Фінансаваньне войска павялічаць на 40%, МУС — на 21%. Што заплянавалі ў бюджэце на 2023 год

А падаткаў плянуюць сабраць на 300 мільёнаў менш, чым было сёлета. На што ўлады Беларусі хочуць патраціць бюджэт?

На нацыянальным праўным партале Беларусі апублікавалі праект бюджэту на наступны год. Дэфіцыт у ім перавышае 3,1 мільярда рублёў (сёлетні дэфіцыт закладалі на 2,9 мільярда). Гэта перавышэньне выдаткаў над даходамі. Выдаткі бюджэту заплянаваныя ў памеры 36,5 мільярда рублёў.

Колькі патрацяць на сілавікоў

У бюджэце налета традыцыйна вырастуць выдаткі на сілавікоў, так адбываецца амаль штогод. На ўзброеныя сілы згодна з праектам бюджэту патрацяць 2,6 мільярда рублёў. У сёлетнім бюджэце было на 1 мільярд менш. Гэта +40%.

На МУС плянуюць патраціць 1,4 мільярда (у сёлетнім бюджэце было 1,1 мільярда). Рост +21%. На пракуратуру плянуюць выдаткаваць 144 мільёны, што на 34 мільёны больш, чым сёлета.

КДБ зьбіраюцца прафінансаваць на 334 мільёны рублёў — на 93 мільёны больш, чым сёлета. На суды пойдзе 213 мільёнаў, летась было 178,5 мільёна, ці на 34,5 мільёна менш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэмʼер Галоўчанка прызнаў спад ВУП на 4,7%, але паабяцаў падняць мінімальны заробак

Колькі пойдзе на сацыяльную сфэру

Вырастуць траты і на сацыяльную сфэру. На транспарт плянуюць выдаткаваць 228 мільёнаў рублёў, ці на 48 мільёнаў больш, чым сёлета.

На ахову здароўя — 2,1 мільярда рублёў, летась было менш на 14%.

На ахову навакольнага асяродзьдзя плянуюць выдаткаваць 138 мільёнаў рублёў, сёлета было на 15% менш.

На фізычную культуру і спорт у праекце бюджэту закладзена 273,8 мільёна рублёў, ці на 14% больш, чым сёлета.

На СМІ (відавочна, дзяржаўныя) хочуць патраціць 162,4 мільёна рублёў, ці на 6,9% больш, чым у бюджэце на гэты год.

На адукацыю хочуць накіраваць 1,6 мільярда рублёў, што на 12,5% больш, чым было сёлета.

На культуру плянуюць накіраваць 182 мільёны рублёў (сёлета было 156 мільёнаў, ці на 14% менш).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Менскі рэжым зарабляе на вайне», — эканаміст Раманчук

Прыбыткі

Найбольшай часткай прыбыткаў у бюджэце, як і раней, застаюцца падаткі. Іх хочуць сабраць 22,3 мільярда рублёў. У бюджэце на 2022 год іх было закладзена болей — 22,6 мільярда.

Таксама ўлады плянуюць сабраць штрафаў і спагнаньняў на 191,7 мільёна рублёў. У сёлетнім бюджэце штрафаў плянавалі сабраць менш амаль на траціну — 134,7 мільёна рублёў.

Радок «вонкавае фінансаваньне» ў бюджэце налета мае адмоўнае значэньне — мінус 2,9 мільярда рублёў. А ў сёлетнім бюджэце было плюс 3,5 мільярда. Гэта значыць, што аддаваць крэдытаў заплянавана болей, чым атрымліваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ІТ у Беларусі ня гіне, але павольна скарачаецца». Расказваем, што адбываецца ў галіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі заклаў у бюджэт 2023 рэкордную суму штрафаў — амаль на 43% больш, чым сёлета