Камітэт міжнародных адносінаў Сэнату ЗША прыняў рэзалюцыю, у якой дзеяньні Расеі ва Ўкраіне прызнаюцца генацыдам украінскага народу. Пра гэта паведамляецца на сайце камітэту.
Аўтарамі дакумэнту ў ліку іншых сталі дэмакраты Бэн Кардын (ён узначальвае амэрыканскую Хэльсынскую камісію) і Рычард Блюмэнталь, а таксама сенатары-рэспубліканцы Джым Рыш і Ліндсі Грэм.
Рэзалюцыя асуджае Расею «за зьдзяйсьненьне актаў генацыду супраць народу Ўкраіны», заклікае ЗША і саюзьнікаў працягваць падтрымліваць урад Украіны, а таксама прапануе прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну ўвесьці санкцыі ў рамках «акту Магніцкага» супраць людзей, якія маюць дачыненьне да генацыду.
«Сваімі дзеяньнямі Пуцін вельмі ясна прадэманстраваў, што ягоная мэта — спыніць існаваньне ўкраінскага народу. Я асабіста бачыў сьведчаньні яго жорсткасьці ў Ірпені і [іншых раёнах] Кіеўскай вобласьці», — заявіў Рыш.