іншымі выбітнымі асобамі Беларусі.
Сёлета адзін за другім адышлі трое з шасьці падпісантаў Белавескіх пагадненьняў — пасьля Шушкевіча памерлі Леанід Краўчук і Генадзь Бурбуліс. У 2007-м памёр Барыс Ельцын, у 2020-м — Вячаслаў Кебіч. У жывых застаўся толькі 90-гадовы экс-прэм’ер Украіны Вітольд Фокін.
Пайшоў у лепшы сьвет і «палітычная ахвяра» Віскулёў, былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве праходзіць цырымонія разьвітаньня зь Міхаілам Гарбачовым, Пуціна на ёй няма. ФотаУ тым далёкім ужо 1991-м вышэйназваныя палітыкі мелі розныя мэты (нават у Шушкевіча і Кебіча яны не супадалі, ня кажучы ўжо пра Ельцына і Гарбачова). Але аб’ядноўвала іх тое, што, маючы ўладу, а таксама ядзерную зброю, мэты свае яны рэалізоўвалі без пагрозаў увагнаць сьвет у атамны Апакаліпсіс.
І калі праўда тое, што ў 91-м было толькі прадвесьце распаду імпэрыі, а распадаецца яна толькі цяпер, з пагрозамі Эўропе наступствамі, «якія вашы краіны ніколі ня бачылі ў сваёй гісторыі» (Пуцін), — тады тым больш у нас прычынаў цаніць подпісы, пастаўленыя сьнежным днём у Белавескай пушчы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.