Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі заклаў у бюджэт 2023 рэкордную суму штрафаў — амаль на 43% больш, чым сёлета


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У 2023 годзе ўлады разьлічваюць сабраць у бюджэт больш грошай ад штрафаў.

Гэта вынікае з праекту закону аб рэспубліканскім бюджэце. У праекце закону аб на 2023 год закладзеныя даходы ад штрафаў у 189 млн рублёў. Гэта на 56,6 млн. больш, чым было прадугледжана на гэты год.

Гэта найбольшы памер чаканых даходаў ад штрафаў. Але гэта не азначае, што менавіта столькі зьбяруць. Напрыклад, у 2020 годзе ў бюджэт было закладзена паступленьне больш за 120 млн рублёў штрафаў, а фактычна сабралі менш за 95 млн, як вынікае з справаздачы КДК аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту.

А вось у 2019 годзе атрымалі пад гэтым артыкулам даходаў больш за 129 млн рублёў.

Найменшыя паступленьні ў бюджэт ад штрафаў былі ў 2021 годзе — 88,98 млн.

Выдаткі рэспубліканскага бюджэту на 2023 год заплянаваныя на ўзроўні амаль 36 млрд 536,2 млн рублёў, а даходы — на 3 млрд 173,8 млн рублёў менш. Гэта значыць, на такім узроўні прагназуецца дэфіцыт бюджэту.

Законапраект аб рэспубліканскім бюджэце на 2023 год у першым чытаньні дэпутаты разгледзяць 7 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG